3 лістапада — 136 гадоў Якубу Коласу, які верыў, што змрок рэчаіснасьці можна адолець, калі настроіць струны сваёй скрыпкі на патрэбны лад.
У адрозьненьне ад Янкі Купалы, чыя творчасьць была прасякнутая бурамі і пакутай, Якуб Колас заўсёды імкнуўся да гармоніі і спакою. Любіў рыцарскія раманы і быў адным з тых рэдкіх беларускіх паэтаў, хто пачаў пісаць пра каханьне пасьля 60. Стомлены сямейным тлумам, жадаў адзіноты, а здабыўшы яе, пакутаваў ад пачуцьця пакінутасьці.
Яго творчасьць падкрэсьлена аўтабіяграфічная. А яго найбольш выразны аўтапартрэт — Сымон-музыка. Вонкава суровы, каржакаваты, няўсьмешлівы, Якуб Колас да канца жыцьця застаўся рамантыкам, які па-дзіцячы верыў: змрок нашай рэчаіснасьці можна адолець, калі зможаш настроіць струны сваёй скрыпкі на патрэбны лад. Калі будзеш верыць у казачнае і фантастычнае, калі захаваеш наіў і ўнутраную лёгкасьць. Колас гэтую лёгкасьць захаваў.
1. Змалку яго раздражнялі нараканьні на беднасьць
«Сваякі, як галодныя сабакі, гатовы разарваць мяне на кавалкі. А іх болей, як у мяне валасоў на галаве. Ня так шкада перакінуць ім сяды-тады тое-сёе, прыкра чуць гэтыя бясконцыя іх жальбы на сваю беднату, гэтая іх жабрацкая традыцыя. З малых дзён я чую гэтыя скаргі, і яны псуюць мне настрой і атручваюць жыцьцё» (зь ліста да А. Смоліч. 5 студзеня 1950. / Выбранае. Т.19. 2012).
2. Засмучаўся, што ў «Беларускай хатцы» паказвалі фільмы для дарослых, на якія дапускаліся дзеці
«Зайдзіце, калі гэта цікава, у гадзін 12 ночы ў Беларускую хатку на кінэматаграфічныя сэансы. Там кішаць дзеці, закінутыя дзеці гарадзкіх акраін. На экране — сцэна оргій. Дзеці назіраюць /.../ і тут жа, па натуральным нахіленьні дзяцей да перайманьня, паўтараюць гэтыя сцэны. Перад іх вачыма праходзіць і другая сцэна, сцэна расстрэлу. /.../ Вынікам гэтае сцэны зьяўляецца гульня. Некалькі хлопчыкаў прыгаворваюцца да расстрэлу. /.../ Другая група хлопчыкаў, узяўшы палкі замест карабінаў, наводзіць на іх „карабіны“.
— Пах! — крычаць яны. „Прыгавораныя“ падаюць, а „расстрэльшчыкі“ кідаюцца на іх і „колюць“.
— Што вы робіце?
— Трэба дакалоць, бо, можа, хто яшчэ жывы».
Так выхоўвае іх кінэматограф" (Якуб Колас. «Падумайце аб дзецях!»/ Мальдзіс А. Зь літаратуразнаўчых вандраваньняў. 1987).
3. Яго палохала вялікая хваля злачыннасьці сярод школьнікаў у 1950-я гады
«...среди хулиганов и преступников все чаще попадаются сыновья уважаемых и обеспеченных родителей. /.../ зло принимает угрожающие размеры: преступники снимают часы на людных улицах, раздевают граждан средь бела дня, вламываются в сберегательные кассы, опустошают кассы магазинов. В Марьиной Горке, неподалеку от Минска, орудовала шайка грабителей, в которую входили десятиклассники и в том числе сын местного начальника милиции. /.../ Мне от души стыдно за это подлое и трусливое безразличие к /.../ преступным действиям. /.../ Ученики средней школы, дети известных в Минске родителей, украли легковую машину, ограбили склад. /.../» (Якуб Колас. «С мыслью о благе человека...» / Збор твораў. Т. 17. 2012).
4. За год да арышту іранізаваў з царскіх судоў, дзе сьведкамі абвінавачаньня былі тагачасныя амапаўцы — стражнікі
«Судзьдзя гаворыць да абвіняемых, трох вясковых хлопцаў:
— Вы абвіняецеся ў тым, што хадзілі па вёсках і сьпявалі забароненыя песьні. Прызнаяце сябе вінаватымі?
— Не, не прызнаём!
— Сьвідзецель! Вы на гэта што скажаце?
Устае сьведка, паліцэйскі стражнік.
— Сьпявалі, ваша высакародзіе.
— Ці помніце, што яны сьпявалі?
— Труля-ля, труля-ля! Яшчэ труля-ля, ізноў труля-ля!»
(Стары Шут. «З судзебнай практыкі ў Мінскім павеце». // «Наша ніва», 1907, № 31, 12 (25) кастрычніка).
5. У астрозе сукамэрнікі забаранялі яму галіць бараду
«Барада была ў мяне. /.../ Мне сябры па камэры забаранялі здымаць яе. Грошы я ў барадзе хаваў. /.../ Туга было: харчоў не хапала. Зразумела, мець сваю капейку было надзвычайна патрэбна. А ўберагчыся цяжка, вобыскі: знойдуць і забяруць. І я выручаў усю камэру: скручу якую дзесятку ў трубачку і ўткну ў бараду. Рукі падыму ўгару, шукаюць, шчупаюць і нічога. Дзе-ж ім дагадацца» (Андрэй Александровіч. «Полымя» ў Магілёве. // «Савецкая Беларусь», 1928, № 265, 18-га лістапада).
6. Іранічна раіў беларусам навучыцца сварыцца паводле правільнай мэтадалёгіі
«З прычыны таго, што сварка — бытавая зьява шырокага размаху, на яе трэба было б зьвярнуць належную ўвагу, чаго, на жаль, ня робіцца дагэтуль. Літаратура таксама займаецца ёю мала, а калі і займаецца, то ня так, як трэба, разглядаючы яе з надворнага боку, адзначаючы пэўныя факты. Істота ж гэтае сваркі, яе, так сказаць, дынамічнасьць, яе мэтадычны бок застаюцца ў цені. Скажам, ня высьветлены такія пытаньні: у якой паступовасьці трэба разьмяркоўваць самы матэрыял сваркі? Што трэба казаць наўперад, а што потым? Куды трэба пазіраць, калі лаесься з чалавекам? Якую нагу трэба выставіць наперад? Які выраз трэба даць твару? Як трымаць рукі? У які момант згарнуць фігу? Калі пераходзіць ад слоў да справы, або, другімі словамі, калі кідацца ў атаку? Да гэтага часу сваркі вяліся і вядуцца саматужным спосабам, а трэба было б злажыць простую, усім даступную, схэму для практычнага карыстаньня ў інтарэсах эканоміі часу і фізкультурнага выхаваньня» (Тарас Гушча. «Калектыў пана Тарбецкага».// «Полымя», 1926, № 4).
7. На самоце іграў на скрыпцы і сьпяваў канон сьвяціцелю Яну Залатавусту
«Аднойчы ўвечары ў Менску Уладзімер Дубоўка і Мікола Равенскі /.../ вырашылі па аднэй пільнай справе наведаць Якуба Коласа. Дайшоўшы да ягонае хаты, яны пабачылі, што дзьверы на вуліцу адчыненыя. Яны ўвайшлі ў першы пакой, потым у другі, нікога не сустракаючы, і нарэшце пачулі скрыпку і сьпяваньне. У паўзмрочным пакоі стаяў сьпіной да тых, што ўвайшлі, Якуб Колас і пад скрыпку ўголас пяяў:
Колеснице гонителя фараона погрузи
Чудотворяй иногда моисейский жезл...
Заўважыўшы Дубоўку і Равенскага, Якуб Колас спалохаўся і сказаў: «Як вы няўпрыцям увайшлі. Вы нічога ня бачылі і ня чулі. Добра?» (Ю. Віцьбіч. Зь ліста да М. Міцкевіча ад 1.11.1954. / Уладзімір Дубоўка. «Ён і пра яго». Менск, 2017).
