Працаваць буйнагабарытнай тэхніцы ў Курапатах нельга.
Раніцай 15-га кастрычніка на тэрыторыі Курапатаў, мемарыяла ахвяраў масавых рэпрэсій часоў сталінізму, пачаліся будаўнічыя працы.
Некалькі актывістаў, на чале з сустаршынём Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўлам Севярынцам, высвятлялі сітуацыю і нават спрабавалі прыпыніць працы, паведамляе racyja.com.
– З раніцы ў Курапатах прадстаўнікі Бараўлянскага спецлясгасу пачалі працы папярэдзіўшы пра гэта грамадскасць. Правядзенне дарогі-брукаванкі і будаванне траншэяў і ўсталёўкі памятнага знака, які без удзелу грамадскасці быў нібыта прыняты на конкурсе Мінкультуры. Прыехалі сюды абаронцы Курапатаў, мы спынілі тэхніку. Тут працаваць буйнагабарытнай тэхніцы нельга, тут усе працы трэба праводзіць уручную, пад наглядам археолагаў. Ужо недзе да другой гадзіны мы дамовіліся з прадстаўнікамі спецлясгасу, што будзем рабіць гэтыя працы разам. Мы гатовыя ўручную рыдлёўкамі рыць гэтую траншэю, даглядаць за тым, як будзе класціся брукаванка.
Адказны сакратар управы Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, кіраўнік грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыяла “Курапаты” Алесь Чахольскі:
– Сёння на пачатку гэтых усіх прац тут узнік канфлікт па рабоце тэхнікі і г.д. Праблема заўсёды ў нас у тым, што няма галоснасці. Няма галоснасці і калі б, скажам так, мы ведалі, што ёсць праект, што ён зроблены. Дарэчы, калі б тут 3-га чэрвеня быў мітынг у Курапатах, прысвечаны 30-годдзю адкрыцця, на ім было б аб’яўлена пра стварэнне “Брукаванкі памяці”. Тое, што тут адбываецца, гэта як раз ёсць працяг працы па “Брукаванцы памяці”. Я гэта не агучваў, але я вёў пэўныя перамовы, каб гэтую брукаванку зрабіць урэшце рэшт, праз гэта балота, праз якое мы ўвесь час заходзім. На гэта збіраюцца ахвяраванні. Я думаю мы таксама чынны ўдзел у гэтым прымем. Толькі зараз разбярэмся, як гэта рабіць. “Брукаванка памяці” будзе з натуральнага камня. Яна будзе ад пачатку, ад перахода, і да канца мемарыяла, дзе “Поедем поедим”. Адбываюцца працы пад наглядам археолагаў “Інстытута гісторыі Беларусі”. Праект, аказваецца, створаны “Менскпраектам”. Як сказалі з лясніцтва, яны замоўнікі гэтага праекта і з Менкультам узгоднены. Тут было адно пытанне, там ідзе абвадны роў, які будзе прымаць ваду, фільтраваць і г.д. Прынята рашэнне, што мы самі выкапаем гэты роў, каб не працаваў трактар.
- Вы пісалі звароты ў Міністэрства культуры.
– Я вёў пэўныя перамовы, але мы не маглі выступіць замоўшчыкамі праекта. Я размаўляў з лясніцтвам, каб упарадкаваць гэта. Вось яны і выступілі заказчыкам гэтай “Брукаванкі памяці”. То бок яны таксама ў гэтым зацікаўлены, каб тут не было гэтага балота, каб можна было годна зайсці сюды. Разумееце, не ўсё агучваецца, але справа робіцца. Толькі я яшчэ раз падкрэсліваю, калі б раней нам паведамілі, што ўжо праекты падрыхтаваны, усё зроблена, то мы б далучыліся. Гэта ўсё ж такі народны мемарыял, народная брукаванка.
Павел Севярынец і Алесь Чахольскі ўдакладнілі, што ужо з 10 гадзінаў раніцы 16-га кастрычніка ў Курапатах пачнуцца грамадскія працы па ўпарадкаванню і будаўніцтву брукаванкі. Як яны падкрэслілі, запрашаюцца ўсе, хто жадае, а калі можна, то і з інструментам, з рыдлёўкамі.