Раней беларусы масава ехалі працаваць у РФ, а цяпер пераарыентаваліся і пачалі больш ездзіць на Захад.
Палічыць грошы другіх людзей – гэта заўжды цікава! Нездарма ж таблоіды падлічваюць, хто з “зорак” і моцных гэтага свету мае найбольшы прыбытак. Не вельмі прыгожа? Так, але што маем, тое маем: большасці народу паспалітага гэта важна… А хтосьці вымушаны займацца прыбыткамі іншых “по долгу службы”. Вось і прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас зладзіў нараду па тэме падзення заробкаў суграмадзянаў. Сярэднія заробкі беларусаў за верасень месяц знізіліся на 24 рублі. Дробязь, а непрыемна – па прагнозах урада мы павінны былі выйсці на 1000 рублёў! Не дацягнулі.
Тым часам многія беларусы даўно не спадзяюцца знайсці сваю долю і сваю ж тысячу (у цвёрдай валюце!) дома. Раней масава ехалі працаваць у РФ, а цяпер пераарыентаваліся і пачалі больш ездзіць на Захад. Працоўная міграцыя. Расея пакуль на першым месцы – суседзі, бязвіз, адсутнасць моўнага бар’еру, роднасныя сувязі…
Але папулярнасць набіраюць Польшча і Літва. Германія, Фінляндыя, Чэхія таксама сталі натхняць беларусаў. Трэцяя частка вакансій у Беларусі абяцае не больш 350 рублёў, таму народ дадому з-за мяжы вяртацца не спяшаецца. Адна з самых экалагічных і патрэбных прафесій – дворнік.
Дзіўная гісторыя здарылася яшчэ ў жніўні з бабруйскімі дворнікамі: яны пажаліліся журналістам, што ў іх адабралі 100% прэміі за ліпень. Быццам за тое, што траву не пакасілі на сваіх участках… Праз пэўны час грошы аддалі. Па той простай прычыне, што касіць (трымерам!) павінны касцы – гэта іншая “пасада”… Разабраліся. Людзі атрымалі свае 350 рублёў – добрыя грошы! Для Беларусі.
Дар'я Ліс, «Радыё Рацыя»