У лістападзе ў Вільні мае выйсьці з друку першая кніга твораў Палуты Бадуновай.
Гэтым будзе вернуты зь нябыту яшчэ адзін яскравы талент першай сакратаркі-міністаркі ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі, паведамляе «Радыё Свабода».
«У палату № 3 Нясьвіскае мястовае бальніцы ўвайшлі двое людзей — мужчына гадоў пад сорак пяць і кабета, на выгляд ужо старая, нават трохі згорбленая, мо ад хваробы, мо ад цяжкае працы. Твар кабеты быў зруйнаваны глыбокімі, як барозны ў полі, маршчакамі. Жывыя шэрыя вочы паглядалі вакол сябе з задзіўленьнем і страхам. Вопратка ўвайшоўшых людзей была беларуская вясковая. Адразу хворыя, якія ляжалі ў палаце, зразумелі, што мужык жонку прывёз на апэрацыю. «Рэзаць будуць», — нехта шапнуў у кутку».
Гэтак пачынаецца аповед Палуты Бадуновай «Сьмерць мачыхі», які падпісаны аўтаркай «Нясьвіж, марэц 1923 г.». У кнізе яшчэ два аповеды — «Сьмяюцца ...над сабою» і «Думкі парабка». Сшытак з гэтымі творамі, напісанымі прыгожым настаўніцкім почыркам, знайшоў у бібліятэцы Ўрублеўскіх Акадэміі навук Літоўскай рэспублікі гісторык Уладзіслаў Гарбацкі. «У аддзеле рукапісаў (вядомы фонд 21) спакайнютка і ляжаў», — кажа дасьледчык.
Язэп Драздовіч. Партрэт грамадзкай дзяячкі Палуты Бадуновай. 1923 г.Спадар Гарбацкі даўно цікавіцца творчасьцю першай беларускай палітычнай дзяячкі ўрадавага ўзроўню. Частку ейных твораў ён знайшоў у Лёндане ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны. Цяпер працягвае пошукі ў Вільні ў Гістарычным архіве.
Што, апрача згаданых трох аповедаў, увойдзе ў будучую кнігу?
«Верш, дзёньнікавыя развагі пра каханьне (яны друкаваліся ў двухтомніку «Архівы БНР»), некалькі казак, якія Палута перакладала раней і якія выходзілі ў Вільні ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя. Плюс, калі ўсё ж такі мы зможам расчытаць дрэннай якасьці друк старой газэтчыны, то ў зборнік уключым некалькі палітычных артыкулаў Палуты (якраз гэтым цяпер і займаюся). На жаль, драмы «Цётка» мы так і не знайшлі, таму ў зборнічку нашым яе няма», — кажа складальнік кнігі. І акцэнтуе ўвагу на даце выхаду:
«Я стараюся тут, каб кніга выйшла да канца лістапада, таму можам сьмела казаць пра гэта. Нам галоўнае, каб кніга выйшла ў 2018-м, бо стагодзьдзе БНР!»
Менавіта ў лістападзе бальшавіцкая ўлада паставіла і апошнюю кропку ў жыцьцяпісе палітыка і пісьменьніцы. 29 лістапада 1938 году Палута Бадунова была забітая ў Менску. Месца пахаваньня невядомае. Уладзіслаў Гарбацкі не выключае, што гэта можа быць Курапацкае ўрочышча.
Што ж да месца і даты напісаньня трох знойдзеных аповедаў, то, па зьвестках гісторыка Валянціны Лебедзевай, Палута Бадунова прабыла ў 1923-м у Нясьвіжы (па іншых зьвестках — на хутары каля Нясьвіжу) паўгода пад наглядам польскай паліцыі. Там яе пасялілі пасьля арышту ў Вільні, куды яна дабралася, нелегальна перайшоўшы савецка-польскую мяжу пры канцы сьнежня 1922 году. На Нясьвіжчыне ў знанай дзяячкі не было ніякіх магчымасьцяў працягваць палітычную актыўнасьць, і яна зьвярнулася да сваёй даўняй і нязьдзейсьненай мары пра літаратурную творчасьць.