8. Не любіў тоўстых і злаваўся на сабе, калі пачаў таўсьцець
«Скора будзе год, як не куру. Гэта троху падмацавала лёгкія, але, з другога боку, я стаў таўсьцець, а тоўстых я ніколі не любіў, а самога сябе я за гэта ўзьненавідзеў» (зь ліста да А. Смоліч. 5 студзеня 1950. / Збор твораў. Т. 17. 2012).
9. Раіў сеяць жыта паводле мэтаду гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага
«Некалькі год запар у сябе пад вокнамі я засяваў жытам лапінку зямлі велічынёю зь пісьмовы стол. Сеяў я па-звычайнаму — увосені, вясною падкормліваў рунь мінэральнымі ўгнаеньнямі. /.../ У 1952 годзе я таксама пасеяў жыта, але вясною, выкарыстаўшы адзін цікавы спосаб. /.../ Спосаб гэты ўжываўся ў Беларусі ў канцы XVI стагодзьдзя. Весткі аб ім знаходзяцца ў Хроніцы Гваніньні. /.../ Гваніньні /.../ быў ротмістрам у Віцебскім замку. Вось што ён піша ў сваёй хроніцы: „Існуе другі, нядаўна вынайдзены спосаб сяўбы на выпаленай і ачышчанай ад лесу /.../ глебе: да дзьвюх частак ячменю дамешваюць трэцюю частку жыта, і гэтую сумесь сеюць вясною ў належны час. Ячмень высьпявае, жнецца і прыбіраецца з поля ў тое ж самае лета: жыта ж з-пад ячменю /.../ пакідаюць на зіму. На наступны год гэтае жыта бывае такое ўраджайнае і густое, што цераз яго насілу можна праехаць верхам, і такое высокае, што ледзь можна ўбачыць чалавека, які едзе верхам“ (Якуб Колас. „Справа, якая заслугоўвае ўвагі“. // „Калгасная праўда“, 1953, № 172, 1 верасьня).
10. На камуністычным зьезьдзе крытыкаваў савецкія падручнікі
«...Для падручнікаў у нас часта падбіраюцца дрэнныя малюнкі, папера і, на жаль, далёка ня лепшыя літаратурныя матэрыялы. Возьмем буквары і чытанкі /.../ У іх часам адсутнічае адзінства ідэі і мэты ў справе выхаваньня маладога пакаленьня. /.../ не пасьпее прыйсьці вясна, як гэтыя кнігі трэба здаваць у макулятуру. Яны парваліся, бо аддрукаваны на паперы нізкай якасьці. Малюнкі, якіх нельга было разабраць і спачатку, сталі цёмнымі плямамі. Падручнікі ўстарэлі і па матэрыяле, які быў дрэнна падабраны і напісаны“ (Якуб Колас. Прамова на XXI зьезьдзе Камуністычнай партыі Беларусі. // „Звязда“, 1954, № 38, 14 лютага).
11. Высьмейваў Максіма Лужаніна за апісаньне першай сустрэчы Коласа зь Янкам Купалам у 1912 годзе
«... Як табе падабаецца такая сустрэча двух паэтаў? Яны першы раз бачацца і адразу ж абдымаюцца і тройчы чаломкаюцца, як «загадвае звычай» і, не пасьпеўшы ўцерці губы, хапаюцца за вершы, пачынаюць чытаць, і не абы-як, а выйшаўшы на сярэдзіну хаты і ўпёршы рукі ў бокі. З-за коміна паглядаюць дзеці — абавязкова замурзаныя! — і варушаць губамі — абавязкова пульхнымі! — паўтараючы вешчыя словы. Дарослыя — абавязкова! — зьміргваюць з вачэй сьлязу. Хто — абавязкова! — цярэбіць хустку, хто — абавязкова! — пагладжвае вусы і бараду... (...) Адкуль гэта ты ўзяў, што ў нас зь Янкам былі «звонкія» галасы? Як гэта мы маглі так вольненька, паляпваючы адзін другога па плячы, перайсьці адразу на «ты»? І пры малых, пры маці ўсчыналі ледзь не рэвалюцыйныя прамовы? А як ты прымусіў нас размаўляць? Падумай. Вытрымкамі зь вершаў. І хоць бы зь якіх-небудзь, а то са сваіх уласных. Хіба ў нас людзкія словы ў горле паперасядалі?» (Лужанін М. «Колас расказвае пра сябе». 1982).
