Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Іншае «Слуцкае паўстанне»: 1967 год

18.10.2018 общество
Іншае «Слуцкае паўстанне»: 1967 год

Як ў Слуцку адбыўся найбуйнейшы ў БССР «народны бунт».

Тое, што ў СССР не было ніякіх беспарадкаў аж да самай Перабудовы і ўсе былі аднолькава задаволеныя, ведаюць усе. Але вераць не ўсе. Тое, што адзіным вядомым выпадкам народных хваляванняў, якія давялося душыць сілай зброі, быў Навачаркаскі расстрэл, таксама шмат хто ведае. Але нямногія вераць, што акрамя яго эксцэсаў не было. Сёння пагаворым аб найбуйнейшым выпадку «народнага бунту», які здарыўся не недзе далёка, а проста тут. У сэнсе ў БССР. Месца дзеяння — Слуцк, час дзеяння — кастрычнік 1967 года, колькасць удзельнікаў — да 5 тысяч чалавек.

Пачынаючы з моманту стварэння Савецкага Саюза, нягледзячы на ўсе намаганні ўрада, спажыванне алкаголю жыхарамі няўхільна расло. Пры гэтым не толькі і не столькі сярод маргіналаў: члены камуністычнай партыі, прыкметныя шрубкі дзяржаўнага апарату і чыноўнікі высокіх рангаў выпіць любілі надзвычайна. «Тое, як пілі ўсе гэтыя лаўрэаты Сталінскіх прэмій і майстры сацыялістычнага рэалізму — дык гэта розум не спасцігне», пісаў літаратуразнаўца Андрэй Ар’eў.

Дык вось, красавіцкім вечарам 1967 года ў Слуцку вырашылі культурна выпіць два чалавекі. Адным з іх аказаўся не хто-небудзь, а загадчык аддзела культуры Слуцкага гарвыканкама, член КПСС Генадзь Гапановіч. Другі, Леанід Сыцько, быў сціплейшы, без высокіх пасад, проста сваяк сябра Партыі.

П’янка магла скончыцца цалкам звычайна, але ў той жа вечар у пад’ездзе, дзе святкавалі Гапановіч і Сыцько, апынуўся рабочы-муляр Аляксандр Мікалаеўскі. Мужчына быў не надта здаровы (хварэў на язву страўніка), але не вельмі сачыў за сваім здароўем і 9 красавіка 1967 года быў п’яны. Як яго занесла на лесвічную пляцоўку Гапановіча, невядома, але лепш бы гэтага не адбывалася. Таму што маладым людзям (Гапановічу было ўсяго 28, яго сваяку — 25) не вельмі спадабалася, што на іх тэрыторыі знаходзіцца нейкi іншы п’яны, а не толькі яны. Хлопцы проста скінулі муляра з лесвіцы, моцна збілі і нанеслі некалькі крытычных траўмаў (паводле адных звестак, у мужчыны быў зламаны шыйны пазванок, паводле іншых — ад удару ў жывот адкрылася язва). Так ці інакш, Мікалаеўскі, які ледзь трымаўся на нагах, дайшоў да гарадскога парку, дзе і ўпаў у фантан. І памёр.

Нельга сказаць, што Гапановіча тут жа пачалі адмазваць. Завялі крымінальную справу, тут жа дадалі яшчэ адзін артыкул (культработнік яшчэ і захоўваў дома зброю), перадалі справу ў Слуцкі народны суд. Гэта было першай памылкай, якую, дарэчы, улічылі мясцовыя суддзі і пракуратура: яны прасілі заслухаць справу ў Мінскім абласным судзе. Прычына была банальная: чуткі пра тое, што партыец і яго сваяк да смерці збілі чалавека, ужо пачалі хадзіць, і насельніцтва патроху прыходзіла ў шаленства.

Алею ў агонь дадаў артыкул, па якім судзілі маладых людзей, — «Хуліганства», да 8 гадоў. У прынцыпе, калі разабрацца, гэта не так ужо і няправільна: наўрад ці Гапановіч і Сыцько збіраліся мэтанакіравана забіць незнаёмага чалавека — п’яная бойка ёсць п’яная бойка. Але народ так не лічыў: жыхары Слуцка патрабавалі разабрацца па ўсёй строгасці і прысудзіць абодвух аж да расстрэлу.

