Былы палітвязень распавёў пра жыццё, пра тое, што яго падтрымлівала і пра планы на бліжэйшы час.
Былы палітвязень выйшаў на волю з калоніі, але і пасля вызвалення праваахоўнікі спрабуюць устанавіць за ім кантроль, піша «Новы час».
На мінулым тыдні палітвязень Зміцер Паліенка вызваліўся з бабруйскай папраўчай калоніі №2, дзе адбываў 1,5 года пакарання па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК. Цяпер ужо былы палітвязень распавёў пра жыццё і ціск у зняволенні, пра тое, што яго падтрымлівала і пра планы на бліжэйшы час.
— Ужо больш за тыдзень мінула, як ты на волі. Як адчуваеш сябе фізічна, маральна?
— Ужо адаптаваўся, адчуваю сябе добра, амаль з усімі сустрэўся, усе вельмі радыя. Калі я выйшаў з цягніка на вакзале і ўбачыў сяброў, якія прыехалі мяне сустракаць, увогуле страціў дар маўлення.
Адзінае, цяпер вельмі шмат спраў і падзей. Кожны дзень мне трэба хадзіць у РУУС на лекцыі да таго часу, пакуль я афіцыйна не працаўладкуюся і не прынясу ім дакументы. Але я не хацеў бы працаўладкоўвацца афіцыйна — максімум, па дамове падраду. Я так працаваў, і мне хапала на жыццё. Я лічу, што калі ёсць галава і рукі, чалавек не прападзе. А калі ўладкоўвацца некуды афіцыйна, я ведаю, што ў мяне будуць праблемы з гэтым.
Лекцыі ў РУУС ніяк не паспрыяюць майму працаўладкаванню, але калі я не з’яўлюся на іх, на мяне складуць пратакол па артыкуле 23.4 КоАП за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, які прадугледжвае арышт альбо штраф. Я лічу, што такім чынам мяне вырашылі кантраляваць: за мной не могуць пакінуць нагляд, бо ў мяне не такі цяжкі артыкул.
— Як для цябе прайшлі два гады ў зняволенні, чым ты займаўся, якія ўмовы былі ў калоніі?
— Насамрэч умовы былі больш-менш нармальныя. Цяжка было першы час з ежай, з рэжымам, але пасля прывык. Чалавек да ўсяго прывыкае.
Спачатку я працаваў у прамысловай зоне, мы рабілі пальчаткі для металургічнага завода. Зарплату плацілі цыгарэтамі: два — тры пачкі на месяц. А калі я вызваляўся з калоніі, хлопцы казалі, што ім увогуле перасталі плаціць.
Мне цяжка было працаваць па стане здароўя. У мяне з дзяцінства шмат хранічных захворванняў, у тым ліку бранхіяльная астма, таму я проста задыхаўся, бо там паўсюль быў пыл. Хаця, калі я толькі прыехаў у калонію, урач з санчасткі паставіў мне забарону на працу. Але каля года я працаваў з забаронай. Пазней праз алергію на пыл у мяне пачаліся праблемы з нагой: з’явіўся дэрматыт, які перарос у экзэму. Паўгода я лячыў нагу: мне давалі зялёнку і больш нічога. І толькі калі я напісаў у ДВП (Дэпартамент выканання пакаранняў. — НЧ) ліст, каб мяне перавялі ў шпіталь, мяне прывезлі ў Жодзіна і вылечылі нагу літаральна за некалькі дзён. А калі я вярнуўся ў калонію, мяне знялі з працы. Я думаю, дапамагло яшчэ тое, што інфармацыя пра мяне трапляла ў СМІ, а адміністрацыя не хацела праблем.
— А ты сам атрымліваў прэсу, як даведваўся пра навіны?
— Так, прыходзілі газеты. Iнфармацыя, у любым выпадку, даходзіла да мяне праз сяброў. Альбо я прасіў іншых зняволеных пазваніць маім сябрам і папрасіць, каб распавялі пра навіны.
Канешне, не мог усяго напісаць, пра што хацеў, бо была цэнзура. Напрыклад, калі я пісаў свае думкі наконт абароны Курапатаў, што я б зрабіў, мне сказалі перапісаць ліст, бо палічылі яго заклікам да пэўных дзеянняў.
