Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Партызанская школа»: як Коласаўскі ліцэй пражыў 15 гадоў у падпольлі

17.10.2018 общество
«Партызанская школа»: як Коласаўскі ліцэй пражыў 15 гадоў у падпольлі

Тут усё ня так, як у звычайнай школе.

Пачатак і заканчэньне ўрокаў «адбіваюць» дзедаўскім спосабам — ручным званочкам. Настаўнікі раніцай чысьцяць і вараць бульбу, каб у абед сесьці за агульны стол. Падчас заняткаў у клясу можа зайсьці кот і ляніва расьцягнуцца пад партай. Гэта Беларускі гуманітарны ліцэй, які апошнія паўтара дзясятка гадоў вымушана працуе ў падпольлі, паведамляе «Радыё Свабода».

Як усё пачыналася

 

Двойчы на год — 1 верасьня і 15 студзеня, на дзень заснаваньня ліцэю, — выкладчыкі і навучэнцы ладзяць лінейкі з выкананьнем ліцэйскага гімну каля суду Цэнтральнага раёну Менску, дзе колісь месьцілася іх навучальная ўстанова.

На пачатку 1992 году, калі дзялілі партыйную маёмасьць, калектыву афіцыйна перадалі будынак па вуліцы Кірава, 21, і ўжо на наступны дзень там пачаліся заняткі. Цяпер жа ў былых клясных пакоях судзяць — у тым ліку колішніх навучэнцаў, за палітычную і грамадзкую актыўнасьць.

Праблемы ў ліцэістаў паўсталі з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. У 1997-м будынак перадалі прэзыдэнцкай адміністрацыі, нават не паінфармаваўшы кіраўніцтва ліцэю. Усё лета віравалі акцыі пратэсту, у выніку бакі пагадзіліся: нерухомасьць пераходзіць да дзяржавы, але ліцэй у будынку застаецца. Праз год установу захацелі далучыць да ліцэю БДУ і, адпаведна, зноў будынак забраць. Новыя пратэсты прывялі да таго, што ўдалося праіснаваць яшчэ пяць гадоў.

 

Аднак у 2003-м зноў пачаліся мэтанакіраваныя атакі на ўстанову, якая выбівалася з агульнага кантэксту дзяржаўнага выкладаньня, і адразу пасьля выпускной вечарыны Савет міністраў выдаў распараджэньне аб ліквідацыі ліцэю. Да верасьня будынак яшчэ заставаўся ў ліцэйскім распараджэньні, аднак заняткі ў ім так і не пачаліся.

Вымушаны сыход у цень

Ад таго часу ліцэй функцыянуе ў фармаце «партызанскай школы» — калектыў адмовіўся капітуляваць, падпарадкавацца. Хоць, прызнаецца нязьменны дырэктар навучальнай установы Ўладзімер Колас, ня ўсе калегі адпачатку верылі, што ўдасца ўтрымацца на плыву хоць кароткі час.

«У 2003 годзе нас ня стала, бо ўжо было абсалютна зразумела — ліцэй ніяк ня ўпісваецца ў існуючую сыстэму, — кажа Ўладзімер Колас. — І мы вярнуліся туды, адкуль выйшлі — у стан нефармальнай грамадзянскай адукацыйнай ініцыятывы. А паколькі яна карыстаецца попытам, паколькі кожны год бацькі прыводзяць новых дзяцей, каб тыя навучаліся па праграмах ліцэю і на беларускай мове, мы гэтую справу працягваем».

Паводле спадара Коласа, у 2003 годзе Мінадукацыі было гатовае пакінуць установу, але пры адной умове — каб кіраўнік прызначаўся дзяржавай. І такія спробы былі — у беларускамоўны ліцэй выконваць абавязкі дырэктара паставілі спадарыню, якая не валодала беларускай мовай.

«Афіцыйна закрыцьцё матывавалі тым, што ліцэй як сярэдняя навучальная ўстанова ня можа быць нацыянальнага ўзроўню, — кажа Ўладзімер Колас. — Маўляў, патрэбная рэарганізацыя. Хоць зразумела, што проста хацелі разагнаць і вярнуць усё да савецкага ўзору. Яшчэ да пастановы прыслалі дырэктрысу, якая не гаварыла па-беларуску. Няўжо не зразумела, якая была мэта? Праўда, яе адправілі на моўныя курсы, і мне ў міністэрстве са сьмехам расказвалі, што іспыт яна здала на двойку».

Калі ліцэйскі калектыў адмовіўся працаваць з навязанай яму кіраўніцай, выйшла ўрадавая пастанова аб ліквідацыі ліцэю.

Талакой працаваць і забаўляцца

 

Апошнія 15 гадоў навучальная ўстанова працуе ў экстрэмальным рэжыме. Марш-кідкі да месца заняткаў замест фізкультуры, штудзіраваньне дапаможнікаў у аўтобусах, урокі на лавачцы ў чаканьні электрычкі, «ссабойка» на вялікім перапынку. Выкладчыкі ў такіх жа ўмовах.

Нягледзячы на ня самыя спрыяльныя рэаліі, вось ужо колькі гадоў пад ліцэйскім дахам працуюць лепшыя прадстаўнікі сваёй прафэсіі — тыя, хто ствараў ліцэй, і маладыя выкладчыкі-выпускнікі гэтай унікальнай навучальнай установы.

