Беларускія патрыёты абвесцілі акцыю.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) абвесціла пра пачатак кампаніі па папулярызацыі гістарычнага сымбаля Беларусі — герба «Пагоня», піша nn.by.
На першым этапе кампаніі БСДП плануе высылаць поштай налепкі з гістарычным гербам «Пагоня» грамадзянам, якія звярнуцца да арганізатараў.
На другім этапе кампаніі беларусы, якія наклеяць герб «Пагоня» на сваё аўто і вышлюць фотаздымак з ім арганізатарам, здолеюць прыняць удзел у розыгрышы аўтамабільнага відэарэгістратара. Аб даце розыгрышу будзе паведамлена дадаткова.
Акцыя адбудзецца ў межах кампаніі «100 год БНР».
Старшыня БСДП Ігар Барысаў адзначае, што налепкі поштай — гэта ўнікальная магчымасць для прадстаўнікоў з рэгіёнаў атрымаць герб «Пагоня», бо знайсці яго ў продажы ў сярэдніх, малых гарадах і сельскай мясцовасці амаль немагчыма.
«Чым больш будзе візуалізацыі герба «Пагоня» у тым ліку на аўтамабілях, тым больш маштабна мы можам паказаць, што грамадзяне Беларусі з’яўляюцца прыхільнікамі незалежнасці і нацыянальнай дзяржавы з яе гістарычнымі сімваламі. Усё гэта стварае фон, дыскурс і набліжае нас да таго моманту, калі і ўлада не можа ігнараваць пазіцыі грамадзян, бо яны становяцца заўважнымі і маштабнымі, — кажа Ігар Барысаў.
У выпадку паспяховасці акцыі арганізатары абяцаюць яе працяг.