— Раскажы пра ціск, які на цябе аказвалі ў калоніі.
— У ШІЗА мяне накіроўвалі на самым пачатку, калі я з каранціну перайшоў у атрад. Я не ведаю матываў, паводле якіх гэта рабілі. Відаць, для таго, каб зрабіць мяне злосным парушальнікам. Гэта азначае абмежаванне ў пасылках, ліміт грошай на атаварку (дзве базавыя велічыні за месяц), адмова ў дадатковых тэлефанаваннях родным і ў доўгатэрміновых спатканнях з імі. Яшчэ ў мяне было меркаванне, што мяне хацелі раскруціць на 411 артыкул — злоснае непадпарадкаванне, каб вывесці на турму і ізаляваць.
Іншыя зняволеныя баяліся са мной стасавацца, бо ім пагражалі абмежаваннямі спатканняў ці пазбаўленнем пасылак. Але са мной кантактавалі людзі, у якіх былі маленькія тэрміны і якім не было чаго губляць. Таксама былі тыя, каму прапаноўвалі супрацоўніцтва: каб яны даносілі на мяне ў абмен на ўмоўна-датэрміновае вызваленне ці яшчэ нешта. Але я не ведаю такіх, хто б пагадзіўся.
— Як можна адстойваць свае правы ў зняволенні?
— Абскарджваць пастановы не мае ніякага сэнсу. Напрыклад, мяне ставяць на ўборку прыбіральні. Але я не магу гэтага рабіць, для гэтага ёсць асобныя людзі — так трэба. І адмова лічыцца грубым парушэннем. Так было два разы. Першы раз я адмовіўся і трапіў у ШІЗА. Але калі ў СМІ з’явілася інфармацыя пра гэта, адміністрацыю гэта вельмі напружвала і яны шукалі іншыя спосабы ціску: пазбаўлялі спатканняў, пасылак, але ў ШІЗА больш не саджалі. Агулам там я праседзеў 27 сутак — гэта не шмат. Звычайныя людзі могуць за раз трапіць на 100 сутак у ШІЗА — і гэта без выхаду. Яны не атрымліваюць лістоў, перадач, цыгарэт. Усё, што ёсць у іх камеры, — зубная шчотка, мыла, ручнік. З мэблі — столік, зэдлік, нары, якія адшпільваюцца, і прыбіральня. Больш нічога няма.
— Колькі разоў удалося паразмаўляць з роднымі?
— Тэлефанаванні ў нас былі тры — чатыры разы на месяц. Адзінае, што напружвала, — я быў на кантролі. Я тэлефаную бацьку (больш я не маю права нікому званіць), наглядчыкі правяраюць нумар, які я набіраю, бяруць слухаўку, пераконваюцца, што гэта бацька, я размаўляю, а яны слухаюць, што я кажу. Час на размовы адводзіўся 10 хвілін. Па законе павінна быць 15, але не ўсе паспяваюць патэлефанаваць.
Былі спатканні з бацькам, праўда, кароткатэрміновыя — я з ім праз шкло размаўляў. А доўгатэрміновае спатканне ні разу за ўвесь тэрмін не дазволілі. Не ведаю, чаму.
— Як увогуле адміністрацыя ставіцца да зняволеных?
— Іх не лічаць за людзей. Я заўважыў, калі яшчэ сядзеў у СІЗА: калі ты там знаходзішся, цябе ўжо лічаць вінаватым і ты ўжо не чалавек. Робяць усялякія гадасці. Са мной быў выпадак. Я рабіў для сяброў розныя самаробныя паштоўкі, і аднойчы зрабіў букецік, які хацеў адправіць адной дзяўчынцы. Але мне сказалі, што, паколькі ён не празрысты, яго нельга дасылаць. Тады я прапанаваў перарабіць, і мне дазволілі. Калі я перарабіў і зноў адправіў, мяне выклікалі і сказалі, што ўсё роўна нельга. Хаця ў іншых зняволеных такіх праблем не было. Пасля гэтага я пайшоў да намесніка начальніка калоніі, ён пры мне патэлефанаваў цэнзару, які чытае лісты, і цэнзар сказаў, што можна, і што нічога забароненага тут няма. Альбо яшчэ выпадак: пішу дзяўчыне ліст, а яна мне піша ў адказ: «Навошта ты мне даслаў нейкую жабу?» То бок, аператыўнікі, чытаючы мае лісты, маглі падкінуць у іх што заўгодна, і рабілі такую поскудзь.
