Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Ужо празь некалькі гадоў здолелі дамагчыся Незалежнасьці Беларусі»

19.10.2018 политика
«Ужо празь некалькі гадоў здолелі дамагчыся Незалежнасьці Беларусі»

30 гадоў таму быў утвораны Аргкамітэт БНФ.

19 кастрычніка 1988 году ў памяшканьні тагачаснага Дому кіно (касьцёл Сьв. Сымона і Алены) быў утвораны аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту.

Трымаю вузкую палоску паперы, на якой праз капірку надрукавана:

«Арганізацыйная група па стварэньню Беларускага камітэта памяці ахвяраў сталінізму (Камітэт 58) запрашае Вас прыняць удзел ва ўстаноўчым сходзе, які адбудзецца 19 кастрычніка ў 18-00 па адрасу Савецкая, 15 (Дом Кіно, Мінск). На сходзе Камітэта „58“ будзе прынята праграма дзеяньняў, статут, выбраныя кіруючыя і рабочыя ворганы».

Лічба “58” — нумар артыкула сталінскага крымінальнага кодэксу, па якім былі расстраляныя ды сасланыя ў ГУЛАГ мільёны ахвяраў.

Гэтае запрашэньне перадаў мне Аляксандар Лукашук у рэдакцыі «Звязды» раніцай, а ўжо ўвечары ў Доме кіно я пабачыў дзясяткі знаёмых — пісьменьнікаў, гісторыкаў, навукоўцаў. Пасяджэньне адбывалася на другім паверсе Дому кіно (некалькі гадоў таму пасьля рэканструкцыі касьцёлу вярнулі першапачатковае аблічча, пазьнейшыя перакрыцьці разабралі ды аднавілі адзіную малельную залю).

Сяргей Навумчык, Васіль Быкаў і Аляксандар Лукашук, 2002 год

У залі — Стэфанія Станюта, Васіль Быкаў, Максім Танк, Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Віктар Казько... Шмат было моладзі — але былі і тыя, хто, як Сяргей Грахоўскі, правёў значную частку жыцьця ў сталінскім ГУЛАГу. Прышлі сюды «па разнарадцы» з гаркаму і вэтэраны са значкамі «50 гадоў у КПСС».

На шчасьце, я прыхапіў з сабой дыктафон. Стужка захавалася, хоць якасьць запісу ня самая лепшая, да таго ж мы часам перагаворваліся з Уладзімерам Арловым. І ўсё ж галасы таго гістарычнага дня данесеныя.

Вёў сход пісьменьнік Міхась Дубянецкі, уступнае слова сказаў Васіль Быкаў.

Быкаў: «На працягу стагодзьдзяў наш народ моўчкі цярпеў прыгнёт. Ліў сваю кроў, ахвяраваў мільёнамі жыцьцяў і — маўчаў. Маўчаў, бо ягоныя гісторыкі пазбавілі яго праўдзівай гістарыяграфіі, яго філёзафы ўнушалі яму фальшывую ідэю аб мудрай правільнасьці ягонага бязьмежнага цярпеньня. Ягоныя рыцары прыгожага пісьменства спаборнічалі між сабой у тым, хто найлепш апяе тое, што варта было выбуху гневу і абурэньня. Ягоныя палітыкі і дзяржаўныя дзеячы былі пазбаўленыя ўласнай палітыкі, магчымасьці дзейнічаць на карысьць народу, а шмат хто зь іх сам стаў ахвяраю тэрору, уласнае сьлепаты і заблуджэньня.

Але мы болей ня хочам жыць, каб ня памятаць як аб нашым гонары, так і аб нашых ахвярах, нашых пакутніках. Урэшце прыйшоў час сказаць людзям праўду і зрабіць зь яе пэўныя высновы. Найперш, праўду трэба сказаць пра мільёны безымянных людзей Беларусі, рабочых, калгасьнікаў, інтэлігентаў з народу, аб беларусах, рускіх, паляках, яўрэях, людзях іншых нацыянальнасьцяў, панішчаных у гады сталіншчыны безь віны, бяз права, бязь сьледу ў народнай памяці. Сімвалам тых, панішчаных, сёньня сталі ўжо славутыя Курапаты. Але Курапаты — толькі адна кропля ў моры людзкой крыві.

Мы павінны таксама назваць імёны катаў нашых ахвяр. Хто былі гэтыя нелюдзі?.. Як даўно вядома, кат і ахвяра інфэрнальным чынам зьвязаныя між сабой, і чалавецтва павінна ведаць і памятаць абодвух. Гэта патрэбна ў імя справядлівасьці, у імя дэмакратыі, у імя нашай будучыні. У тым наш сьвяты абавязак перад гісторыяй, маральны абавязак перад наступнымі пакаленьнямі, каб ім не давялося дакараць нас за тое, што мы мелі магчымасьць і ўпусьцілі яе. Мабыць, ніхто з нашых папярэднікаў ня меў такой магчымасьці, якую лёс ці гісторыя далі нам, і было б найвялікшай гістарычнай несправядлівасьцю ня выкарыстаць яе.

