Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Прэм'ер БНР, які карміў увесь Менск

07.11.2018 общество
Прэм'ер БНР, які карміў увесь Менск

10 фактаў пра Рамана Скірмунта.

Выйшла кніга «Раман Скірмунт (1868-1939). Жыцьцяпіс грамадзяніна Краю». Аўтар манаграфіі Алесь Смалянчук распавёў Свабодзе 10 невядомых фактаў пра адну з ключавых постацяў беларускай незалежнасьці пачатку ХХ стагодзьдзя.

1. У сям’і Скірмунтаў да XVІІ стагодзьдзя размаўлялі па-беларуску

Скірмунты — літоўскі род. Імя Skirmuntas дагэтуль існуе ў Літве, хоць ня вельмі папулярнае. На беларускім Палесьсі Скірмунты зьявіліся на пачатку XVI стагодзьдзя. А вось у легендарнай гісторыі пачаткі роду ідуць ад рымскіх патрыцыяў.

Раман Скірмунт выхоўваўся ў польскай сям’і, але прызнаваўся, што да XVІІ стагодзьдзя ягоныя продкі размаўлялі па-беларуску. Ужо потым Скірмунты былі палянізаваныя.

Ён сваёй радзімай заўсёды лічыў гістарычную Літву і Палесьсе, як частку гістарычнай Літвы.

2. Шляхецкі род пераўтварыўся ў бізнэсоўцаў

Дзед і бацька Рамана парвалі з традыцыямі шляхты, якая жыла з прыгонных сялян, і сталі буйнымі прадпрымальнікамі. На месцы маёнтка ў цяперашняй вёсцы Парэчча Пінскага раёну Берасьцейскай вобласьці яны стварылі прамысловы цэнтар, адзін з буйнейшых у Менскай губэрні ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя.

У іх дамінавала ткацкая прамысловасьць. Суконная фабрыка атрымлівала ўзнагароды на сусьветных выставах. Там працавала да 400 рабочых. Дзейнічала таксама вінакурня, цукроўня. Сёньня Парэчча — маленькая вёсачка, з маёнтку захаваўся толькі будынак вінакурні.

Там ня мелі вялікай ролі саслоўныя прывілеі: просты рабочы быў амаль роўны гаспадарам, калі добра працаваў. Гэта было жыцьцё прамыслоўцаў, дзе дамінавалі грошы і стаўленьне да сялян без зьнявагі. Чалавек працуе — значыць, заслугоўвае павагі.

Калі Скірмунты пераехалі ў вёску Парэчча з вёскі Моладава (суседняга маёнтка роду), то замест таго, каб будаваць палац, які б сьведчыў пра іх заможнасьць, яны прыстасавалі пад жылы дом адзін з карпусоў ткацкай фабрыкі.

Скірмунты ў Парэччы вылучаліся сярод іншай шляхты і нават сярод іншых Скірмунтаў. Іх крытыкавалі сваякі, маўляў, займаюцца спэкуляцыяй, нягоднай шляхецкай традыцыі.

3. Бацька абраў Рамана пераемнікам у бізнэсе

Раман быў сёмым зь дзесяці дзяцей. У 1883 годзе ў сям’і нешта здарылася, магчыма адбыўся значны канфлікт, і бацька вырашыў сысьці. У выніку бацька забраў 15-гадовага Рамана зь нямецкай гімназіі ў Рызе, дзе той вучыўся, і прызначыў яго сваім адзіным пераемнікам.

Дзеці шляхты ў тыя часы звычайна заканчвалі гімназію, унівэрсытэт, потым працавалі ў адміністрацыі, або займаліся гаспадаркай. Рамана ж доўга рыхтавалі да прадпрымальніцтва ў хаце. Ён атрымаў добрую, хоць і несыстэмную адукацыю. Апрача расейскай, польскай, францускай, паляшуцкай і нямецкай моваў, ён ведаў ангельскую, якая не была пашыранай у той час. Раман любіў нямецкую, ангельскую, польскую літаратуру. Напісаў кнігу пра Юльюша Славацкага. Быў хутчэй гуманітарыем. Кіраваў гаспадаркай разам з бацькам да ягонай сьмерці.

