Актывісты ўсклалі кветкі і запалілі знічы каля камяня-помніка пацярпелым ад рэпрэсій.
У гадавіну растрэлу беларускай інтэлігенцыі бабруйскія актывісты ўсклалі кветкі і запалілі знічы каля камяня-помніка пацярпелым ад рэпрэсій, паведамляе «Бобруйский курьер».
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году карнікамі НКУС былі знішчаныя больш за сто прадстаўнікоў беларускай творчай, навуковай інтэлігенцыі і дзяржаўнага апарату. На смерць пайшлі нават тыя, хто некалі сам «будаваў» савецкую ўладу. Значную страту ў тую жудасную ноч панесла беларуская літаратура. У нкусаўскіх падвалах тады былі забітыя 22 пісьменні і паэты, сярод якіх Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Майсей Кульбак, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Юлі Таўбін, Міхась Чарот, Тодар Кляшторны, Платон Галавач і іншыя.
У Бабруйску знаходзіцца ўнікальны для Беларусі помнік – ахвярам рэпрэсій. Ён быў усталяваны ў скверы на плошчы Перамогі ў 1998 годзе намаганнямі Ганны Бокач, тагачаснай старшыні Бабруйскай арганізацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. У думках спадарыні Бокач там быў не проста камень з надпісам, а «сімвалічная» капліца. Але рэалізаваць ідэю яна не змагла, не паспела – пайшла з жыцця.
Першапачатковае прысвячэнне на помніку «Бабруйчанам, пацярпелым у гады рэпрэсій» гарадскія ўлады змянілі на «Бабруйчанам – ахвярам беспадстаўных рэпрэсій».
Кожны год 29 кастрычніка прадстаўнікі бабруйскіх дэмакратычных сілаў, проста неабыякавыя гараджане, прыносяць да помніка кветкі і знічы. Як праходзіла акцыя ўшанавання памяці сёлета: