Радны БНР нарадзіўся 7 лістапада 1879 года.
7 лістапада 1879 года каля Ігумна нарадзіўся Стэфан Кульчыцкі – праваслаўны сьвятар, протаіерэй Менскай епархіі, радны БНР, адзін з ініцыятараў стварэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, піша сайт radabnr.org.
Нарадзіўся ў вёсцы Дамовіцы, скончыў праваслаўную духоўную сэмінарыю, Санкт-Пэтэрбурскую духоўную акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя.
Выкладаў у мужчынскай гімназіі і рэальным вучылішчы ў Рэвелі (цяпер Талін, Эстонія).
Рукапаложаны ў іерэя ў чэрвені 1904 г., з жніўня таго году служыў у царкве сьвятой Марыі Магдалены пры духоўнай жаночай вучэльні ў мястэчку Парычы Бабруйскага павету, выкладаў Закон Божы.
З 1907 г. – сьвятар Менскага Петра-Паўлаўскага катэдральнага сабора, выкладчык Менскай духоўнай сэмінарыі. З кастрычніка 1908 па 1916 год – ключар сабора, член Менскага епархіяльнага рэвізійнага камітэту. У 1914 г. узнагароджаны санам протаіерэя.
Удзельнік зьезда беларускага праваслаўнага духавенства ў Маскве ў 1917 годзе. Прадстаўляў беларускае сьвятарства Менскай епархіі на Памесным саборы ў 1917—18 гг.
З красавіка 1918 г. як прадстаўнік Камітэту Менскага беларускага прадстаўніцтва ўвайшоў у склад Рады БНР. Працаваў у Камісіі па міжнародных справах БНР. Абраны ў выканаўчы камітэт Менскага беларускага прадстаўніцтва.
З 1926 году служыў у Петрапаўлаўскай (Кацярынінскай) царкве ў Менску. Удзельнік зьезда прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства і вернікаў Менскай епархіі 9—10.7.1927. Адзін з ініцыятараў стварэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1930-я гады служыў у царкве сьв. Марыі Магдалены ў Менску.
28 ліпеня 1937 г. арыштаваны НКВД, прыгавораны “за антысавецкую дзейнасьць” да сьмяротнага пакараньня. Расстраляны 1 лістапада 1937 г. у Менскай турме.