Вядомы беларускi мастак з Падляшша падзялiўcя ўражаннямі ад свайго прыезду ў Беларусь.
16 кастрычніка ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” адкрылася маштабная выстава-даследаванне гісторыі сучаснага мастацтва Беларусі “ZBOR In Progress”. 40 твораў, адабраных паводле апытання 35 спецыялістаў, рэпрэзентуюць найбольш важныя тэндэнцыі сучаснага беларускага мастацтва за апошнія 30 гадоў. Такая выстава не магла абыйсціся без прац сусветна вядомага беларускага мастака з Падляшша Лявона Тарасэвіча. Спадар Лёнік хаця і рэдкі госць у Беларусі, гэтым разам не толькі ўзяў удзел у адкрыцці, але таксама знайшоў хвіліну, каб падзяліцца з “Бацькаўшчынай” уражаннямі ад свайго прыезду.
Дваццаць пяць гадоў не выстаўляўся ў Мінску
Апошні раз у Мінску выстаўляўся ў 93-м годзе – трохі прайшло гадоў. Але тады ўсё было зусім па-іншаму. Мы ладзілі выставу ў Палацы мастацтваў, а “ўраднікі” рабілі, каб яна не атрымалася. Сёння ж наадварот – усё робяць, каб была выстава. Галерэя “Ў” – цудоўнае месца. Калі яны працягнуць трымаць такі ўзровень, то будуць востравам сучаснага мастацтва ў Беларусі, з якім можна мець кантакты і працаваць. Я цешуся, што нарэшце бачу беларускае мастацтва, прадстаўленае на такім сучасным узроўні.
Палотнішча стварыў проста ў галерэі
Мы так мытнікаў перахітрылі: перавезлі фарбы, зрабілі падрамнік – і ў чацвер я працаваў, рабіў во гэтую работу (смяецца). Трэба праблемы абмінаць, а не плакацца, што яны ёсць.
Пра беларускасць
Мне ўжо абрыдла ад гэтай “Беларусі” (смяецца). Бо цэлы час пішуць “беларус”, “звязаны з беларускай культурай на Беласточчыне”… Што, калі б пра кожнага пісалі: “паляк”, “звязаны з польскай культурай”?.. Ну мастак – і ёсць мастак, беларус – дык і ёсць беларус. Заўсёды ж у тэкстах пішуць пра кожнага мастака, з якога ён карэння вырастаў.
Пра бязвізавы рэжым
Трыццаць дзён можна быць без візы! Мне аж не верыцца. Добра, калі дзяржаве будзе карысць з таго, што людзі прыязджаюць. Нам цікава паглядзець гістарычныя месцы, паездзіць… Проста бярэш, купляеш білет, ляціш і вяртаешся. Пераходзіш граніцу нармальна, і ніякіх табе “фашыстаў” няма, ніхто не кідаецца да цябе з сабакам. Гатэль 35 еўра на ноч – таксама нармальны свет. Можна будзе прылятаць цяпер часцей. А раней то найбольшай праблемай была граніца: гэтыя ў шапках, на трасянцы, усё прыніжальнае. “Што маеце везці, што можаце вывезці”… Пытаюцца пра нейкае золата, пра сала… У Еўропе цяпер няма ніякіх праблем, перавозь што хочаш. Ну пра што мытнік можа спытаць, калі маю карціну пабачыць?! (смяецца)
Пра Лявона Вольскага
З Лёням Вольскім спатыкаліся. Абгаворвалі наступны “Трыялёг”. Думаем паказаць там Беларусь. Не такую, як палякі хацелі б бачыць, не такую, як мы хацелі б бачыць, а рэалістычную. Такую, якая яна ёсць насамрэч.
Трэба ўвесь час штось рабіць
Чым я толькі ні займаюся, і кветкамі займаюся таксама. Мае вяргіні – першае, пра што ў Крынках кожны пытаецца. “Хто імі займаецца? То ж гэта трэба пасадзіць!” Ну так, кажу, трэба пасадзіць. “А трэба ж даглядаць!” Ну так, кажу, трэба даглядаць. Але трэба ж і ногі мыць штодзень. Усё трэба, калі чаго хочаш. Яшчэ пародзістых курэй гадую: тры гады таму стаў прызёрам на міжнароднай выставе ў Мецы ў Францыі. Трэба ўвесь час штось рабіць.
Пра палітыку ў мастацтве
Людзі ўжо не гавораць пра палітыку беспасрэдна, але палітычная тэма ў мастацтве ёсць заўсёды. І на гэтай выставе таксама вельмі моцна відаць палітыку, вельмі моцна відаць пратэст да рэчаіснасці. Мастацтва заўсёды так развівалася, у кожнай краіне. А што да жывапісу з рознымі кветачкамі, васілёчкамі… (махае рукой)
Думкі не затопчаш
Чуў, што размаляваныя мной калоны ў Віцебскім музеі зафарбавалі. Калі туды прыеду, зноў размалюю (смяецца). Толькі прымітыўныя людзі думаюць, што калі спаляць кніжку, то знішчаць напісанае. Думкі не затопчаш.
Пра Беларусь
Калі б тут улады былі хітрэйшыя ды дазволілі рынку ўвайсці ў краіну і даць працу людзям, калі б сюды маглі нармальна прыязджаць і працаваць фірмы, тады Беларусь магла б хутчэй ісці дагары. Можаце мне не верыць, але Беларусь можа яшчэ хутчэй, чым Польшча, развівацца.