Існаваньне незалежнай Беларусі — сапраўдны цуд.
Менавіта такая думка каторы раз прыйшла мне ў галаву ў нядзелю, 28 кастрычніка 2018 году падчас адзначэньня 100-годзьдзя чэскай незалежнасьці.
28 кастрычніка 1918 году была абвешчана незалежная дзяржава чэхаў і славакаў — Чэхаславаччына.
Як чэхі перанялі ўладу
Сам той дзень прайшоў у Празе безь вялікіх канфліктаў. Дзеячы Нацыянальнага камітэту з раніцы атрымалі вестку пра пачатак масавага адступленьня і фактычную капітуляцыю Аўтра-Вугоршчыны на фронце. Аб 11-й гадзіне раніцы чэскі нацыянальны дзяяч і каталіцкі ксёндз (у будучыні праваслаўны сьвятар) Ізыдар Заграднік прачытаў на Вацлаўскай плошчы каля помніка сьвятому Вацлаву маніфэст аб стварэньні незалежнай Чэхаславаччыны.
Гэта быў, фактычна, пераварот — так яго і называюць сёньня чэскія гісторыкі. Людзі пачалі скідваць з дамоў сымболіку Аўстра-Вугоршчыны, узьнялі нацыянальныя бела-чырвоныя (дакладна такія, як цяпер у Польшчы) сьцягі і пачалі зьбірацца на Старамесцкай плошчы Прагі.
У горадзе былі разьмешчаныя вугорскія вайсковыя аддзелы. Таму член Нацыянальнага камітэту Францішак Соўкуп правёў перамовы з вайскоўцамі, каб яны не стралялі ў людзей. Адзін з генэралаў быў чэх, ён даў такія гарантыі. Так і адбылося, але вайскоўцы ўсё ж па абедзе выцесьнілі натоўп са Старамесцкай плошчы.
У Аўстра-Вугоршчыне ў той час быў голад, штодзённыя 80 грам хлеба і 250 грам мукі выдавалі па картках. Таму Заграднік даў тэлеграму на ўсе чыгуначныя станцыі, каб скідвалі дзяржаўны герб Габсбургаў і затрымлівалі ўсе вагоны з харчамі.
Яго калега Антанін Швэгла зьявіўся ў так званы Збожжавы дэпартамэнт, які кантраляваў запасы харчоў, і прачытаў яго супрацоўнікам фальшывы, падроблены ім загад імпэратара аб прызнаньні незалежнай Чэхаславаччыны. Супрацоўнікі адразу падпарадкаваліся Нацыянальнаму камітэту.
Эмісары Нацыянальнага камітэту вечарам перапынілі ўсе спэктаклі ў тэатрах і іншыя грамадзкія імпрэзы і зачыталі маніфэст аб абвяшчэньні незалежнай Чэхаславаччыны.
Так прайшоў той дзень. Усе названыя тут палітыкі пасьля сталі прэм’ер-міністрамі, міністрамі і старшынямі парлямэнту Чэхаславаччыны. Пазьней да іх далучыліся з эміграцыі Карэл Крамарж (першы прэм’ер-міністар) і Томаш Масарык (першы прэзыдэнт).
У чым цуд існаваньня Беларусі
Гэта разумееш, калі глядзіш кадры старой хронікі і старыя фотаздымкі падзеяў у Празе 28 кастрычніка 1918 году.
Прага тады была такой самай, як і сёньня — яна была сталіцай, і пры гэтым — сталіцай чэскай. У той час на Вацлаўскай плошчы ўжо стаялі Нацыянальны музэй і конны помнік сьвятому Вацлаву, на Сатармесцкай плошчы стаяў помнік Яну Гусу, а ў Нацыянальным тэатры на ўзьбярэжнай Влтавы, як і сёньня, давалі прадстаўленьні на чэскай мове. Помнікі на могілках падпісвалі па-чэску.
Менск у 1917-18 гадах быў правінцыйным расейскім (і пераважна польскамоўным) горадам з расейскімі помнікамі на вуліцах і плошчах, расейскім тэатрам, польскімі і расейскімі храмамі і польскімі ды расейскімі надпісамі на могілках. Розьніца паміж двума гарадамі і дзьвюма рэальнасьцямі — велізарная, гэта як неба і зямля.
І тым ня менш Беларусь, насуперак вельмі неспрыяльным варункам і дзякуючы нечалавечым высілкам некалькіх тысяч людзей, зьявілася тады на мапе. Краіна і народ перажылі драматычнае ХХ стагодзьдзе і 70 гадоў трагічнага савецкага часу і дагэтуль жывуць. Усё ў тых жа неспрыяльных варунках.
Гэта, на маю думку, і ёсьць сапраўдны цуд.
Розьніца паміж гістарычным і Боскім цудам
Сёньня розьніца вынікаў кідаецца ў вочы — чэхі ўжо адбыліся, мы яшчэ адбываемся.
З пункту гледжаньня гістарычнай навукі, такія цуды, як беларускі, заўсёды маюць пад сабой трывалы гістарычны і этнічны падмурак. У нас гэта — Полацкая дзяржава, ВКЛ, Скарына, Каліноўскі.
Але доўгі і пакручасты шлях беларускага народу да самаўсьведамленьня і незалежнага існаваньня насуперак усім перашкодам сьведчыць пра тое, што адказная за цуды нябесная канцылярыя мае адносна беларусаў свае пляны.
Post Scriptum
28 кастрычніка 2018 году прырода зрабіла чэскаму народу містычны падарунак да 100-годзьдзя незалежнасьці.
У Аўстра-Вугоршчыне ня толькі помнікі ахоўвалі і рэстаўравалі ад 1745 году. Там яшчэ і рэгулярныя назіраньні за надвор’ем вяліся ці не з таго самага часу. У Празе гэта рабілася з 1775 году. Менавіта таму чэхі сёньня дакладна ведаюць, якое надвор’е было ў Празе 28 кастрычніка 1918 году — ноччу ад 0 да 4 градусаў цяпла, днём да 8 градусаў цяпла і цэлы дзень безь перапынку ліў дождж. І менавіта такое самае надвор’е было ўчора — у сотую гадавіну незалежнасьці. Кожны мог адчуць сябе ўдзельнікам падзеяў 1918 году.
У чалавека, які мысьліць гістарычна і шануе артэфакты, учора дрыжыкі па целе ішлі ня толькі ад холаду...
Сяргей Абламейка, «Радыё Свабода»