Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Пра нас і Гандурас

04.11.2018 общество
Пра нас і Гандурас

Выезд жыхароў Беларусі за мяжу, асабліва апошнімі гадамі, набыў вельмі маштабны характар.

Калі вы думаеце, што паміж Беларуссю і далёкім цэнтральнаамерыканскім Гандурасам на іншым канцы планеты няма падобнага, то вы моцна памыляецеся. Ёсць адна значная рэч, якая дазваляе рабіць хоць і супярэчлівыя, але выразныя паралелі.

З Гандурасу многатысячнай калонай у бок Злучаных Штатаў Амерыкі рухаецца вялізны натоўп мігрантаў. Яны ідуць з цэнтральнай часткі амерыканскага кантыненту магутнай хваляй праз дзве тысячы кіламетраў, праз Гватэмалу і Мексіку і маюць цвёрды намер дасягнуць тэрыторыі ЗША.

Ліберальныя медыі называюць гэтых людзей чамусьці бежанцамі. Але зусім незразумела, чаму уся гэтая агромністая арда не выходзіць на вуліцы сваёй сталіцы Тэгусігальпы і не патрабуе ў свайго ўраду змены парадкаў. Незразумела, чаму людзі не хочуць памяняць жыццё ў сваёй краіне да лепшага, уладкаваць эканоміку і працаваць на свой дабрабыт дома.

У Гандурасе няма зараз ні вайны, ні жахлівых прыродных катаклізмаў. Ніхто не захоплівае гэтую краіну і не замахваецца на яе тэрытарыяльную цэласнасць. Але тысячы гэтых, пераважна маладых і здаровых людзей, якія хочуць быць дармаедамі ў багатай краіне, пакідаюць сваю радзіму і пруцца ў ЗША. Больш таго, гэтыя людзі настроены надзвычай агрэсіўна ў дачыненні да багатай і развітай краіны, куды яны так апантана імкнуцца – то сцягі ЗША паляць, то вінавацяць ва ўсім урад гэтай краіны. А ангельскую мову і вучыць не збіраюцца. Пра якую тут інтэграцыю новых фальшывых бежанцаў можна казаць!? Але ж знаходзяцца сілы і ў самой Амерыцы, якія напярэдадні выбараў інспіруюць такую масавую плынь новых мігрантаў.

Беларусы – нібыта зусім іншы народ. Нашы людзі натоўпам могуць прыйсці хіба што на адкрыццё новага супермаркету, дзе будзе выкінутае нешта задарма, як кажуць “на халяву”. А вось за мяжу насельнікі Беларусі едуць таксама вельмі масава, але ж паасобку. Беларусы ўсё ж – індывідуалы. Лік ідзе на тысячы, думаецца, нават на дзясяткі тысяч чалавек. У Беларусі няма зараз ні вайны, ні жахлівых прыродных катаклізмаў. Праўда, цэлы час чорнай хмарай навісае пагроза расейскай акупацыі.

Дакладнай статыстыкай ніхто не валодае, але ўсе ведаюць, што выезд жыхароў Беларусі за мяжу, асабліва апошнімі гадамі, набыў вельмі маштабны характар. Канада, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Аўстралія, Чэхія, Аўстрыя, Швецыя – асноўныя краіны эміграцыі для беларусаў. Ну і канешне ж суседняя Польшча.

У выніку эканамічнага крызісу ў Расеі вектар гастарбайтарскай сілы ўпэўнена схіліўся на Захад. Зноў жа, цяжка прывесці дакладную статыстыку, але колькасць беларусаў, якія выязджаюць на заробкі ў Польшчу, няўхільна павялічваецца. Меркаваць упэўнена можам тут па гарадзенскім рэгіёне.

Многія, знайшоўшы сталую працу за мяжой, выязджаюць на пастаяннае месца жыхарства. Асабліва шмат выязджае моладзь на навучанне. Хлопцы, адначасна з атрыманнем вышэйшай адукацыі, уцякаюць ад савецкай арміі (а войска Рэспублікі Беларусь іначай як расейска-савецкім і не назавеш) і ўжо нават з-за гэтага не вяртаюцца. Дзяўчаты, адвучыўшыся ў замежных установах, як правіла выходзяць замуж. Ніхто з гэтай моладзі назад ужо не вяртаецца. Бацькі і дзяды, якія сядзелі як мышы па сваіх кватэрах апошнія дваццаць гадоў і пальцам не пашавялілі, каб паспрабаваць штосьці змяніць у сваёй краіне, зараз усімі сіламі імкнуцца выпхнуць сваіх дзяцей і унукаў на захад, далей з гэтай “чорнай дзіркі” Еўропы.

Беларусы, якія выязджаюць у іншыя краіны, хутка адаптуюцца ў новым асяроддзі, не ствараюць праблем уладам, арганічна інтэгруюцца ў грамадства. Яны ўмеюць і любяць працаваць, вывучваюць мовы, робяць паспяховыя кар’еры, ствараюць сем’і, зарабляюць грошы.

Уладзімір Хільмановіч, harodniaspring.org

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]