Якія беларусы мігруюць у балтыйскую краіну.
Беларусь і Літва — бліжэйшыя суседзі, маюць багатую агульную гісторыю. Аднак менавіта цяпер — найбольш складаны пэрыяд у афіцыйных адносінах паміж Літвой і Беларусьсю, адзначалі і літоўцы, і беларусы на першым грамадзкім форуме «Што нас аб’ядноўвае?», які прайшоў 26-27 кастрычніка ў Клайпэдзе, перадае svaboda.org.
Адна з прычын пахаладаньня ў дачыненьнях — будаўніцтва на самай мяжы зь Літвой у беларускім Астраўцы атамнай электрастанцыі. І хоць тэму АЭС асобна не абмяркоўвалі, яна ўзгадвалася ў многіх дыскусіях.
Першы дзень працы форуму быў прысьвечаны гістарычнай памяці, якая яднае і разлучае беларусаў і літоўцаў. Абмяркоўвалі постаці князя Вітаўта, агульных нацыянальных герояў Тадэвуша Касьцюшкі, Кастуся Каліноўскага.
Прыгадалі парадаксальную рэч: літоўцы шырока сьвяткуюць 6 ліпеня Дзень дзяржавы — Дзень каранацыі Міндоўга, першага караля ВКЛ, аднак ня ведаюць, дзе гэта адбылося. Беларусы ведаюць і ганарацца, што адбылося гэта ў Наваградку, але не сьвяткуюць гэту дату.
Прышлі да высновы, што беларусы лепш ведаюць гісторыю Літвы, Вялікага Княства Літоўскага, гісторыю Вільні, чым літоўцы гісторыю Беларусі ці таго ж ВКЛ.
Вільню не дзялілі
Вакол цяперашняй сталіцы Літвы ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў і нават стагодзьдзяў вядуцца гарачыя спрэчкі. Чыя Вільня — літоўцаў ці ўсё ж беларусаў.
Літоўскі прафэсар Альфрэдас Бумблаўскас прывёў цікавыя прыклады. Літоўскія мэтрыкі зьмяшчаюць 660 кніг, і там няма ніводнага сказу па-літоўску. Францішак Скарына пераклаў Эвангельле на старабеларускую мову, Статуты Вялікага Княства Літоўскага выдаваліся па-беларуску.
Беларускі гісторык Андрэй Кіштымаў дадаў, што Тураўскае Эвангельле знаходзіцца ў Вільні, у акадэмічнай бібліятэцы. А інтэгруючае імя для літоўцаў і беларусаў — Гедымін, а ня Вітаўт і не Міндоўг, лічыць Кіштымаў.
«Радзівілы — наша агульнае прозьвішча. Адам Міцкевіч нарадзіўся на беларускай зямлі, у Вільні вучыўся. Сярод выпускнікоў і рэктараў Віленскага ўнівэрсытэту было шмат славутых беларусаў. Вядомы ўсяму сьвету Ігнаці Дамейка скончыў Віленскі ўнівэрсытэт. Газэты „Наша доля“, „Наша Ніва“ маюць адрасы ў Вільні», — заўважыў ён.
Жартам узгадалі і радкі зь вершу Алега Бэмбеля, вядомага як Зьніч:
«Дзякуй Богу, што Вільню забралі,
Бо каб нашай сталіцай была —
У руінах бы храмы ляжалі
На пагосьце з бэтону і шкла...»
На што гісторык Андрэй Кіштымаў адказаў: «Храмы засталіся ў Вільні, але, як напісаў Уладзімер Караткевіч, „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“».
«Як будзем дзяліць гістарычную спадчыну? Гісторыю прысабечыць немагчыма, але гісторыю трэба засвоіць. Наша агульная гістарычная памяць — гэта адкрытая кніга, ужо пачатая, дзе ёсьць уводзіны, асобныя разьдзелы. Але там шмат незапоўненых старонак. Так што працы яшчэ шмат», — падсумаваў мадэратар дыскусіі, старшыня Форуму дыялёгу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройця Альгідас Нікжэнтайціс.