— Што для цябе было самым цяжкім у зняволенні і што дапамагала трымацца?
— Самае складанае — адсутнасць побач блізкіх людзей, іх вельмі не хапала. А яшчэ мне напісала дзяўчынка, яна рабіла ўсялякія прыгожыя паштоўкі і дасылала мне. Я вельмі хацеў з ёй сустрэцца, і на днях гэта зрабіў. Увогуле мне пісала вельмі шмат людзей з розных краін: Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Англіі... Я ўсім адказваў. Гэта вельмі падтрымлівае, кожны ліст — як глыток свежага паветра з волі.
Пісаў лісты, чытаў кнігі, па вечарах мы глядзелі фільмы. Ніколі не было страху ці пачуцця безвыходнасці. Трымацца дапамагала думка, што я тут не надоўга, а хто сапраўды ў няволі — гэта адміністрацыя, якая заўжды знаходзіцца ў калоніі.
— Якія ў цябе планы, можа, ёсць мара, якую ты хацеў бы здзейсніць?
— Я хацеў бы паехаць у Львоў і ў Карпаты, зладзіць тур па беларускіх гарадах, бо я мала дзе быў. Але, напэўна, гэта будзе яшчэ не хутка, бо трэба ўладкаваць шмат спраў.
Я ўжо на волі, у коле сяброў, і хоць да канца не свабодны ў дыктатарскай дзяржаве, але прынамсі магу ўсіх убачыць. А вось мае сябры ўсё яшчэ знаходзяцца ў зняволенні, і некаторым яшчэ сядзець па 8 год. Гэта антыфашысты Ілля Валавік, Вадзім Бойка. Святаслаў Барановіч, які на дазволенай акцыі ўступіўся за маіх таварышаў і за тое, што бараніў хлопцаў і ўдарыў у твар гопніка, які аказаўся міліцыянтам, атрымаў тры гады. Сядзіць праваабаронца Міхаіл Жамчужны. Цяпер галоўнае — калі не вызваліць гэтых людзей, то максімальна ім дапамагчы, нельга пра іх забываць. Сувязь паміж зняволенымі забароненая, але я пісаў пару словаў кшталту «Прывітанне, будзь здаровы, трымайся» і дасылаў свайму сябру, які перасылаў іх ім.
— Ты выйшаў на волю, але ці адчуваеш сябе свабодным?
— У гэтай дзяржаве несвабодныя ўсе. І хоць я ўжо не за кратамі, але гэта тая ж няволя. Ёсць ілюзія свабоды. У нас такі менталітэт, што людзі абыякавыя адзін да аднаго і да таго, што адбываецца. Яны пачынаюць выказваць нейкі пратэст толькі тады, калі праблема закранае іх асабіста. Той жа прыклад прадпрымальнікаў, альбо людзей, якіх закрануў дэкрэт аб дармаедах. Але гэтыя людзі не выходзяць святкаваць Дзень Волі, не прыходзяць на Чарнобыльскі шлях. Яны добра ведаюць, што ў Беларусі няма выбараў, што дзяржаўныя СМІ хлусяць, але яны проста з гэтым мірацца. Яны баяцца і не хочуць пратэставаць — і гэта вельмі крыўдна. Паміж людзьмі няма сувязі і салідарнасці.
— Па-твойму, шлях да пераменаў магчымы праз выхад на вуліцу?
— А я не бачу іншых спосабаў. Збіраць нейкія подпісы бессэнсоўна, голас чалавека будзе пачуты толькі на вуліцы. Я буду працягваць змагацца з рэжымам, толькі больш прадумана. А тое, што я на кантролі… У нас амаль уся краіна знаходзіцца на кантролі — нічога страшнага ў гэтым няма.