Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Міхал Казімір Радзівіл: Што мы ведаем пра князя, які бараніў Нясвіж і замак ад рускага войска

26.10.2018 общество
Міхал Казімір Радзівіл: Што мы ведаем пра князя, які бараніў Нясвіж і замак ад рускага войска

Нарадзіўся Міхал Казімір Радзівіл 26 кастрычніка 1635 года.

Міхал Казімір Радзівіл VI ардынат нясвіжскі, ваявода віленскі, падканцлер літоўскі, гетман польны літоўскі нарадзіўся 26 кастрычніка ў сям'і князёў Аляксандра Людвіка Радзівіла і Тэклі з Валовічаў. Хросным бацькам яго быў будучы польскі кароль Ян Казімір, піша jivebelarus.net.

Пасля смерці маці 22 лютага 1637 года хлопчык пад апекай бабкі Эльжбеты з гаслаўскіх Валовічаў выхоўваўся ў Кобрыне. Пасля смерці бабкі Міхал вярнуўся ў Нясвіж, дзе атрымаў першапачатковую адукацыю ў нясвіжскіх школах. Удзельнічаць у грамадскім жыцці краіны пачаў у 1648 годзе, аддаўшы свой голас на выбарчым сейме ў Варшаве за Яна Казіміра. Разам з бацькам знаходзіўся ў Кракаве на ўрачыстасцях з выпадку каранацыі караля. У 1652 годзе малады князь атрымаўшы першы значны тытул - стольніка літоўскага, разам з бацькам здзейсніў падарожжа па Еўропе, спыняўся ў Шленску, Вене, доўга заставаўся ў Балонні, дзе вучыўся на універсітэце.

У 1654 годзе пасля смерці бацькі дваццацігадовы князь Міхал Казімір стаў уладаром вялізнай фартуны. Усё тое першае лета ён займаўся ўмацаваннем Нясвіжа і замка. У 1655 годзе князь разам з мясцовым людам бараніў Нясвіж і замак ад рускага войска. Сам горад уратаваць не ўдалося, ён быў дашчэнту знішчаны, ацалеў толькі замак.

Польскі кароль і вялікі князь Ян Казімір, хросны бацька Міхала, стараўся як мага больш цесна звязаць з сабою нясвіжскага князя, даючы яму розныя даручэнні і шчодра яго ўзнагароджваючы. Кароль рабіў спробу выкарыстаць Міхала як пасрэдніка ў перагаворах з Багуславам Радзівілам, а ў пачатку 1656 года прапанаваў яму суправаджаць пасольства да рускага цара Аляксея Міхайлавіча. У гэты час Міхал стаў на бок караля і змагаўся ў шматлікіх бітвах са шведамі і казакамі.

У бітве пад Філіпавым нясвіжскі князь мужна паводзіў сябе ў рукапашным баі і ледзь выратаваўся ад шведскага палону, бо бітва была прайграна. Нягледзячы на вялікія страты, князь Міхал адгукнуўся на просьбу караля і выставіў у літоўскае войска за свой кошт 600 драгунаў і 1200 пяхоты, але кароль вырашыў аддаць іх не літоўскаму войску, а перадаў палкі Радзівіла пад уладу польскай Кароны.

У сакавіку 1658 года нясвіжскі ардынат быў дружкам на вяселлі Яна Замойскага і Марыі Казіміры дэ Аркіён, будучай праслаўленай польскай каралевы Марысенькі. Там ён пазнаёміўся з маладой удавой Кацярынай з роду Сабескіх і пакахаў яе. 7 ліпеня яны пажаніліся. Пышнае вяселле згулялі ў Львове.

Увесь 1659 год Міхал Казімір Радзівіл правёў у бітвах за вызваленне радзімы. У канцы гэтага ж года ён паспяшаўся ў Нясвіж, каб умацаваць горад і замак, папоўніць яго зброяй, правіянтам і людзьмі. Сапраўды, на наступны год значныя сілы казакаў падышлі да Нясвіжа. Увесь горад зноў быў зруйнаваны ворагам і ператвораны ў попел.

