Фiльм «Непахісныя» прысьвечаны культавай беларускай паэтцы і яе мужу доктару Яну Геніюшу.
Сёньня ў Празе падчас сьвяткаваньня Дзядоў адбылася прэм’ера дакумэнтальнага фільма «Радыё Свабода» «Непахісныя», прысьвечанага культавай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш і яе мужу доктару Яну Геніюшу.
Галоўны герой фільма — унук Ларысы і Яна Геніюшаў Міхась, які вырашыў прайсьці ня толькі праскімі сьцежкамі блізкіх продкаў. Разам з аўтарамі фільма Аленай Радкевіч і Аленай Ціхановіч ён наведаў гарады Вімпэрк і Пісэк — адрасы драматычных падзеяў у лёсе Геніюшаў, калі яны былі арыштаваныя і зьняволеныя.
«Сёньня я старэйшы, чым былі мае бабуля і дзядуля, калі выйшлі з Гулагу — кажа Міхась Геніюш, — і я разумею цяпер, чаму яны нічога пра гэта не хацелі расказваць».
70 гадоў таму, калі да ўлады ў Чэхаславаччыне прыйшлі камуністы, Ян і Ларыса Геніюшы былі пазбаўленыя грамадзянства і выдадзеныя ў СССР. Доктар і паэтка былі засуджаныя ў Менску на 25 гадоў Гулагу за антысавецкую нацыяналістычную дзейнасьць, нягледзячы на тое, што жылі ў эміграцыі і савецкімі грамадзянамі ніколі не былі.