Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Магілёве ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій

03.11.2018 общество
У Магілёве ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій

Дзясяткi людзей прыйшлі ў дзень памінання памерлых «Дзяды», ушанаваць памяць нявінна забітых.

Трыццаць чалавек прыйшлі 3 лістапада, у дзень памінання памерлых „Дзяды”, ушанаваць памяць нявінна забітых да двух крыжоў, устаноўленых насупраць Магілёўскага мясакамбіната, дзе ў гады сталінскіх рэпрэсій праходзілі расстрэлы, паведамляе “Радыё Рацыя”.

У адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі да месца масавых расстрэлаў часта прыходзілі толькі некалькі грамадскіх актывістаў апазіцыйных партый, сёння сярод тых, хто сабраўся, было шмат новых людзей, моладзі.

Фото: svaboda.org

„Ахвяры масавых рэпрэсій вартыя таго, каб мы пра іх памяталі. І памяталі не толькі асабіста, але і масава. Каб была нейкая калектыўная памяць, з якой можна жыць наступным пакаленням. Бо, на жаль, мы сёння назіраем сітуацыю, калі аднаўляецца гэтая савецкая, камуністычная ідэалагічная сістэма. Сёння святкуецца юбілей ВЛКСМ, зноў да 7 лістапада прымеркаваны нейкія святочныя мерапрыемствы. Гэта ўсё выглядае дзіка, бо тая дзяржава, якую прыхарошваюць і забіваюць нам у галаву, была таталітарнай”, — заявіў, адкрываючы памятны мітынг, магілёўскі журналіст і праваабаронца, актывіст незарэгістраванага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Аляксандр Буракоў.

Фото: svaboda.org

Ён расказаў, як было выяўлена гэта месца сталінскіх расстрэлаў, і выказаў шкадаванне, што маладое пакаленне практычна нічога не ведае пра іх. „Гісторыю забываюць. Ужо новае пакаленне не ведае, што было ў нашым горадзе, што ёсць гэтыя крыжы. Але калі дзяржава пачынае забіваць, яна ўжо не можа спыніцца. Калі мы забудзем, што дзяржава пачынала забіваць, я ўпэўнены, яна пачне рабіць гэта зноў”, — сказаў Буракоў.

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў прачытаў верш „А хто там ідзе” Янкі Купалы, адзначыўшы, што „гэты рэжым згіне, таму што колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе”.

Фото: svaboda.org

Кандыдат гістарычных навук Аляксандр Агееў расказа пра свайго рэпрэсаванага прадзеда і пра тое, што тэма сталінскіх расстрэлаў была табу ў яго сям’і. Ён прапанаваў актуалізаваць тэму палітычных рэпрэсій у грамадскай свядомасці.

Фото: svaboda.org

Як заявіў Аляксандр Буракоў, на дадзеным месцы неабходна ўстанавіць помнік, бо драўляныя крыжы з часам гніюць і падаюць. „Я хачу гэтым заняцца — пачаць перапіску з гарвыканкамам, каб тут з’явіўся помнік, каб нават праз сто гадоў людзі ведалі пра тое, што тут было. Я абяцаю, што зраблю ўсё магчымае, каб на наступны год, калі мы збярэмся на гэтым месцы, нам было што прадметна расказаць па гэтым пытанні альбо паказаць”, — сказаў журналіст.

Пасля гэтага прысутныя ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій хвілінай маўчання, усклалі кветкі і паставілі запаленыя лампадкі да ўстаноўленых крыжоў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]