Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»

31.10.2018 общество
«Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»

Подзвіг беларускай інтэлігенцыі на прыкладзе Платона Галавача.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў падвалах турмы НКУС у Менску быў закатаваны і забіты наш зямляк, ураджэнец вёскі Пабокавічы Бабруйскага раёна, пісьменнік Платон Галавач. Разам з ім у тую ноч замардавалі больш за сто чалавек – прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, піша «Бабруйскі кур'ер».

«У сямігадовым узросце паспытаў уласнага жыцця»

Лёс Платона Галавача – трагічнае адлюстраванне сістэмы, у якой яму давялося нарадзіцца і пражыць 34 гады. Малады пісьменнік з вёскі, зачараваны абяцаннямі хуткага ўсеагульнага дабрабыту, імкнуўся быць песняром новага ладу жыцця. Але па іроніі лёсу сапраўднае аблічча сістэмы адкрылася для яго вельмі хутка і замест чаканага раю ён убачыў пекла.

Платон Галавач нарадзіўся 18 красавіка 1903 года ў вёсцы Пабокавічы пад Бабруйскам, у небагатай шматдзетнай сям’і (акрамя яго ў бацькоў было яшчэ чатыры дзіцяці). Калі малому Платону было ўсяго паўтары гады, памерла матуля. У сваёй аўтабіяграфіі ён пазней пісаў: «Маці не памятаю. Яна памерла, калі я быў зусім маленькім. У сямігадовым узросце паспытаў уласнага хлеба – прыйшлося ісці працаваць пастухом».

Платон не меў магчымасці ў час распачаць вучобу. Толькі ва ўзросце дзесяці гадоў, у 1913 годзе, ён пачынае якое-ніякое навучанне, і да рэвалюцыі 1917 года скончвае двухкласную царкоўнапрыхадскую школу ў Гарбацэвічах. Пра гэта ён таксама пісаў у аўтабіяграфіі: «Вучыцца па-сапраўднаму не было магчымасці, і ўсе мае агульнаадукацыйныя «універсітэты» – Гарбацэвіцкая царкоўнапрыхадская школа».

Мажлівасць атрымаць далейшую адукацыю з’явілася пасля 1917 года – у тых жа Гарбацэвічах, у новай адчыненай школе.

Асабістая знаёмасць з жыццём сялянскай беднаты, а таксама маладосць, а разам з ёй і гарачае памкненне да пераменаў, дабрабыту і справядлівасці спрыялі таму, што Платон актыўна ўключыўся ў камсамольскую дзейнасць. Яго захаплялі лозунгі рэвалюцыі пра роўнасць усіх людзей, пра недалёкую шчаслівую будучыню, у якой бедныя сяляне нарэшце годна зажывуць, і будуць мець магчымасць вучыцца і есці хлеб са сваёй працы. Платон шчыра паверыў у ідэі камунізму, і актыўна кінуўся ў будаўніцтва новага жыцця. Ці мог ён ведаць тады, ці бачыў, што крыецца за гучнымі лозунгамі і абяцаннямі, і якую будучыню яму вызначыць новая ўлада?..

Пісаў на роднай, беларускай мове

Пра пачатак сваёй творчасці пісьменнік узгадвае ў аўтабіяграфіі: «Пісаць пачаў у 1920 годзе. Спачатку карэспандэнцыі, невялікія аповесці і расказы». Пісаў Галавач на роднай, беларускай мове.

У 1925 годзе на старонках газеты «Савецкая Беларусія» Платон Галавач друкуе свой першы расказ – «Загубленае жыццё». У 1927 годзе выходзіць у свет першы зборнік «Дробязі жыцця». На гэтую кнігу звярнуў увагу пісьменнік, дзеяч беларускага адраджэння 1920-х гадоў, Максім Гарэцкі, які напісаў у водгуку, што аповесці Галавача «з задавальненнем і карысцю прачытае самы масавы чытач».

Творчасць Платона Галавача была адлюстраваннем і спробай асэнсавання эпохі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, асабістых драмаў людзей ў тыя часы. Лёсы герояў твораў Галавача разгортваюцца на фоне грамадзянскай вайны, калектывізацыі, пачатку будовы савецкай улады. Платон шукае адказ на пытанне пра месца чалавека ў новым свеце. Ён ставіў пытанні пра меру і мяжу адказнасці дзяцей за бацькоў, класавую варожасці, рызыку ўзвышэння сістэмы і яе каштоўнасцей над чалавекам. І калі чытаеш ягоныя творы, выразна адчуваеш, як хутка ён пачаў разумець, што далёка не ў рай вядзе «светлы шлях камунізму».

