Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ігнацый Дамейка: трыўмфальнае вяртанне на радзіму

20.10.2018 общество
Ігнацый Дамейка: трыўмфальнае вяртанне на радзіму

Некалькі гадоў Пас Дамейка ішла сцежкамі свайго славутага продка па Літве, Польшчы, Беларусі, Францыі і Чылі.

З пэўнага моманту ўсё яе жыццё праходзіць пад знакам Ігнацыя Дамейкі. Паўсюль Пас сустракае людзей, якія падпалі пад яго абаянне і бескарысліва дапамагаюць ёй выконваць яе місію. Ці таксама сваю?

З 3 па 10 кастрычніка нашчадкі Ігнацыя Дамейкі — яго праўнучка Пас Дамейка з дачкой Паўлінай і ўнукамі Джэймсам і Нікам — знаходзіліся ў Беларусі. Спадарыня Пас мела намер прыехаць на радзіму продкаў інкогніта па шляху з Літвы, накіроўваючыся ў Польшчу і Нямеччыну, але потым пагадзілася з тым, што інфармацыю аб знаходжанні гасцей з Аўстраліі ў нашай краіне трэба зрабіць здабыткам галоснасці.

Адысея-дамейкіяна

Дзяцінства і ранняе юнацтва Пас Дамейка прайшлі ў Аргенціне, Бразіліі, Чылі і Злучаных Штатах, бо бацька яе быў чылійскім дыпламатам. У шаснаццаць гадоў яна пераехала разам з сям'ёй у Сіднэй, дзе спадару Хуану Дамейка давялося заснаваць першую чылійскую місію і ўсталяваць дыпламатычныя і камерцыйныя адносіны з Аўстраліяй. Яго слава цяпер распаўсюджваецца нават на прапраўнукаў.

Пачатак, быццам бы, прыгожы, але жыццё Пас Дамейка — поўнае перыпетый, мабыць, нават занадта падрабязна выкладзеных у прадмове да беларускай версіі кнігі.

Вярнуўшыся ў Чылі, Пас Дамейка выйшла замуж, нарадзіла пецярых дачок. Працавала дырэктарам Чылійска-Паўночнаамерыканскага інстытута, выкладала ангельскую мову дарослым, праводзіла шматлікія культурныя мерапрыемствы ў горадзе Чыл'ян.

У 1971 годзе ў адрас спадарыні Дамейка і яе дачок сталі паступаць пагрозы ад прыхільнікаў камуністычнага ўрада Сальвадора Альендэ, які прыйшоў да ўлады, — білінгву Пас Дамейка многія чылійцы лічылі амерыканкай. Разам з сям'ёй яна была вымушаная, скарыстаўшыся дыпламатычнымі сувязямі бацькі, эміграваць у Аўстралію, дзе жыве да гэтага часу.

Пас Дамейка і Вольга Раўчанка ў Новагрудскім замку

Прапрацаваўшы некалькі гадоў у элітнай каталіцкай школе ў Сіднэі, Пас Дамейка знайшла сапраўднае прызванне ў індустрыі турызму, супрацоўнічаючы спачатку з авіякампаніямі Чылі, Бразіліі і Аргенціны, затым перайшоўшы ў турыстычнае агенцтва. Там незаўважна праляцела дваццаць гадоў. Працуючы ў авіякампаніях і турыстычных агенцтвах, Пас Дамейка выконвала сваю «цыганскую карму»: падарожнічала ўсё жыццё.

Некалькі гадоў таму, перамогшы сур'ёзнае захворванне, яна сур'ёзна задумалася аб сэнсе свайго існавання. Знаходзячыся ў стане клінічнай смерці, яна сустрэлася з Ігнацыем, які даў ёй зразумець, што яе місія на зямлі не скончана. Пайшоўшы пасля аперацыі на папраўку, яна прыйшла да высновы, што настае час кінуць працу і атрымліваць асалоду ад жыцця, даследуючы жыццё свайго продка, які менавіта на ёй спыніў свой выбар.