12. Шкадаваў Барыса Пастарнака
«Мне стала неяк шкада Пастэрнака. Ён гаварыў так блытана, так загадкава і дапускаў такія ляпсусы, што проста крыўдна за чалавека, тым больш што ён шчыры. Яму трэба абавязкова запісваць поўны тэкст таго, што хоча ён сказаць аўдыторыі. Я ўчора сказаў яму пра гэта. Ён пагадзіўся са мной » (зь ліста да С. Гарадзецкага. 7 сакавіка 1936 г., Менск. / Збор твораў. Т. 18. 2012).
13. Пакрыўдзіў юнага Івана Мележа, калі разграміў пачатак яго першага рамана «Мінскі напрамак»
«...Малавата ў рамане тае напружанасьці, якая вядзе чытача ад старонкі да старонкі. І, на жаль, бадай што кожная старонка носіць сьляды няўважлівай работы над словам. Аўтар піша „пазбавілася зручнай дарогі для адступленьня“, у той час, як пазбавіцца можна ад нежаданага, а не ад патрэбнага. Далей гаворыцца: „Між сосен траплялася ўсюды сьсечанае гальлё“. Слова „ўсюды“ і „траплялася“ ўзаемна выключаюць адно другое» (Якуб Колас. «Разьвіваць і ўзбагачаць літаратурную мову». // «ЛіМ», 1950, № 14, 1 красавіка).
14. Раскрытыкаваў эпапэю Міхася Лынькова «Векапомныя дні», а той называў няўдалай паэму Коласа «Адплата»
«У рамане шмат няверных, а таму і фальшывых сытуацый. /.../ Усе немцы, за нямногімі выключэньнямі (Вілі, Кубэ), падаюцца надзвычай наіўнымі, глупымі, абмежаванымі. /.../ Зварачаюць на сябе ўвагу і прозьвішчы пэрсанажаў рамана: Дудок, Дудзік і Паддудзік. /.../ Калі Гогаль даваў сваім пэрсанажам такія прозьвішчы /.../, дык там усё апраўдана, як у творы сатырычным. Але якое апраўданьне можа быць для прозьвішча сумленнага, дадатнага савецкага чалавека, як Масладуда?» (зь ліста да М. Лынькова. 9 красавіка 1952 г., Менск. / Збор твораў. Т. 19. 2012). «Вельмі прашу Вас зьвярнуць увагу на маю паэму „Адплата“. /.../ Паэма прайшла амаль незаўважанай. І вінаваты ў гэтым наш паважаны Міхал Лынькоў. Ён бадай што толькі адзін прачытаў яе, калі быў старшынёю нашага пісьменьніцкага саюза, і махнуў на яе рукою, як на няўдалую паэму. З гэтым я не магу пагадзіцца. Асабіста мне паэма падабаецца. У ёй шмат ёсьць удалых паэтычных мясьцін. /.../ яна багата зьместам і разнастайнасьцю самога складу расказу» (зь ліста да У. Чаржынскага. 24 сьнежня 1952 г./ Збор твораў. Т. 19. 2012).
15. Ушчуваў беларускіх кампазытараў за тое, што ня пішуць запамінальнай музыкі
«За доўгія гады не дачакаліся мы ад нашых кампазытараў песьні, якую сьпявалі б у радах дэманстрантаў і за сталом у добрай бяседзе. Гэта вельмі крыўдна /.../ Кампазытары кажуць, што паэты ня пішуць для іх тэкстаў, паэты сьцьвярджаюць, што кампазытары лянуюцца чытаць напісанае. Відаць, і тыя і другія гавораць праўду. А мы ж хочам мець і выдатную опэру, і сымфонію, і сюіту, і раманс» (Якуб Колас. Прамова на XXI зьезьдзе Камуністычнай партыі Беларусі. // «Звязда», 1954, № 38, 14 лютага).
