Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Віцэ-прэм’ер Польшчы: Трэба падрымліваць усё, што рэальна дапамагае беларусам ісці ў бок дэмакратычнай дзяржавы

16.10.2018 политика
Віцэ-прэм’ер Польшчы: Трэба падрымліваць усё, што рэальна дапамагае беларусам ісці ў бок дэмакратычнай дзяржавы

Польскі ўрад можа падтрымаць ініцыятыву вяртання беларускай філалогіі ў Беластоку.

Беластоцкі ўніверсітэт можа стаць пятым сярод найвялікшых універсітэтаў у Польшчы. Так лічыць віцэ-прэм’ер, міністр навукі і вышэйшага школьніцтва Польшчы Яраслаў Говін.

Карэспандэнт «Радыё Рацыя» Радэк Дамброўскі паразмаўляў з віцэ-прэм’ерам, сярод іншага, пра беларускую філалогію ў Беластоку, якая была закрыта, а таксама самаўрадавыя выбары ды інш.

– Калі б мы загадзя вырашылі, што аб’яднанне нічога не дае, то трэба было б зноў аддзяліць Collegium Medicum ад Ягелонскага ўіверсітэта, ці падзяліць Заходне-Паморскі тэхналагічны ўніверсітэт на земляробчую вучэльню і вучэльню тэхнічную. Аб’яднанне навучальных устаноў можа даць беластоцкаму асяроддзю вельмі шмат пазітыву пад адной умовай, калі асяроддзе захоча гэтага аб’яднання. Не было б сэнсу гэтым займацца, калі б не было волі не толькі з боку ўладаў навучальных установаў, а што таксама важна, з боку навуковых асяродкаў.

Я так разумею, што такія сігналы з боку палітэхнікі і ўніверсітэта ёсць?

– Ёсць зацікаўленне, а таксама дыскусія ўладаў з сенатамі і супрацоўнікамі. Калі б гэтыя навучальныя ўстановы аб’ядналіся, то паўстаў бы пяты па велічыні ўніверсітэт у Польшчы. Такі ўніверсітэт адразу атрымаў бы новыя перспектывы міжнароднай супрацы. Беласток стаў бы горадам у якім навучальныя ўстановы і навуковыя асяродкі маглі б стаць махавіком далейшага развіцця не толькі горада, але і ўсяго рэгіёна.

- Калісьці была ідэя стварыць Інстытут беларускай філалогіі ў Беластоку. Беларуская філалогія перастала існаваць ва ўніверсітэце. Ці само месцазнаходжанне не павінна спрыяць прыняццю такіх рашэнняў, каб утрымліваць накія факультэты?

– Паводле закона вышэйшыя навучальныя ўстановы маюць аўтаномію і самі вырашаюць, якія факультэты ствараць, а якія закрываць. Той аргумент, што мы знаходзімся блізка ад мяжы з нашымі суседзямі-беларусамі, вельмі сур’ёзны. Дзякуй за тое, што нагадалі. Пры нагодзе паразмаўляю з рэктарам універсітэта ў Беластоку і запытаю, якімі былі аргументы на карысць ліквідацыі гэтага факультэта, а таксма што можа зрабіць міністэрства, каб такі інстытут ці факультэт рэактываваць. Міністэрства не можа змусіць навучальную ўстанову, але мы можам падтрымаць ініцыятыву вяртання беларускай філалогіі.

- Як вы глядзіце на прапанову стварэння ў Беластоку Усходнеславянскага інстытута, які б рыхтаваў кадры для фірм інвестараў, якія хацелі б пачаць дзейнасць у Беларусі?

– Трэба падрымліваць усё, што рэальна дапамагло б нашым беларускім суседзям пачаць ісці ў бок дэмакратычнай дзяржавы і вольнага рынку. Ініцыятыва служыць гэтаму, яе варта было б падтрымаць. Аднак трэба памятаць, што ўсе ініцыятывы, якія адрасаваны Беларусі, павінны лічыцца з тым, што сэнс іх дзейнасці можа быць перайначаны з боку беларускага ўраду.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]