Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларускі самвыдат — забароненая прыгажосць

18.10.2018 культура
Беларускі самвыдат — забароненая прыгажосць

Але на гэтым дзівосы не сканчаюцца.

Дзіўна, але яшчэ ня так і даўно не было кампутараў, інтэрнэту, электронных букаў і рыдэраў, — адно толькі папяровыя кнігі, часопісы і газэты. Проста немагчыма ўявіць, праўда?

Але на гэтым дзівосы не сканчаюцца. Сярод тых часопісаў і кніг былі такія, якія проста немагчыма было знайсьці, як тады казалі, дастаць. Кніжны дэфіцыт і ўсё такое. Але былі й такія выданьні, чытаць якія было забаронена. І калі хоць нешта з соцень заходнебеларускіх часопісаў і пэрыёдыкаў (яны выходзілі ў «польскай» Вільні без савецкай цэнзуры) можна было адшукаць у адмысловых аддзелах «Ленінкі» (цяперашняя нацыянальная бібліятэка), дык сотні выданьняў беларускай эміграцыі захоўваліся ў так званых спэцхранах, доступ да якіх давалі толькі структуры, блізкія да КГБ. То бок нам, студэнтам БДУ на ўліку куратараў з гэтай арганізацыі (а яны былі на ўсіх факультэтах) патрымаць такія штукі ў руках не выпадала. А хацелася.

Галоўны віленскі часопіс 1930-х гадоў «Калосьсе» мы знаходзілі ў прыватных калекцыях старэйшых віленскіх беларусаў. Мяжы тады не было, і ў Вільню езьдзілі часта. І пераздымалі на фотастужку. Поўны камплект «Шляху моладзі» можна было сфоткаць дома ў ягонага рэдактара Янкі Багдановіча. Шмат чаго пераздымалася ў тагачаснай (пачатак 1980-х) загадчыцы Аддзела рэдкай кнігі АН Літоўскай ССР Ніны Ляшковіч, у «Лясной хатцы» Зоські Верас ці на кватэры ў нефармальнага лідэра віленскіх беларусаў Лявона Луцкевіча.

Вільня, «Лясная хатка». Зьлева направа Лявон Луцкевіч, Анатоль Сідарэвіч, Сяргей Дубавец, Зоська Верас. Пачатак 1980-х. Фота Сяргея Астраўцова

Пасьля ў Менску гэта ўсё друкавалася (у ванным пакоі, натуральна, на павелічальніку, з праяўляльнікамі ды фіксажамі) і выпраўлялася ў «хаджэньне» па «надзейных руках».

Ксёндз Адам Станкевіч. У 25-я ўгодкі сьвяшчэнства

Такіх перазьнятых кніжак у беларускім маладзёвым асяродку чыталіся сотні. Напэўна, найбольшая калекцыя захоўваецца сёньня ў закрытых архівах КГБ.

Артыкул з часопісу «Студэнцкая думка»

Пашыраліся і асобныя артыкулы на незвычайныя ў той час тэмы.

Аўген Калубовіч. Мова ў гісторыі беларускага пісьменства

Часам фотаздымкі старонак кнігі ўклейваліся ў адмысловыя «гармонікі» і ўстаўляліся ў футарал з карэньчыкам.

Аўген Калубовіч. Мова ў гісторыі беларускага пісьменства

Так выглядала кніга Аўгена Калубовіча «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства», выдадзеная ў эміграцыі.

А гэта цэлы зборнік забароненай «антысавецкай» беларушчыны.

Фатакопіі забароненых у БССР кніг

Яскравы прыклад «кансьпірацыі» — пад вокладкай ляяльнага савецкага паэта знаходзім забаронены заходнебеларускі часопіс «Нёман».

Зборнік вершаў Паўлюка Пранузы. Пад вокладкай -- заходнебеларускі часопіс «Нёман»
Заходнебеларускі часопіс «Нёман»

Зразумела, што ў такім выпадку ня трэба было рабіць пераплёт. Але гэта ня значыць, што такога навыку не было. Пераплёты выходзілі даволі прафэсійныя.

Заходнебеларускі часопіс «Калосьсе»

Пакуль фатаграфаваў тое, што сам жа і рабіў без малога 40 гадоў таму, пераздымаючы колішнія выданьні, дык умацаваўся ў думцы, што старыя тэксты з часам сталі яшчэ больш незвычайнымі, таямнічымі і прыцягальнымі.

Сяргей Дубавец, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]