Мемарыяльны камень у в. Малая Мядвядка

Дачушкі сталі дарослымі і незалежнымі, так што Пас спакойна прынялася за жыццяпіс свайго прадзеда — Ігнацыя Дамейкі. Некалькі гадоў яна ішла яго сцежкамі па Літве, Польшчы, Беларусі, Францыі і Чылі — краіне, якая па волі лёсу стала для яго другой радзімай. Усё яе жыццё з таго часу праходзіць пад знакам Ігнацыя Дамейкі. Паўсюль Пас сустракае людзей, якія падпалі пад яго абаянне і бескарысліва дапамагаюць ёй выконваць яе місію. Ці таксама сваю?

Святкаванне 220-годдзя Адама Міцкевіча ў Новагрудку

У 1997 годзе яна ўпершыню інкогніта прыехала ў Беларусь. У паездцы яе суправаджалі юнак і дзяўчына, мінчукі. Кніга «Ignacio Domeyko: La Vida de Un Emigrante» выйшла ў Чылі на іспанскай мове ў 2002 годзе падчас сусветных урачыстасцяў, прысвечаных 200-годдзю з дня нараджэння Ігнацыя Дамейкі. Тады ж Пас Дамейка зноў наведала Беларусь. Назву кнізе даў выдавец насуперак таму, што Пас не лічыць свайго чылійскага продка эмігрантам: ён прыехаў працаваць па кантракце, і толькі непераадольныя абставіны перашкодзілі яму вярнуцца ў родны край.

Ангельская версія кнігі ўбачыла свет у Аўстраліі ў 2005 годзе, і ў яе іншая назва — «Ignacy Domeyko: A Life in Exile 1802-1889».

Абедзве кнігі прызначаліся, што ні кажы, замежнаму чытачу, як правіла, не знаёмаму ні з нашай гісторыяй, ні з нашымі рэаліямі. Больш за тое, спадарыня Пас ставіла мэту расказаць пра Ігнацыя Дамейку — чалавека, сем'яніна, хрысціяніна, калегу, выкладчыка; адлюстраваць найкаштоўнейшыя душэўныя якасці і маральныя прынцыпы героя. Гэта — папулярнае, а не навуковае выданне. Пас Дамейка не валодае беларускай, польскай, літоўскай мовамі, таму ёй даводзілася абыходзіцца перакладнымі крыніцамі.

З моманту выхаду кнігі Пас Дамейка працягвае падарожнічаць па свеце — з лекцыямі пра свойго дзіўнага продка ва ўніверсітэтах і іншых установах Злучаных Штатаў, Чылі, Літвы, Польшчы і Аўстраліі. Яе гутаркі адрозніваюцца дасканалым веданнем жыцця Ігнацыя Дамейка, якое яна прадстаўляе з гумарам, нефармальна і спантанна.

У 2016 годзе Пас Дамейка прапанавалі перавыдаць кнігу на іспанскай мове ў Чылі, і ёсць яшчэ надзея, што ў найбліжэйшай будучыні яна ўбачыць свет. Перагледжаны аўтарам рукапіс быў перакладзены на рускую мову. Пераклад, у сваю чаргу, пераклалі на беларускую.

Прэзентацыя кнігі «Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Сант'яга-дэ-Чылі» адбылася ў Мінску, у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, 31 ліпеня 2017 года, у рамках урачыстасцяў, прысвечаных 215-годдзю Ігнацыя Дамейкі, якія праходзілі ў Беларусі і Літве. Назву кнізе даў перакладчык рукапісу на рускую мову, «каб надзейна прывязаць героя да мясцовасці». Руская версія кнігі пакуль не ўбачыла свету.