Партыйнае кіраўніцтва рэгіёна працягвала ставіцца да ўсё большага напружання проста з нейкім алімпійскім спакоем. Для працэсу, які распачаўся 10 кастрычніка 1967 года, выбралі маленькую залу ў старым, яшчэ ваеннай пабудовы, драўляным будынку суда, у якім больш за 70 чалавек не змясцілася б. Пры тым, што рэзананс справы дазваляў загадзя прадказаць, што прысутнічаць захоча больш, і каля будынка суда ўжо з раніцы сабраўся натоўп. Быў варыянт выбраць большую залу, быў варыянт трансляваць ход пасяджэння праз дынамікі, але першаму сакратару Слуцкага райкама КПСС Зелянкевічу гэта здалося лішнім і непатрэбным. Чаго гэтых людзей баяцца, пакрычаць і разыдуцца.

Дзіўна, але разыходзіцца ніхто не пажадаў. Затое ўжо да поўдня 11 кастрычніка каля будынка суда было больш за тысячу чалавек. Як звычайна, па натоўпе хутка разляталіся ўсе апошнія навіны аб працэсе, звычайна моцна скажоныя. У нейкі момант натоўп не прапусціў жонку Гапановіча у залу, мяркуючы, што тая нейкім чынам можа паўплываць на змякчэнне прысуду мужу. Жонка, зрэшты, таксама дрэнна разумела небяспеку запалу. Замест таго каб пакорліва выслухаць абразы абураных людзей і адправіцца па сваіх справах, жанчына зачарпнула рукою пяску і кінула яго ў найбліжэйшых да яе гараджан…

12 кастрычніка пачалося з трагічных выпадковасцяў. Раніцай гэтага дня ўскрыў сабе вены адзін са зняволеных мясцовага КПЗ. Яго выратавалі і павінныя былі адвезці ў Мінск, для чаго быў задзейнічаны адзіны ў Слуцку аўтазак. І, каб везці Гапановіча на чарговы працэс, давялося выкарыстоўваць машыну хуткай дапамогі. А яшчэ ў гэты дзень патрэбнае было апазнанне падазраванага відавочцамі збіцця Мікалаеўскага, для чаго партыйца апранулі прыкладна так, як ён быў апрануты ў той красавіцкі дзень — касцюм пад гальштукам.

А цяпер уявім усё гэта з пункту гледжання абураных случчакоў, якія стоўпіліся ля будынку суда. Замест традыцыйнага аўтазака пад’язджае хуткая дапамога, з якой вылазіць апрануты як у рэстаран «камуніст-забойца». Што маглі падумаць пра гэта людзі? Улада выгароджвае сваіх, улада стварае для сваіх асаблівыя ўмовы, уладзе пляваць на справядлівасць. Значыць, у гэтай нялёгкай справе ўладзе трэба дапамагчы, а лепш проста самім выканаць яе функцыі. І лінчаваць нядобрага чалавека, а там хай будзе што будзе.

Да абеду 12 кастрычніка каля будынка суда сабралася ўжо некалькі тысяч чалавек. Тут нарэшце прадстаўнікі ўладаў зразумелі, што адбываецца тое, што кантраляваць не атрымліваецца. Зрабіць ужо амаль нічога было нельга, але пасяджэнне было тэрмінова перапыненае, і Гапановіча з Сыцько паспрабавалі вывесці. Паспрабавалі выправіць сітуацыю, паслаўшы ў натоўп мясцовых актывістаў (каля сотні чалавек), каб тыя супакоілі тых, хто сабраўся, і пераканалі разысціся.

Слуцкая рэспубліка

Але людзі ўжо паспелі арганізавацца для самасуду. Брук ператварыўся ў запас кідальных камянёў, найбліжэйшыя платы — у палкі, каб біць тых, хто не лічыць самасуд добрай ідэяй, бульба і буракі, якія аказаліся каля грузавікоў, — у зброю маральнага ўціску, iмі закідвалі вокны суда. Да гэтага часу пра тое, што ў Слуцку дзеецца нешта нядобрае, ведалі і ў Мінску, і ў Маскве. У 7 гадзін вечара ў горад прыбыў генерал Родзін, які адказваў за грамадскі парадак у БССР, і прывёз з сабой 350 вайскоўцаў унутраных войскаў МУС — зрэшты, без агнястрэльнай зброі. Сяк-так паставілі ачапленне. Але і колькасць абураных людзей расла: скончыўся працоўны дзень, і вызваліліся случчакі, што папаўнялі крыклівы натоўп.

