Адкрывальнік Курапатаў - пра «двуххадоўку ўладаў».
Адкрывальнік Курапатаў, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ у камэнтары «Свабодзе» выказаў сваё стаўленьне да памятнага знаку, які ўлады плянуюць усталяваць у Курапатах, месцы масавых расстрэлаў карнікамі НКВД.
— Зянон Станіслававіч, ведаю, што вы пільна адсочваеце сытуацыю ў Курапатах, глядзіце стрымы Свабоды. Апошнія дні ва ўрочышчы пачаліся будаўнічыя працы, і вядзецца падрыхтоўка для ўстаноўкі афіцыйнага мэмарыяльнага знаку, праект якога перамог у конкурсе Міністэрства культуры. Якая ваша ацэнка?
— Усе гэтыя мастакі — ахвяры той палітыкі, якая робіцца бязь іх. Мастакі стараліся, нешта хацелі прыстасаваць, але ўся справа ў тым, што там гэта не патрэбна. Асноўны віноўнік — той рэжым, якога не відаць. Усё звалена на Міністэрства культуры. Але ізноў жа адчуваецца, што гэта ня столькі іх рашэньне, колькі яны выконваюць рашэньне зьверху.
Тыя людзі, якія 24 гады стараліся зьнішчыць Курапаты, якія рабілі ўсё магчымае, каб іх прывесьці ў такі стан, каб пра іх ніхто ня ведаў... І крыжы зьнішчалі, што толькі не рабілася... Дык вось у асяродзьдзі гэтага рэжыму зьявілася новая канцэпцыя — пабудаваць там свой помнік.
Маўляў, яны самі зробяць мэмарыялізацыю. Але яны не настолькі разумныя, каб мы не раскусілі іх плянаў. А пляны наступныя — залезьці ў Курапаты са сваімі канструкцыямі, адпаведна падпарадкаваць гэтыя канструкцыі адпаведным ведамствам і потым ціхенька ўсё гэта зьнішчыць. Зьнішчыць чыста візуальна з мастацкага пункту гледжаньня, а потым і фізычна.
Што на самой справе адбываецца. Народны мэмарыял Курапаты пачаўся фактычна з 1989 году, калі паставілі Крыж Пакуты. На працягу ўсіх гэтых гадоў людзі ставілі крыжы, гэта курыравалі КХП БНФ, Хрысьціянская злучнасьць «Курапаты». На сёньняшні дзень мы маем унікальны мэмарыял Курапаты.
Ён вечнага значэньня, таму што будзе падтрымлівацца ўсімі пакаленьнямі. Кожны чалавек у памяць загінулых можа прынесьці і паставіць там крыж. Там ёсьць крыжы ад гарадоў, ад розных мясьцінаў. Такія мэмарыялы ў беларускай традыцыі. Яны ёсьць у Грабарцы. У Ашмянах такі самы помнік узьнікае (кожны год людзі нясуць крыжы на гару, дзе раней быў касьцёл). Гэта вельмі глыбокая традыцыя.
Гэты помнік — вечны, ён падтрымліваецца пакаленьнямі. Гэта ня тое, што пастаўлены адзін помнік і ўсе ходзяць на яго глядзяць, і ён нязьменны. Гэта сіла, яна ўплывае. Людзі, якія знаходзяцца ў Народным мэмарыяле, адчуваюць атмасфэру сакральнасьці гэтага помніку. Калі ў гэтым помніку зьяўляецца нейкая чужародная канструкцыя на Галгофе, то гэты сакральны дух зьнікае. І эстэтычна таксама. Гэта цудоўна разумеюць людзі, якія хочуць гэта зрабіць.
Калі робіцца нейкі мэмарыяльны знак, то ён павінен быць пастаўлены на балянс нейкай арганізацыі, і тая арганізацыя атрымае адпаведнае фінансаваньне, ёй выдзяляецца пэўная тэрыторыя і яна за гэта адказвае. Мы маем зьвесткі, што калі гэты знак паставяць, то аддадуць гэта на балянс музэяў Хатыні альбо якой-небудзь іншай канторы, могуць і КДБ аддаць. І тады ўся гэтая тэрыторыя будзе падведамасная. Ведамства можа там рабіць, што хочаш. Яна будзе абароненая адпаведнымі інструкцыямі і законамі.
Вось такая двуххадоўка. Аўтары памятнага знаку згодныя на кампраміснае рашэньне — паставіць яго на ўваходзе.
Хто гэтаму пярэчыць? Міністэрства культуры. Пярэчыць сама ўлада. І гэтым самым выяўляецца той плян, што неабходна залезьці на Галгофу, неабходна зрабіць помнік раздору, таму што грамадзкасьць гэта не ўспрымае... І ажыцьцявіць да канца, пасьлядоўна зьнішчэньне Народнага мэмарыялу. Вось што рэальна адбываецца на Курапатах. Людзі гэта разумеюць — і абаронцы Курапатаў, і дырэкцыя Народнага мэмарыялу, і таму яны супраць таго, што задумалі ўлады. Гэтага ня можа быць. Нельга лезьці ў Народны мэмарыял. Ён ужо існуе як ансамбаль, ён ужо закончаны, ён ёсьць.
Мы прапанавалі другое рашэньне — з правага боку на полі, дзе была ахоўная зона, зрабіць пляцоўку памяці, пляцоўку для маленьня, сьцяну памяці. Там можа быць музэй генацыду і там можа стаяць гэты помнік, гэты знак. Гэта абсалютна лягічна, і гэта было б хораша і прыстойна, каб захаваць народны помнік, які існуе на працягу трох дзясяткаў гадоў.