Жыбур

Удзельнікі Беларускага кангрэса ў 2017 годзе, у тым ліку прадстаўнікі нашчадкаў Ігнацыя Дамейкі з Чылі, Злучаных Штатаў і Аўстраліі, наведалі месцы, звязаныя з яго імем: Малую Мядзвядку — месца нараджэння Дамейка; Жыбуртаўшчыну (Жыбур), дзе ён правёў частку дзяцінства і пражыў некалькі сваіх апошніх гадоў з дачкой Ганнай і яе мужам; Заполле — маёнтак, якім ён валодаў і ў якім заставаўся пад наглядам паліцыі з 1824 па 1829 гады, а ў 1830 годзе пакінуў яго, каб далучыцца да Лістападаўскага паўстання.

Трэба аддаць належнае тым, хто ў Беларусі, Літве і не толькі напярэдадні юбілею зрабіў шматлікія грунтоўныя даследаванні жыцця і спадчыны Ігнацыя Дамейкі. 

Трыўмфальнае шэсце героя па роднай зямлі працягваецца.

Філамацкае братэрства

Малады шляхціц, лепшы з выпускнікоў Шчучынскай піярскай школы і Віленскага ўніверсітэта, які воляй лёсу стаў выгнанцам, паспяхова працягвае вучобу ў Парыжы, па кантракце выязджае на працу ў маладую Рэспубліку Чылі, знаходзіць дастойнае прымяненне сваім шматлікім талентам, адтрымлівае ад урада гэтай краіны пачэснае грамадзянства і персанальную пенсію за бескарыслівую самаадданую працу.

Каркас дома, закладзенага дзядзькам І. Дамейкі ў 1819 годзе ў маёнтку Жыбуртощшчына

За мяжой існуе меркаванне, быццам Ігнацы Дамейка сфармаваўся як навуковец у Парыжы. З гэтым можна паспрачацца. Прывядзём фрагмент з рукапісу Пас Дамейка:

 

«Ігнацы нарадзіўся ў багатай шляхецкай сям'і. Ён усведамляў гэта, і яму не трэба было цешыць сябе амбіцыямі. У жыцці ён не імкнуўся да ўзбагачэння і матэрыяльнага дастатку. У юнацтве ён знайшоў сапраўднае шчасце ў поспеху сваёй інтэлектуальнай дзейнасці і ў прыналежнасці да групы людзей, што падзяляць яго мэты і перакананні, — сапраўдных сяброў. Як яму не хапала сяброўскіх адносінаў, агульных інтарэсаў, сваяцтва душ, якія існавалі паміж філаматаў! 

Ігнацы ведаў, што, магчыма, ніколі больш не сустрэне нічога падобнага. Ён адчуваў сябе адзінокім, замежнікам, выгнанцам, якія жывуць у далёкай чужой зямлі. Ён зрабіў вялікую працу і атрымліваў задавальненне ад свайго занятку, якое заўсёды лічыў самым высакародным з усіх, — выкладання... У яго заставаўся адзі-адзіны сродак, каб забыцца на смутак і тугу: пагрузіцца ў працу.»

Прапануем таксама адзін з каментарыяў да рукапісу:

 «І. Лялевель пазнаёміў сваіх студэнтаў з так званай «гістарычнай сістэмай» Зарыяна Даленга-Хадакоўскага, якая натхніла, у прыватнасці, філаматаў Міхала Рукевіча і Францішака Малеўскага напісаць і таемна надрукаваць «Інструкцыю для складання апісання N-скага прыходу N-скага павета N-скай губерніі», якой карысталіся філаматы ў родных месцах падчас вакацый.

З. Даленга-Хадакоўскі заклікаў прымяняць комплексны падыход у гістарычных даследаваннях, выкарыстоўваючы, акрамя летапісных вестак, дадзеныя археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі, тапанімікі. Абавязковым складнікам вывучэння гісторыі ён лічыў падарожжа.

І. Лялевель вучыў студэнтаў распаўсюджваць «гістарычную сістэму» на гісторыю ўласнага народу і ўсеагульную гісторыю, сцвярджаючы, што «нельга трактаваць гісторыю ні аднаго кутка Еўропы без ведання яе ўсеагульнай гісторыі, без звароту да яе».