Цямнее ў кастрычніку даволі рана, і з надыходам змяркання падзеі пачалі развівацца імкліва. З бакаў найбліжэйшых машын злілі бензін, які разлілі па бутэльках, і ў драўляны будынак суда паляцелі імправізаваныя «кактэйлі Молатава». Падпаліць на першым часе нічога не атрымалася, але Родзін прыняў рашэнне разганяць натоўп з ужываннем газу «Чаромха-1». За ўсю пасляваенную гісторыю БССР гэтае рэчыва ні разу яшчэ не ўжывалася супраць грамадзянскіх, але ўсё некалі бывае ў першы раз… У натоўп паляцелі газавыя гранаты, пачалося замяшанне, і ў гэты час Гапановіча і Сыцько паспелі вывесці з залы суда. Да таго часу пад’ехаў аўтазак, у які змясцілі перапалоханых абвінавачаных. Кіроўца Аляксей Сiменчанка з задачай справіўся. У вокны аўтазака ляцелі камяні, самому Сiменчанку, паводле яго словаў, выбілі зубы, зламалі рэбры і пашкодзілі пазваночнік, але, праламаўшы плот, ён здолеў выехаць на цэнтральную вуліцу. У слуцкую КПЗ везці выратаваных ад самасуду не адважыўся — адразу паехаў у Мінск.

Пасля гэтага натоўпу паспрабавалі растлумачыць, што Гапановіча і Сыцько ў будынку больш няма, а значыць, трэба мірна разысціся. Даволі наіўна, бо раз’юшаныя людзі, якія не атрымалі жаданага, затое атрымалі газавыя гранаты ў твар, хацелі чаго заўгодна, але не спакойнага фіналу. Напрыклад, яны хацелі прарваць ачапленне, трапіць у будынак суда, разліць там бензін і падпаліць. Што яны і зрабілі. Пачаўся пажар. Больш за сорак вайскоўцаў з ачаплення атрымалі раненні, сем з іх — цяжкія. Каб дапамагчы ім, прыбыла машына хуткай дапамогі — яе паспрабавалі перакуліць. Пажарныя машыны, якія спрабавалі патушыць полымя, да будынка суда не прапусцілі.

Прарваўшы кардон і пракраўшыся ў будынак, натоўп знайшоў на другім паверсе некалькі чалавек, у тым ліку суддзю Галіну Аляксееву і начальніка КПЗ Станіслава Татура. Апошні, па адных звестках, выскачыў з акна, па іншых — яму дапамаглі. Так ці інакш, упаў міліцыянт вельмі няўдала і памёр па дарозе ў бальніцу. Тым часам пажар разгараўся, і натоўп пакінуў будынак. Аляксеева з нейкай прычыны выбрацца не змагла і зажыва згарэла.

Прыкладна ў гэты ж час у іншым месцы, каля моста праз Случ, быў моцна збіты палкоўнік Скарадумаў. У гэты дзень пацярпелі многія, але яго варта адзначыць асабліва — Скарадумаў камандаваў слуцкім гарнізонам і, нягледзячы на атрыманыя траўмы, асабіста забараніў выкарыстоўваць гарнізонныя часткі супраць натоўпу і адкрываць агонь. Дзякуючы яму СССР не атрымаў другога Навачаркаскага расстрэлу. Хоць гэта цалкам магло адбыцца — напрыклад, каб пазбегнуць самасуду над кіраўніцтвам раёна, партыйных дзеячаў Слуцкага раёна змясцілі ў будынку гарсавета пад аховай 20 аўтаматчыкаў.

Больш ахвяр не было. Да самай зімы 1968 гада, калі ішоў судовы працэс ужо па справе аб масавых беспарадках у Слуцку. Праходзіла па ім больш як 70 чалавек. Мікалай Грынюк і Іван Папоў, якія падпалілі будынак суда, пайшлі на расстрэл. Яшчэ 10 чалавек атрымалі тэрміны ад 7 да 15 гадоў.

Прычыну раптоўнага народнага бунту вызначалі па-рознаму. Вінавацілі павальнае п’янства кіраўнічых работнікаў, успаміналі, што 35 членаў КПСС толькі ў Слуцку толькі за 1967 год наведалі мясцовы выцвярэзнік. Вінавацілі дрэннае выхаванне моладзі, абурана пісалі, што «многія ходзяць у школу з пярсцёнкамі на пальцах і ў завужаных штанах». Вінавацілі антыпартыйныя анекдоты і ўсё астатняе. Знялі з пасадаў сакратара Слуцкага райкама, старшыню гарвыканкама, кагосьці выключылі з партыі.

На зоне тых, хто сядзеў за «паўстанне» 12 кастрычніка, па чутках, вельмі паважалі. А сам Гапановіч, праз якога ўсё і пачалося, адседзеў, як і планавалася, восем гадоў, частку з іх — на вольным пасяленні.

Дзяніс Буркоўскі, budzma.by

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]