У 1662 годзе нясвіжскі ардынат атрымаў булаву гетмана польнага літоўскага, хаця яму не было яшчэ і трыццаці гадоў.

У 1664 годзе клецкая ардынацыя пасля Станіслава Казіміра Радзівіла згасла і адышла да Нясвіжа. У сваіх уладаннях Міхалу прыйшлося шмат часу прысвяціць гаспадарчым справам.

Пасля ваенных спусташэнняў Міхал Казімір дамогся ад караля вызвалення Нясвіжа на чатыры гады ад падаткаў і салдацкіх пастояў, а таксама ад каралеўскіх пошлін. Ён не шкадаваў і сваіх асабістых намаганняў для аднаўлення Нясвіжа. 20 студзеня 1673 года князь Міхал выдаў Універсал, дзе заахвочваў людзей сяліцца ў Нясвіжы, гарантуючы новапасяленцам усялякія свабоды на аснове нямецкага права, у тым ліку магчымасць пакінуць горад у любы час.

Усе гэтыя намаганні сапраўды дапамаглі аднаўленню Нясвіжа, што адзначаў у сваім дзённіку Таннэр Чэх, які праязджаў праз горад разам з царскім пасланнікам князем Міхалам Чартарыйскім. Ён пісаў: "Я бачыў тут прыгожыя муры, умацаванні, якія акружалі горад, вялікі рынак, прыгожыя дамы і замак, абнесены валамі ды равамі і ўмацаваны шматлікімі гарматамі".

Князь Міхал рабіў значныя ахвяраванні касцёлам і кляштарам. У 1673 годзе ён запісаў 30 000 залатых дукатаў на будаўніцтва касцёла Святога Крыжа, які пачаў узводзіцца за горадам у лесе насупраць касцёла Святога Міхала. Канчаткова гэтае збудаванне было закончана сынам Міхала Каралем Станіславам у 1690 годзе.

Нясвіжскі князь дамогся вызвалення Нясвіжа ад мыт і пошлін у новага польскага караля і вялікага князя Міхала Карыбута Вішнявецкага. На свае сродкі Радзівіл канчаткова прывёў горад у парадак "для большай бяспекі і славы дзяржавы". У далейшыя гады ўладару Нясвіжа яшчэ лягчэй было дабівацца для свайго горада дабрачынных прывілеяў, бо яго звязвалі з тронам блізкія сваяцкія сувязі праз жонку Кацярыну Радзівіл з роду Сабескіх.

Ян III Сабескі не толькі пацвердзіў Нясвіжу ўсе папярэднія прывілеі і надалей вызваліў яго ад пошлін і мыт, але ў дадатак асобным прывілеем за мужнасць пры адпоры непрыяцеля ўстанавіў для паляпшэння дабрабыту грамадзян чатырохтыднёвы кірмаш, які пачынаўся 25 жніўня.

Уладзіслаў Сыракомля піша: "Міхал Казімір Радзівіл, чыё жыццё праходзіла то ў клопатах пра дабрабыт айчыны, то на полі бітвы, то, нарэшце, у навуковых занятках, дзе меў поспех, у апошнія гады жыцця наведваў з дыпламатычнай місіяй замежныя краіны. У 1680 годзе ён быў пасланы да імператара Леапольда выказаць ад імя караля Рэчы Паспалітай суседскую прыязнасць, а таксама да папы Інакенція XI, каб засведчыць яму каралеўскую пакору. Ён з гонарам справіўся з абедзвюма місіямі і дамогся далучэння да ліку святых Яна Кантэма. Міхал Казімір Радзівіл скончыў сваё жыццё ў Балонні, фатальным месцы для яго бацькі і другіх сваякоў".

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]