Пакуль дакладня невядома, у які час палітвязень выйдзе на волю.
Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.
“24 кастрычніка мы чакаем Змітра на волі”, – распавяла сайту palitviazni.info сяброўка актывіста Марына Насенка.
Нагадаем, што напрыканцы мінулага месяца павінна было адбыцца доўгатэрміновае спатканне Зміцера Паліенкі з бацькам, але адміністрацыя калоніі яго забараніла.
“Зміцер выходзіць на волю 24 кастрычніка, хаця зараз мы з ім не маем амаль ніякай сувязі, – кажа Марына Насенка. – Ведаю, што ў гэты час ён адпраўляе з калоніі лісты і паштоўкі, якія яму цягам зняволення дасылалі людзі. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб не было праблемаў выносіць іх потым. А яшчэ вядома, што зараз Зміцер захварэў, трымаецца высокая тэмпература”.
Са слоў Марыны Насенка, пакуль дакладня невядома, у які час палітвязень выйдзе на волю.
“У турме гэта не рэгламентуецца, – кажа суразмоўца. – Ёсць дзень, калі заканчваецца тэрмін, і на гэтым усё. Хаця з досведу вядома, што звычайна стараюцца аформіць выхад на волю да абеду. Потым могуць альбо каля калоніі адпусціць, альбо адвезці на вакзал і пасадзіць на цягнік. Мы будзем падрыхтаваны да любога варыянту сустрэчы нашага сябра”.