Раскіданыя па розных кутках свету філаматы мелі трывалую базу, закладзеную Віленскім універсітэтам, і паспяхова ўжывалі свае даследчыя навыкі ў новых умовах, распаўсюджваючы іх на іншыя вобласці ведаў».

Дзякуючы асновам, закладзеным маці і сям'ёй Ігнацыя ў цэлым, Шчучынскай піярскай школай і Віленскім універсітэтам, парыжскія ўніверсітэты ляглі на добрую глебу, і Ігнацы Дамейка заняў годнае месца ў гісторыі навукі і культуры Беларусі, Літвы, Польшчы і Чылі.

Калекцыя мінералаў Беларусі і Чылі ў школьным музеі г.Мір

Новы ўласнік Жыбура збіраецца рэканструяваць дом, які сёння практычна разбураны, і аднавіць прыгожыя калісьці сады, наколькі гэта магчыма, каб іх маглі наведваць нашчадкі і прыхільнікі шматлікіх талентаў Ігнацыя Дамейкі. Безумоўна, уладальнікі Жыбура маюць патрэбу ў нашай неадкладнай дапамозе, паколькі ўжо ў наступным годзе дому споўніцца роўна 200 гадоў.

Аўтарцы кнігі ў гэтым годзе споўніўся 81 год, і яна поўная рашучасці і далей прыкладаць усе намаганні для ўшанавання памяці свайго слаўнага продка.

Як жа ж не хапае нам у нашай справе тагачаснага — філамацкага — братэрства!

Чацвёра адважных

У беларускай сталіцы госці наведалі Нацыянальную бібліятэку, прайшлі па вуліцы Ігнацыя Дамейкі, агледзелі гістарычную частку горада, сустрэліся з членамі Усебеларускага клуба сяброў Чылі, прынялі ўдзел у падвядзенні вынікаў візіту за Круглым сталом у Нацыянальнай бібліятэцы, правялі каля трох гадзін у Музеі Вялікай Айчыннай вайны, наведалі выставу «Авангард. XXвек» у галерэі Libra, Круглую плошчу.

Пас Дамейка на фоне вуліцы імя Дамейкі

Два дні нашчадкі Ігнацыя Дамейкі гасцявалі на Наваградчыне, дзе бралі ўдзел у Першым фестывалі Адама Міцкевіча, прымеркаваным да 220-годдзя паэта, а таксама наведалі месцы, звязаныя з імем свайго знакамітага продка. У Доме-музеі геніяльнага паэта Джэймс іграў на раялі: практычна праз 200 гадоў пасля сустрэчы двух лепшых студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, сябраў філамацскага братэрства!

На выставе жывапісу Сальвадора Далі

Па вяртанні ў сталіцу госці азнаёміліся з экспазіцыямі Нацыянальнага мастацкага музея, дзе Джэймсу даставілі задавальненне дакрануцца да клавіш чырвонага раяля, па вартасці ацэненага музыкай.

Аднойчы праз 200 гадоў...

У касцёле Святых Сымона і Алены ксёндз Уладзіслаў Завальнюк адслужыў у гонар Ігнацыя Дамейкі Св. Імшу і запрасіў нашчадкаў нашага земляка на прыватную гутарку, дзе гаворка ішла пра рэчы самыя мірныя, але галоўнае — пра тое, што робіцца і што яшчэ трэба зрабіць для прылічэння Ігнацыя Дамейкі да Ліку Святых.

Заключным акордам візіту стаў канцэрт у Доме Ваньковічаў з удзелам ансамбля салістаў «Вытокі» пад кіраўніцтвам Аляксея Фралова і ансамбля старадаўняй музыкі "Brevis". Джэймс Дамейка прадставіў на суд слухачоў імправізацыі і музычную п'есу, якая навеяна наведваннем малой радзімы яго прапрапрадзеда, — Мядзвядкі і Жыбура, хоць аўстралійцаў уразілі таксама Мірскі замак і возера Свіцязь.