Васіль Быкаў прамаўляе з нагоды ўтварэньня Аргкамітэту БНФ

Але зьдзейсьніць гэты абавязак, мабыць, будзе нялёгка. Сілы рэакцыі, сталіншчыны ня склалі сваёй выпрабаванай зброі і гатовыя ўзяць рэванш за іхняе паражэньне ў галоснасьці. Каб пераканацца ў тым, даволі хоць зрэдку браць у рукі газэту „Вячэрні Мінск“, орган менскага гаркома і гарсавета народных дэпутатаў, і паглядзець, хто і супраць чаго там выступае. Сілы зла цяпер перажываюць невялікую паўзу ў сваёй антынароднай дзейнасьці, перабудова і галоснасьць блытае іх адпрацаваныя за гады карты. Але яны ўжо пачалі прыстасоўвацца і да атмасфэры перабудовы. А ў некаторых выпадках -- і браць яе пад сваё кіраўніцтва. Кіраваць з такім разьлікам, каб хутка і бяз стратаў вярнуць так любы іхнім лёкайскім душам таталітарызм з падаўленьнем, рэпрэсіямі, п’яным і пакорным існаваньнем заняволенага народа. Таму ўсе, каму дарагія прынцыпы дэмакратыі і сацыялізму, лёс нацыі, павінны быць пільныя, ня даць сябе ашукаць ні крывадушнай бюракратыі, ні амаральнай навуковасьці, ні тым правакатарам ад перабудовы, якія маюць заданьне пусьціць яе на злом галавы, адвярнуўшы ад высакароднай мэты дэмакратычнага Адраджэньня нацыі, растварыць ідэалы дэмакратызацыі ў нацыянальных, рэгіянальных, ведамасных і амбіцыёзных сварках і супярэчнасьцях.

Мы павінны скласьці велічны мартыралёг нашых страт і нашых пакутнікаў. Гэта ляжа вуглавым камянём у падмурку нацыянальнай сьвядомасьці, стане важным элемэнтам гістарычнай памяці — і гарантам. Гарантам будучыні народа, які праз генацыд, кроў і зьнявагу з упартасьцю асуджанага ірвецца да сонца, дабра і справядлівасьці».

На сходзе вырашылі стварыць Таварыства памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій «Мартыралёг Беларусі». Выступоўцы адзначалі, што без дэмакратызацыі грамадзтва немагчымыя ні вяртаньне гістарычнай памяці, ні стварэньне прыстойных умоваў жыцьця для суайчыньнікаў. Было зразумела, што мэты новай арганізацыі павінны быць значна шырэйшыя, чым аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці. Таму разумелася — арганізацыя будзе палітычнай. А магчыма, будзе дзьве арганізацыі. Гучалі прапановы ўтварыць Народны Фронт. Калі прыступілі да вылучэньня кандыдатуры старшыні Мартыралёгу, Васіль Быкаў зазначыў, што старшыня павінен валодаць шмат якімі якасьцямі.

Быкаў: «Дарагія таварышы! Вядома, арганізацыя, якую мы стварылі, зьяўляецца сугуба дэмакратычнай, і ўсе кардынальныя пытаньні будуць вырашацца дэмакратычным шляхам з удзелам большасьці, але, тым ня менш, значэньне кіраўніка, відаць, так сказаць, будзе вельмі вялізным. Я думаю, што, як кожны кіраўнік, гэта павінен быць асаблівы чалавек. Гэта павінен быць аўтарытэтны чалавек, дасьведчаны, адукаваны. Гэта павінен быць энтузіяст гэтай выдатнай справы, павінен быць аддадзены ідэям дэмакратызацыі і нацыянальнага Адраджэньня. Апроч таго, што вельмі важна, гэты чалавек павінен быць пазбаўлены таго вялізнага недахопу, які ёсьць ва ўсіх нас, які выхаваны ўсімі папярэднімі гадамі, — ён павінен быць пазбаўлены страху. Найперш, страху перад начальствам. І такім чалавекам — я думаю, што вы мяне падтрымаеце, калі я назаву Зянона Станіслававіча Пазьняка».

Зянон Пазьняк выступае на «Чарнобыльскім шляху» ў Менску, 1989 год. Фота: Уладзімер Сапагоў

Было зразумела: ад таго, хто стане на чале «Мартыралёга», залежала, чым скончыцца гэты сход, ці будзе пастаўленая прапанова пра стварэньне Народнага Фронту, якая гучала з вуснаў выступоўцаў. Аднак у залі Чырвонага касьцёла прысутнічалі і тыя, каго менавіта з гэтае прычыны кандыдатура Пазьняка не задавальняла. Перашкодзіць галасаваньню спрабаваў намесьнік загадчыка аддзелу культуры ЦК КПБ Расьціслаў Бузук, які жадаў накіраваць сход у бок бясплодных дэбатаў. Але тады Васіль Быкаў рашуча ўзяў мікрафон у свае рукі і прапанаваў прагаласаваць.