 

Бальшыня навучальных праграмаў распрацаваныя адмыслова для ліцэю. У свой час яны былі ўхваленыя Міністэрствам адукацыі, аднак потым дзяржава замяніла іх на «ідэалягічна правільныя».

Побытавая неўладкаванасьць яднае. Для дзяцей іх настаўнікі — не заадміністраваная «мариванна», а блізкія і надзейныя спадар Лявон ці спадарыня Алена. Пазакляснае жыцьцё — таксама адно на ўсіх, з традыцыйнымі сьвяткаваньнямі, канцэртамі, тэатральнымі пастаноўкамі.

Суботняя талака — разам, ніхто не прыбярэ кляс ці тэрыторыю, калі ня самі. Гэта сапраўдная сям’я — тое, чаго так не хапае дзяржаўным установам.

Каманда з 1000 ліцэістаў

За чвэрць стагодзьдзя праз Коласаўскі ліцэй прайшлі больш за 1000 падлеткаў. Цягам 1992–2003 гадоў, пры легальным статусе, зь яго сьценаў выходзіла штогод ад 50 да 80 выпускнікоў. Цяпер нашмат менш — у сярэднім чалавек 15.

Паводле Ўладзімера Коласа, самымі складанымі былі першыя гады пасьля ліквідацыі — падвешаны статус не спрыяў попыту. Але цяпер у ліцэі зноў конкурс. Адукацыя, пазбаўленая заідэалягізаванасьці і арыентаваная на вывучэньне гістарычнай спадчыны, з кожным годам здабывае ўсё больш прыхільнікаў.

Сацыяльны статус бацькоў, якія прыводзяць сюды сваіх дзяцей, самы розны. Гэта і вядомыя мастакі, акторы, журналісты, бізнэсоўцы, лекары, інжынэры, настаўнікі, простыя рабочыя людзі. Навучалася нямала дзяцей, чые бацькі працавалі ў дзяржаўных структурах, у тым ліку ў адміністрацыі прэзыдэнта. Многія ў свой час бралі актыўны ўдзел у змаганьні за ліцэй. І бацькі, і выкладчыкі, і дзеці спадзяюцца, што навучальная ўстанова раней ці пазьней зноў верне легальны статус.

«Безумоўна, мы працуем над тым, каб былі пэрспэктывы, каб нашы выпускнікі маглі і ў Беларусі паступаць, і пра замежныя стыпэндыі дбаем, — кажа Ўладзімер Колас. — Беларускія ліцэісты цяпер па ўсім сьвеце, яны маюць трывалы падмурак ведаў, і сама атмасфэра станоўча адбіваецца, бо ў дзяржаўных школах пануюць падвойныя стандарты. Таму я гляджу на нашых дзяцей са сьветлай зайздрасьцю».

Больш як за 25 гадоў працы Беларускага гуманітарнага ліцэю ягоныя выпускнікі адзначыліся на бальшыні кантынэнтаў. Дзякуючы перадусім шчыльнай супрацы зь міжнароднай сеткай Каледжаў аб’яднанага сьвету (United World Colleges) беларусы працягвалі навучаньне ў Армэніі, Босьніі і Герцагавіне, ЗША, Італіі, Канадзе, Коста-Рыцы, Нідэрляндах, Нарвэгіі, Індыі, Польшчы, Сынгапуры, Тайляндзе, Уэльсе і г.д.

Унівэрсытэцкая надбудова

Уладзімер Колас кажа, што дзяржаўны супраціў не астудзіў ягоных плянаў, і цяпер калектыў аднадумцаў працуе над рэалізацыяй яшчэ аднаго амбітнага праекту — Нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча. Больш як за 25 гадоў незалежнасьці ўлада так і не паклапацілася, каб у краіне была беларускамоўная вышэйшая навучальная ўстанова.

«Калісьці ў мяне была ідэя — пачаць „надбудоўваць“ над ліцэем унівэрсытэт, — кажа ён. — Маю прапанову не падтрымалі. Зрэшты, я за яе біцца ня стаў, хапала чым займацца. Калі ня спраўдзіліся чаканьні, што беларускім асяродкам стане ЭГУ, да тэмы зноў вярнуліся. Першы этап ужо пройдзены, унівэрсытэт афіцыйна зарэгістраваны, працуем над атрыманьнем ліцэнзіі. Такім чынам, у нашых выпускнікоў зьявіцца магчымасьць працягваць адукацыю бесьперапынна, у гэтай жа сыстэме. Не сумняюся, што попыт будзе — хапае людзей, якія разумеюць усю абсурднасьць цяперашняй сытуацыі».

На наступны год Коласаўскі ліцэй маецца адзначыць куды больш прыемны юбілей, чым цяперашнія паўтара дзясятка гадоў падпольля.

У 1989-м на паседжаньні суполкі Таварыства беларускай мовы Савецкага раёну Менску было прынятае рашэньне аб стварэньні нядзельнага ліцэю. Новая форма настолькі спадабалася бацькам і дзецям, што зьявілася ідэя стацыянарнай установы. І ўжо праз год пастановай Савету міністраў БССР быў ператвораны ў Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтар Міністэрства адукацыі. Неўзабаве быў абвешчаны першы набор навучэнцаў у Беларускі гуманітарны ліцэй, які стаў ягонай галоўнай структурнай адзінкай.

Але праз нейкі час ведамства ад свайго дзецішча катэгарычна адмовілася...

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]