4. Сфармуляваў «краёвую ідэалёгію»

Да 36 гадоў Раман быў незаўважны ў грамадзкай дзейнасьці, апрача ўдзелу ў дабрачынным таварыства ў Пінску. У 1904-1905 гадах ён напісаў дзьве кніжачкі, якія выдаў у Львове (тагачасная Аўстра-Вугоршчына), дзе паспрабаваў сфармуляваць асновы новай «краёвай ідэалёгіі».

У гэты час пачалі разьвівацца новыя нацыянальныя рухі: польскі, літоўскі, беларускі, якія разьдзіралі гістарычную Літву. Раней яна ўспрымалася як адзіны рэгіён. Да эпохі нацыяналізму было няважна, хто там жыве: беларусы, палякі, літоўцы.

Аднак літоўскі рух імкнуўся да стварэньня невялікай літоўскай этнічнай дзяржавы са сталіцай у Вільні, хоць яна і была па-за межамі этнічнай Літвы. Аднак той, хто валодаў Вільняй, забіраў сабе гісторыю ВКЛ. Галоўнай прыкметай прыналежнасьці да літоўскай дзяржавы мелася быць літоўская мова і паходжаньне. Краёўцы мелі спробу захаваць гістарычную Літву ў межах ВКЛ, а галоўным чыньнікам нацыянальнай прыналежнасьці для іх станавіўся патрыятызм. Фактычна, паспрабавалі стварыць нацыю палітычнага тыпу.

Тады ўзьнік тэрмін «літоўскія палякі» і нават магла паўстаць новая нацыя людзей, якія культурна прыналежалі да палякаў, але сваёй радзімай лічылі гістарычную Літву. Ідэалёгіяй новай магчымай нацыі была краёвая ідэалёгія.

Краёўцы мелі шанс на перамогу, але ўсё скончылася зь Першай сусьветнай вайной. Немцы падтрымалі літоўскі рух, які перакрэсьліў краёвую ідэю.

5. Карміў увесь Менск

Увосень 1915 года, калі Парэчча было ў руках немцаў, Раман з маці пераехаў у Менск да 1918 года. Яны жылі ў доме, які месьціцца справа ад Чырвонага касьцёла. Тамсама здымала паверх Марыя Магдалена Радзівіл.

У 1915 годзе Скірмунта мабілізавалі на фронт, але ваяваў ён нядоўга. Ці то быў паранены, ці то яго адклікала земства. У 1916-1917 гадах ён працаваў у земстве і забясьпечваў усю Менскую губэрню харчаваньнем. Шукаў мяса, жыта, селядцы па ўсёй Расеі, выбіваў вагоны. Ён быў на той час вельмі вядомай асобай. Захавалася тэлеграма з пазнакай «Мінск, Скірмунту». На той час толькі ў Менску жыло каля 350-400 тысяч чалавек.

Скірмунт выехаў, калі бальшавікі занялі Менск у канцы 1918 года. Потым жыў у Варшаве, Пінску, Парэччы. У 1920-я гады быў сэнатарам Рэчы Паспалітай. Падчас вайны маёнтак быў зьнішчаны, немцы вывезьлі ўсё абсталяваньне. Сям’я Скірмунтаў выжывала праз тое, што прадавала лес, які рос на іхніх землях.

6. Праваліў перамовы аб аўтаноміі з Расеяй

У канцы 1916 года ён далучыўся да беларускага нацыянальнага руху з цэнтрам у Менску. Зрабіў дзіўны для яго выбар, бо многія зь ягонага асяродку ў той час выбіралі Польшчу.

Беларускі нацыянальны рух у канцы 1916 года ў Менску складаўся з адной арганізацыі «Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны», якая ня мела грошаў. З прыходам Скірмунта ейны аўтарытэт вырас. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі яна пераўтварылася ў Беларускі нацыянальны камітэт з Раманам Скірмунтам на чале.