Тыповы беларускі мігрант — 39-гадовы мужчына, які займаецца грузаперавозкамі
Беларускія мігранты ў Літве — трэція па колькасьці пасьля ўкраінцаў і расейцаў. Часьцей за ўсё ў Літву яны прыяжджаюць бязь сям’яў на год і потым імкнуцца атрымаць від на жыхарства. 79% зь іх жыве ў Вільні. 15 % грашовых пераводаў зь Літвы ідзе ў Беларусь. Такія лічбы прывяла дырэктар Дэпартамэнту міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы Эвэліна Гудзінайтэ. Яна адзначыла, што міграцыйная палітыка Літвы стала больш лібэральнай, спрошчаная працэдура атрыманьня статусу працоўнага мігранта, бо Літве не хапае кваліфікаванай працоўнай сілы.
Намалявала літоўская чыноўніца і тыповы партрэт беларускага мігранта: гэта мужчына, у сярэднім яму 39 гадоў, займаецца часьцей за ўсё перавозкай грузаў, жыве безь сям’і.
«Бізнэс яшчэ ня стаў сродкам, які аб’ядноўвае Беларусь і Літву»
Дэпутат Літоўскага Сэйму Сымонас Гентвілас шчыра прызнаўся, што зь іншымі бліжэйшымі суседзямі — з Латвіяй і Эстоніяй — у Літвы лепшыя эканамічныя стасункі, чым зь Беларусьсю, якая павінна стаць стратэгічным партнэрам Літвы.
«Эканоміка і палітыка ўзаемазьвязаныя, і будаўніцтва АЭС таксама на гэта паўплывала. У Літвы і Беларусі ёсьць рознагалосьсі па разьмяшчэньні АЭС каля нашай мяжы, але трэба імкнуцца пазьбегнуць эскаляцыі канфлікту», — адзначыў літоўскі дэпутат.
На адну траціну Клайпэдзкі порт загружаны перавозкай тавараў для Беларусі і зь Беларусі. Асноўны партнэр — «Беларуськалій».
Літве і, у прыватнасьці, Клайпэдзе, было б выгадна, каб палітычныя стасункі зь Беларусьсю палепшыліся, тады ёсьць надзея на павелічэньне грузаперавозак праз Клайпэдзкі порт, лічыць віцэ-мэр Клайпэды Юдзіта Сыманавічутэ. А пакуль ёсьць перасьцярога, што Беларусь можа пераарыентавацца на Рыгу, Вэнспілс і расейскія парты.
«Паліткарэктнасьці таксама бывае зашмат»
Падсумоваючы вынікі першай імпрэзы, старшыня Форуму дыялёгу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройця Альгідас Нікжэнтайціс заўважыў, што паліткарэктнасьці таксама бывае зашмат.
«Калі мы ня можам гучна выказаць свае фобіі, дыялёг пра тое, што нас яднае, быў бы ненатуральным. Таму я хацеў бы, каб мы казалі ня толькі камплімэнты, але каб мы не баяліся казаць услых пра стэрэатыпы, якія жывуць у нашым грамадзтве. Мы суседзі, і нам неабходна зразумець сябе лепш. Гэта не салодкая цукровая размова, а размова па справе. Таму я вельмі спадзяюся, што хутка мы працягнем наш дыялёг», — выказаў спадзяваньне літоўскі арганізатар першага грамадзкага форуму Літвы і Беларусі спадар Нікжэнтайціс.
Першы форум быў з ухілам на гуманітарную сфэру. На будучыню трэба больш прыцягваць экспэртаў у іншых сфэрах, бізнэс, лякальныя супольнасьці, лічыць беларускі арганізатар форуму палітоляг Андрэй Казакевіч.
«Адносіны паміж нашымі дзяржавамі зараз знаходзяцца не на лепшым узроўні. Таму такая пляцоўка надзвычай важная, бо грамадзкая думка — яна больш аптымістычная», — перакананы дырэктар Інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.