16. Любіў назіраць, як ядуць палонныя немцы
«Вельмі цікавая сцэна: палонныя гітлераўцы абедаюць. Відаць, што людзі галадуюць. Марыя Георгіеўна прынесла ім вядро варыва. Я зумыслу пасадзіў іх так, каб можна было наглядаць за імі. Сур’ёзныя твары. Намёку няма на весялосьць. Варыва іхні „брыгадзір“ разьмеркаваў. Пачалі есьці. Ядуць маўкліва, сур’ёзна: гэта для данага моманту для іх асноўнае. Потым, запхнуўшы кішкі, людзі весялеюць» (Зь дзёньнікавых запісаў: 13 мая 1947 г. / Збор твораў. Т. 20. 2012).
17. Калі адпачываў бяз жонкі на курорце, яго раздражнялі закаханыя пары
«Да нашага глядыятара (ёсьць тут паэт такі) прыехала нейкая дзяўчына, тоўстая, ёмкая. Яны цалуюцца „на глазах почтеннейшей публики“. Прынамсі, я раз бачыў на свае ўласныя вочы. Яна ляжала на ложку, а ён прыпаў да яе і цалаваў. Гэта мой блізкі сусед. З акна відаць уся іх ідылія. Праціўны яны мне абое» (зь ліста да М. Міцкевіч. 25 чэрвеня 1924 г., Кіславодск. / Збор твораў. Т. 18. 2012).
18. У Барвісе захапляўся эратызмам мясцовых скульптур
«Многа тут і розных скульптур, пераважна антычных. Яны мне нават прыгледзеліся: стаіць гэткая красуня, прыкрыўшы „міроньню“ сваёю белаю далоньню. Або які-небудзь „Апалон“ з ляўровым вянком на галаве і з капшуком на яйцах» (зь ліста да Максіма Лужаніна. 29 мая 1955 г., Барвіха./ Збор твораў. Т. 20. 2012).
19. Засмучаўся жахлівым станам беларускіх могілак
«...амаль усюды па Беларускай савецкай рэспубліцы ў страшэннай запушчанасьці знаходзяцца могілкі /.../ Могілкі не агароджаны, па іх бесперашкодна топчацца скаціна. А на гэтых могілках ёсьць вядомыя людзі, што прысьвяцілі сваё жыцьцё народу і Радзіме — Францішак Багушэвіч, Дунін-Марцінкевіч і шмат іншых. Такая непавага да сваіх продкаў ня ёсьць сьведчаньне аб нашай культуры. 17 мая 1956 г.» (Якуб Колас. Ліст да члена Бюро ЦК КП Беларусі П.А. Абрасімава аб стане могілак у рэспубліцы. / Збор твораў. Т. 17. 2012).
20. Зьдзіўляў Петруся Броўку сваімі шагалаўскімі фантазіямі
«Нядаўна мяне апанавала думка. Вось я раптам напісаў бы такую аб’яву для нашай шаноўнай санаторскай публікі: „Вечер чудес“. Я яўляюся перад публікаю — а тут усе людзі вучоныя — і пытаюся: ці можа чалавек адарвацца ад зямлі і павіснуць у паветры? Мне сказалі б: не /.../ ёсьць закон усясьветнага цягаценьня. А я знайшоў спосаб ліквідаваць гэта цягаценьне, узяў сабе падняўся на крок, на два ды пайшоў разгульваць над галовамі свае аўдыторыі... Нармальнаму чалавеку такія мысьлі ў галаву не палезуць» (зь ліста да П. Броўкі. 22 кастрычніка 1947 г., Кіславодск. / Збор твораў. Т. 19. 2012).
Васіль Дэ Эм, «Радыё Свабода»