Нават у аўтараў «СБ. Беларусь сегодня».
Газэта «СБ. Беларусь сегодня» адкрыла вочы беларускім грамадзянам на тое, што незалежнасьць Рэспублікі Беларусь пачалася ад Лукашэнкі. А некалькі гадоў ад прыняцьця Дэклярацыі, наданьня ёй сілы закону і да пачатку ягонага прэзыдэнцтва незалежнасьць была «даволі ўмоўнай».
Мноства людзей абурылася такой бессаромнай фальсыфікацыяй недалёкай гісторыі, якой яны самыя былі сьведкамі. Інтэрнэт адрэагаваў пратэстам і сьмехам. Нехта пісаў пра глупства, дурасьць аўтараў і рэдактараў самай масавай паводле накладу газэты краіны.
Але мне здаецца, што аўтараў «СБ» можна слушна папікаць лякействам, прадажнасьцю, але не дурасьцю. Гэтыя мужчынкі і жанчынкі добра ведаюць, што робяць. Зьвярніце ўвагу, публікацыя ў «СБ» ананімная, як і іншыя з той сэрыі. Гэта прадбачлівы ход, бо невядома, дзе і як тая публікацыя аўтару адгукнецца.
Памятаю, як мяне ганялі ў студэнцкія часы ў 1978 г. Тады служкі ўлады былі пэўныя ў неўміручасьці СССР, пісалі і перасьледавалі адкрыта, дэманстратыўна, каб запалохаць іншых, а сябе зарэкамэндаваць. Аднак часы зьмяніліся, вечнасьць Лукашэнкі выклікае істотныя сумневы, ды яшчэ ёсьць інтэрнэт, дзе дамінуюць незалежныя масмэдыя, якія могуць добра папсаваць нэрвы і зьняславіць на ўсю краіну.
Мне больш цікавыя грамадзка-палітычныя асацыяцыі, выкліканыя гэтымі сапраўды лякейскімі публікацыямі. Першая: мы жывём у сапраўды фантастычнай краіне! Рэалізаванай паводле прарочай палітычнай фантастыкі — антыўтопіі Джорджа Оруэла «1984», дзе гісторыя краіны рэгулярна перапісвалася адпаведна зьменам бягучай сытуацыі і ваганьням лініі партыі. У нашым выпадку бачнае ваганьне партыі/адміністрацыі ў бок таталітарызму зь яго абавязковым культам асобы.
Па-другое, важна, што асоба тая сьвята ўва ўсё падобнае верыць (як, напрыклад, у тое, што рэальна абыгрывае майстроў спорту ў хакеі). Журналісты ««СБ. Беларусь сегодня» выдатна разумеюць, што ў гэтым панэгірыку няма небясьпекі перабраць меру, бо яе проста не існуе (успомнім знакамітае сумараўскае «Вы трохі вышэй за Бога!).
Трэцяе, відавочна, што аўтары «СБ» пішуць свае тэксты ў першую чаргу ці нават выключна для аднаго чытача, і ім ня так важна, як іх успрымаюць усе астатнія.
І яшчэ адна асацыяцыя-вэрсія-здагадка — аўтары, якія зарабляюць грошы ў добра фінансаванай прэзыдэнцкай газэце, ня толькі ня вераць у тое што пішуць, але сьвядома па-ціхаму, па-партызанску, па-беларуску строяць кепікі з аб’екта сваёй пісаніны.
Алесь Краўцэвіч, «Радыё Свабода»