Фундамент дома сямейства Дамейка ў в. Малая Медвядка

Спадарыня Пас даўно марыла пазнаёміць з Беларуссю малодшае пакаленне свайго шляхетнага роду. Усе пяць яе дачок былі мадэлямі, і калі ў маладосці ўсе шасцёра выходзілі на вуліцы Сіднэя, людзі азіраліся на іх трыўмфальнае шэсце, рызыкуючы зламаць сабе шыі. Хацелася б убачыць хоць бы раз усіх Дамеяк адразу на вуліцах Мінска!

Нашчадкі Ігнацыя Дамейкі карыстаюцца ў нас усенароднай любоўю не толькі дзякуючы свайму знакамітаму продку: кожны з іх годна прадстаўляе свой род. Спадарыня Пас бязмерна любіць сваіх трох унукаў і трох унучак. У гэтай паездцы ў промнях славы няспынна купаўся яе старэйшы ўнук, Джэймс. У сярэдзіне лістапада ён выконвае на англійскай мове галоўную ролю ў спектаклі «Сальвадор Далі» ў складзе польскага тэатра. 

Джэймс Дамейка ў аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Амбасада Польшчы ў Аўстраліі ўпарта шукала акцёра — хай нават не з польскімі каранямі — і зусім выпадкова натрапіла на Джэймса, які падключыўся да напісання сцэнарыя і злажыў для пастаноўкі музыку.

Беларуская прэса больш піша пра Джэймса, чым пра Ніка, паколькі яго канёк — гісторыя, а сам ён, у адрозненне ад Джэймса, інтраверт. Аднак Нік асвятляе ў адной з сталічных газет турыстычны бізнес і лічыць, што яго абавязак — зрабіць Беларусь папулярнай у аўстралійскіх турыстаў.

Нікалас ля камяня ў падмурку дома дзядзі І. Дамейка

Некалькі слоў пра лёс нашчадкаў Ігнацыя

Сын Эрна застаўся жыць у доме ў бацькі, дзе ў яго была капэла. Ён быў улюбёным і паважаным святаром аж да самай смерці ў 1931 годзе.

Аніта і Леон вярнуліся ў Літву ў канцы 1889-га і больш у Чылі не вярталіся. У 1917 годзе з прыходам да ўлады бальшавікоў яны беглі ў Варшаву. Леон памёр неўзабаве пасля пераезду. Не прымусіла сябе доўга чакаць і Аніта. Абодва пахаваныя на Кухарскiх могілках у Варшаве.

Казімір ажаніўся з дачкой Хасэ Эрмахенеса Аламаса, з якім Ігнацы сябраваў практычна ўсё жыццё. Паводле завяшчання Ігнацыя Дамейка, дом стаў сямейным ачагом Казіміра, і многія з яго ўнукаў нарадзіліся тут.

Чылійскі ўрад абвясціў дом Ігнацыя Дамейка Нацыянальным помнікам, пакінуўшы за братамі Дамейка права бесперашкодна прыходзіць сюды. Сёння гістарычны будынак знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, і больш няма пагрозы таго, што якая-небудзь будаўнічая кампанія прыбярэ яго да рук і разбурыць, каб пабудаваць новае жыллё. Задоўга да абвяшчэння дома помнікам створаная братамі Карпарацыя Дамейка практычна ператварыла дом у музей, імкнучыся максімальна захаваць памяць аб сваім мудрым продку.

Новыя пакаленні Дамейка працягваюць чылійскую традыцыю ствараць шматдзетныя сем'і. У Ігнацыя, сына Казіміра і Дамінгі, было два сыны і тры дачкі, а ў іх сына Казіміра — чацвёра сыноў; у дачкі Аніты, якой прысвечана ангельская версія кнігі, — тры сыны і дачка; у Хуана — тры сыны і дзве дачкі, старэйшая з якіх, Леа-Пас Дамейка, з'яўляецца аўтаркай кнігі.

Аляксей Харкевіч, («Новы час» https://novychas.by/kultura/ihnacyj-damejka-tryumfalnae-vjartanne-na-radzimu)

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]