Выйсці з партыі не дазволілі

У 1930-х гадах Платон вырашае цалкам прысвяціць сябе літаратурнай дзейнасці. Менавіта гэтай прычынай ён тлумачыць у 1931 годзе жаданне адыйсці ад партыі ў заяве, якую адсылае ў Менскую гарадскую кантрольную камісію Камуністычнай партыі Беларусі. Але гэтае жаданне не знайшло разумення ў партыйным кіраўніцтве. Пра заяву Галавача адзначана, што яна «ва ўмовах класавай барацьбы атрымлівае значэнне антысавецкага контррэвалюцыйнага дакумента». Платон Галавач адклікаў заяву, і застаўся ў партыі да той пары, пакуль яна сама яго не выключыла са сваіх шэрагаў.

У 1929 годзе была скончана першая аповесць «Вінаваты». Галоўнага героя аповесці, маладога камуніста Алеся Шаўца, выключаюць з партыі і тэхнікума, калі становіцца вядомым «цёмнае» мінулае ягонага бацькі, што служыў у царскай ахове. Алесь пры гэтым – адданы ідэі рэвалюцыі арганізатар камсамольскай ячэйкі ў сваёй вёсцы. Але ён становіцца ворагам для суседзяў, родных і сяброў толькі з-за таго, што ягоныя бацька калісьці служыў варожаму класу. У аповесці не толькі ставіцца пытанне аб тым, ці павінны дзеці адказваць за бацькоў, але і добра бачная ўся недарэчнасць абвінавачвання, бесчалавечнасць новай дзяржаўнай сістэмы, трагізм падзелу грамадства, што адбыўся ў часы рэвалюцыі (то бок – Кастрычніцкага перавароту), калі сталі шукаць ворагаў сярод учорашніх суседзяў, сяброў, а нават і бацькоў.

У 1930-32 гады пішацца чарговая значная аповесць – «Спалох на загонах», прысвечаная калектывізацыі. Мы зноў бачым непатрэбныя канфлікты, здрады, смерці, пошукі ворагаў – у імя стварэння калектыўнай гаспадаркі. Аповесць пакідае адчуванне таго, што аўтар на яе старонках задае пытанне: ці вартыя былі тыя чалавечыя драмы сваёй канчатковай мэты…

Яшчэ пры жыцці Платона аповесць была некалькі разоў выдадзена на беларускай, а таксама на рускай, польскай, ідышы і іншых мовах. Акрамя літаратурнай дзейнасці, Платон Галавач працягваў пісаць нататкі ў газеты і займаўся перакладамі на беларускую мову твораў Пушкіна, Горкага.

«Даруйце, калі ў чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»

Пасля рамана «Праз гады» Галавач напісаў яшчэ дзве аповесці – «Носьбіты нянавісці» (1936) і «Яны не пройдуць» (1937). У гэты час ён таксама працаваў і над іншымі творамі, але яны згубленыя, напэўна, ужо назаўсёды – гэта сатырычны раман «Ён» і раман «Вялікі Днепр». Магчыма, рукапісы гэтых твораў былі канфіскаваныя падчас ператрусу, што адбыўся ў кастрычніку 1937 года ў кватэры Галавача ў Менску падчас арышту. Тады следчыя канфіскавалі 67 сшыткаў рукапісаў, сярод якіх быў рукапіс рамана пра паўстанне Кастуся Каліноўскага. Лёс сшыткаў дагэтуль невядомы.

Літаратурная дзейнасць Платона Галавача абарвалася разам з ягоным жыццём. 28 кастрычніка 1937 года, ў 22.30, пісьменнік быў арыштаваны і асуджаны як «арганізатар тэрарыстычнай групоўкі» і за «правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці». Яго прысудзілі да вышэйшай меры пакарання – растрэлу – з канфіскацыяй маёмасці. Тады ж выключылі з партыі. Праз некалькі гадзін пасля арышту і кароткага суду ноччу 29 кастрычніка Платона Галавача расстралялі ў падвале Мінскай турмы НКУС. Яму ішоў 35-ы год.

Усяго ў тую жудасную ноч у турме НКУС былі расстраляныя каля 100 беларускіх літаратарў, вучоных, дзяржаўных дзеячаў.

Платон Галавач пакінуў у камеры перадсмяротную запіску з прароцкім тэкстам: «Таварышы, даруйце, калі ў чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон».

Платон Галавач, вёска Пабокавічы, Бабруйскі раён, пісьменнік пасмяротна рэабілітаваны. Ягонае імя ўспомнілі ў свеце літаратуры, пачалі выдавацца ягоныя творы, у 1968 годзе на будынку школы ў Гарбацэвічах, дзе калісьці вучыўся Платон Галавач, была адкрыта мемарыяльная дошка ў ягоны гонар, школа і сёння носіць ягонае імя. У школьным музеі захоўваюцца ўспаміны сваякоў, сяброў, аднавяскоўцаў пра Платона Галавача. У Бабруйскім раённым гісторыка-краязнаўчым музэі пісьменніку прысвечана частка экспазіцыі. У Бабруйску ягоным імем названыя вуліца і завулак.

Але месца пахавання пісьменніка, як і іншых шматлікіх ахвяраў рэпрэсій 1937-38 гадоў, да гэтага часу невядомае.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]