Скірмунт вырушыў з дэлегацыяй у Петраград на перамовы аб аўтаноміі Беларусі. Аднак яны скончыліся правалам. Няўдача зьмяніла становішча самога Скірмунта. Сацыялісты адразу паспрабавалі яго прыбраць, маўляў, гэта «паны-памешчыкі» хочуць дамінаваць.

Гэтая прапаганда мела эфэкт. У траўні 1917 года Скірмунт сам зышоў зь кіраўніцтва. У ліпені таго ж года сацыялісты ліквідавалі камітэт і стварылі Саюз беларускіх арганізацый. Скірмунт застаўся на другасных пазыцыях.

7. Стварылі ўрад Скірмунта

Скірмунт вяртаецца на актыўныя пазыцыі ў лютым 1918 года, калі немцы ўваходзяць у Менск. Рада БНР у ліпені 1918 года вырашыла стварыць урад пад кіраўніцтвам Скірмунта. Аднак папярэдні ўрад Язэпа Варонкі не перадаў пячатку і адмовіўся сыходзіць з пасады.

Каб знайсьці эўрапейскую падтрымку незалежнасьці, у кастрычніку дэлегацыя на чале са Скірмунтам паехала ў Нямеччыну. Аднак немцам было выгадней захаваць пагадненьне з Расеяй. Ягонай умовай было, каб Нямеччына не падтрымлівала ніякія дзяржаўныя ўтварэньні на колішніх землях Расеі. Антанта, якая перамагла ў Першай усясьветнай вайне, адмаўлялася весьці перамовы з тымі, хто раней зьвяртаўся па дапамогу да немцаў.

Улетку 1919 года Раман Скірмунт сышоў з беларускага руху, але заставаўся краёўцам да канца жыцьця.

8. Забілі свае

Трагічная сьмерць прыйшла зь вёскі, якую Скірмунт любіў і падтрымліваў.

Яго забілі 7 кастрычніка 1939 года. У Парэччы тады знаходзіліся бальшавіцкія камісары, бязь іх згоды гэтае было б немагчыма.

Рамана Скірмунта і ягонага швагра забралі з хаты трое сялян. Усім сказалі, што павязуць на допыт у Пінск. Насамрэч іх вывезьлі за 8 кілямэтраў у лес і застрэлілі. Націснуць на курок пагадзіўся толькі адзін — Сыльвэстар Лукашык, па мянушцы «Соловэй». Калі ён напіваўся, то расказваў аднавяскоўцам, як забіваў, спачатку з гонарам, потым з жалем. Забойца ня мог забыць вочы Скірмунта, бо той глядзеў на яго, калі ён страляў.

У 1942 годзе апошнюю з роду Скірмунтаў на Піншчыне Алену Скірмунт, малодшую сястру Рамана, забілі партызаны.

9. Спыняў агонь

На Палесьсі Скірмунт набыў вобраз легендарнай постаці. Людзі казалі, што ён меў здольнасьць словам спыніць агонь. Калі здараўся пажар, то беглі па яго, ён нешта шаптаў і агонь спыняўся. Тое ж распавядаюць у іншых вёсках. З фактаў жа вядома, што Скірмунт стварыў пажарную дружыну.

10. Застаўся грамадзянінам Краю

Рамана Скірмунта цяжка зьмясьціць у сёньняшнія нацыянальныя каноны. Ён быў і палякам, і беларусам, і гістарычным ліцьвінам. Пасьля паразы беларускага дзяржаўніцкага праекту і краёвасьці, падтрымліваў польскую дзяржаўнасьць, бо менавіта ў ёй бачыў галоўную сілу, здольную спыніць бальшавізм. Пры гэтым заставаўся краёўцам, «грамадзянінам Краю», межы якога звузіліся да межаў Палесься. Ён жыў ягонымі інтарэсамі і адстойваў адметнасьць Палесься перад уладамі з Варшавы.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]