Быкаў: «Наступнае, што павінна быць: хто супраць кандыдатуры? Прашу падняць рукі! Хто ўстрымаўся? Няма! Усё!»

Прадстаўнік ЦК Бузук: «И это — демократия?»

Галасы з залі: «Так, дэмакратыя!»

Далей сход вёў Пазьняк. Ён нагадаў, што ўжо гучалі прапановы пра стварэньне Народнага Фронту.

Ігар Гермянчук, Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык на сустрэчы ў Акадэміі навук, 1993 год. Фота Ўл. Кармілкіна

Пазьняк: «Гэтую прапанову трэба прыняць. Таму я выстаўляю на галасаваньне наступную прапанову: утварыць пры таварыстве „Мартыралёг“ арганізацыйны камітэт... арганізацыйны камітэт па стварэньні Беларускага Народнага Фронту за перабудову „Адраджэньне“.

У нас усіх, хто прысутнічае — 227 чалавек. Са 174 запрошаных прадстаўнікоў грамадзкасьці прысутнічае 112, без запрашэньня — 115... Хто за тое, каб пры таварыстве „Мартыралёг“ стварыць арганізацыйную групу... арганізацыйны камітэт па стварэньню Беларускага Народнага Фронту за перабудову „Адраджэньне“? Прашу падняць рукі. Апусьціце. Хто супраць? Слова ў часе галасаваньня не даецца, таварыш Бузук! Пасьля галасаваньня — тады скажаце... Чатырнаццаць плюс пяць — дзевятнаццаць чалавек супроць. Хто ўстрымаўся? Тры чалавекі ўстрымалася. Такім чынам, рашэньне аб стварэньні Аргкамітэту пры таварыстве „Мартыралёг“ прынятае!»

На гадзіньніку было 22.15. Пазьняк зачытаў сьпіс Аргкамітэту.

Плякат на мітынгу БНФ, 1993 год. Фота Ўладзімера Кармілкіна

Пазьняк: «Арганізацыйная група “Камітэту-58” спадзявалася на вашую падтрымку і прапрацоўвала гэтае пытаньне. Мы прапануем на ваш разгляд сьпіс Арганізацыйнага камітэту. Хачу падкрэсьліць, што гэта будзе група, гэта будзе камітэт, які будзе займацца рабочымі пытаньнямі. Менавіта: стварэньне праграмы, стварэньне апорных арганізацый, выпрацоўка ідэйных палажэньняў, абмеркаваньне іх у грамадзкасьці і стварэньне арганізацыйнай структуры Народнага Фронту. ...Вопыт паказвае — з латыскага, эстонскага і літоўскага Народнага Фронту, што праз два — два з паловай месяцы мы можам спадзявацца зьезду Народнага Фронту Беларусі. Зачытваю... (воплескі)... зачытваю кандыдатуры, якія, на наш погляд, маглі б узяцца за працу па стварэньню Народнага Фронту. Васіль Быкаў, народны пісьменьнік Беларусі, Алесь Бяляцкі, пісьменьнік, Анатоль Варава, гісторык, Вінцук Вячорка, філёляг, Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук, Юры Дракахруст, матэматык, Міхась Дубянецкі, пісьменьнік, Вячаслаў Жыбуль, літаратуразнаўца, Яўген Кулік, мастак, Мікола Купава, мастак, Валеры Масьлюк, рэжысёр, Пятро Садоўскі, кандыдат філялягічных навук, Алесь Суша, гісторык, Генадзь Тумаш, мастак, Сымон Сьвістуновіч, мастак, Міхась Ткачоў, доктар гістарычных навук, Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, Ігар Чарняўскі, кандыдат гістарычных навук, Міхась Чарняўскі, кандыдат гістарычных навук, Яўген Шунейка, мастацтвазнавец, Васіль Якавенка, пісьменьнік».

Галасы з залі: «Зянон Пазьняк!»

Пазьняк: «Зянон Пазьняк. Усіх дваццаць тры чалавекі. Таварышы, я павінен сказаць, што гэта — першапачатковая мадэль групы. Я думаю, што яны зьбяруцца на сваё паседжаньне, выпрацуюць праграму працы, выберуць свайго кіраўніка. Мы павінны ўлічваць, што гэта яшчэ ня Фронт, гэта людзі, якія будуць працаваць, на якіх будуць спадзявацца. І тыя, хто захоча ўдзельнічаць у гэтай працы, павінны самі прапанаваць сябе. Пажадаем посьпехаў Арганізацыйнаму камітэту».

Такім чынам, быў утвораны аргкамітэт Народнага Фронту (пазьней ягоны склад быў павялічаны) — першага за дзесяцігодзьдзі маўчаньня дэмакратычнага руху, арганізацыі, якая ўжо празь некалькі гадоў здолее дамагчыся Незалежнасьці Беларусі.

Сяргей Навумчык, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]