7 лістапада ў амбасадзе Літвы ў Беларусі прайшла канфэрэнцыя «Курапацкая трагедыя.
Захаваньне мінулага для сучаснасьці». У канфэрэнцыі удзельнічалі беларускія і літоўскіх актывісты, якія клапоцяцца пра захаваньне памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, а таксама палітыкі і навукоўцы з абодвух краін, пацярпелых ад сталінскіх рэпрэсій, паведамляе «Радыё Свабода».
«Стралялі ў патыліцу і ўкладвалі штабялямі»
У 1988 годзе беларускі архэоляг Мікола Крывальцэвіч як экспэрт удзельнічаў у першых дасьледаваньнях магіл ва ўрочышчы Курапаты каля Менску, якія праводзіла сьледчая група пад кіраўніцтвам супрацоўніка пракуратуры Беларусі Язэпа Бролішса. Тады ж як экспэрт ў раскопках браў удзел і Зянон Пазьняк. Вось 10 фактаў пра курапацкія магілы, якія, паводле Міколы Крывальцэвіча, варта не забываць сучасьнікам.
1. У ліпені 1988 года дасьледавалася 6 ямін з парэшткамі людзей, якія знаходзілі на глыбыні да 2 мэтраў. «Адкрывалася страшная трагедыя. Ва ўсіх чарапах былі дзіркі ад куль, у некаторых па 2-3. У магілах траплялася шмат гільзаў, у асноўным ад рэвальвэра «Наган» — табэльнай зброі НКУС. Паводле экспэртаў, у Курапатах ляжыць больш за 30 тысяч забітых.
2. У кожнай з магіл было ад 36 да больш чым 130 забытых. Узрост людзей ў асноўным 40-50 гадоў.
3. Парэшткі ў асноўным належалі мужчынам, але ў некаторых магілах было шмат жанчын. Пол ахвяр экспэрты вызначалі па абутку і рэштках адзеньня.
4. У якія гады адбываліся расстрэлы? Паводле клеймаў на абутку было відаць, што гэты абутак вырабляўся ў 1930-х гадах, а не на пачатку 1940-х. Гэта важна, бо савецкая прапаганда 1980-х гадоў казала, што ў Курапатах нібыта забівалі сваіх ахвяр гітлераўцы. Абаронцы Курапат дагэтуль чуюць такія выказваньні ад людзей.
5. У магілах знаходзілі асабістыя рэчы расстраляных: расчоскі, партманэ, манеты. Усе рэчы таксама былі даваеннага часу. На некаторых былі пазначаныя дакладныя даты трагедыі. Гэтак, на знойдзенай расчосцы была надрапана: «Мінск. 25.04.40 г. Думка пра вас даводзіць да адчаю». «Расплакаўся, цяжкі дзень». З гэтага запісу таксама вынікае, што расстрэлу ў Курапатах адносяцца да перадваеннага часу. Рэчы былі ня толькі савецкай вытворчасьці, але і з Польшчы і краін Балтыкі. Гісторыкі зьвязалі гэта з людзьмі, якія аказаліся ў Беларусі пасьля 1939-га году.
6. Хто сьведчыў пра Курапаты? Сьледзтвам знойдзена больш за 300 сьведак падзей ў Курапатах, зь іх каля 55 далі паказаньні пра тое, што непасрэдна бачылі і чулі расстрэлы. Акрамя мясцовых жыхароў былі ўзятыя паказаньні некаторых былых супрацоўнікаў НКУС і супрацоўнікаў аховы, якія апісвалі дарогу на месца расстрэлаў і месца, якое цалкам супадае з цяперашнім тапонімам Курапаты. Усе сьведкі казалі толькі пра 1930-я гады і сьведчылі, што падчас вайны у Курапатах расстрэлаў не было.
7. Паводле нямецкіх аэраздымкаў пачатку вайны з Савецкім Саюзам, у 1941 годзе ня ўся тэрыторыя Курапацкага ўрочышча было пакрытая лесам, як цяпер. Частка плошчы тады была пакрытая рэдкалесьсем, шмат было прагалін, палян з ямінамі. Дасьледчыкі зрабілі высновы, што гэтыя яміны утварыліся ў канцы 1930-х гадоў падчас рэпрэсій. Няма ніводнага сьледу ад расстрэлу вайскоўцаў, у тым ліку польскіх афіцэраў. «Ані гузіка, ані рэшткі вайсковай бялізны».
8. Калі адбываліся расстрэлы? Самы інтэнсіўны пэрыяд расстрэлаў прыпадаў на 1937-38 гады. «Вазілі фактычна і днём і ноччу. Вакол быў пабудаваны высокі трохмэтровы плот, які увесь час ахоўвалі супрацоўнікі НКУС. Ахвяр прывозілі у «варанках» з трыма адсекамі: для кіроўцы і пасажыра, варты і прыгавораных. Прывозілі па 15-20 чалавек, хаця норма на машыну была ўсяго 5 чалавек.
9. Як расстрэльвалі? Ахвяр прывозілі з завязанымі рукамі. Выводзілі з машыны, ставілі на край яміны, якая была выкапаная напярэдадні, і стралялі ў патыліцу. Паводле экспэртаў, часта забойцы нагамі утоптвалі целы расстраляных ў ямы, каб больш целаў умясьцілася. Зьверху целы прысыпалі слоем пяску, прывозілі новых ахвяр, расстрэльвалі і складалі зьверху штабялямі. Гэтак магло атрымацца некалькі слаёў. Пасьля расстрэлаў месца прысыпалі пяском і ўтыкалі ў зямлю галінкі ці маладыя дрэвы «для маскіроўкі».
Пазьней былі праведзеныя эксгумацыі іншых магіл, ўсяго каля 50. Агульная колькасьць ахвяр ў іх, паводле дасьледчыкаў, болей за 30 тысяч. Але, як мяркуе і Мікола Крывальцэвіч, калі ўлічыць, што у Курапатах засталося шмат недасьледаваны месцаў, колькасьць ахвяр можа значна ўзрасьці.
10. Якія былі знойдзеныя дакумэнты аб Курапатах? Архівы КДБ дагэтуль закрытыя. Мікола Крывальцэвіч згадвае, што нават для супрацоўнікаў урадавай камісіі, якая вывучала трагедыю ў канцы 1980-х гадоў, архівы КДБ не адкрылі. «Але ўдавалася знайсьці даведкі, якія НКУС выдаваў сваякам пра расстраляных у Курапатах. Некалькі соцень такіх даведак у 1930-х выпісалі, а потым спахапіліся і спынілі выдачу».
Мікола Крывальцэвіч мяркуе, што ў Беларусі дагэтуль адбываецца «ідэалягізацыя савецкага мінулага», а адносна пэрыяду сталінскіх рэпрэсій ідзе фальсыфікацыя і замоўчваньне праўды.
«Цяпер дзяржава цалкам манапалізавала дасьледаваньні магілаў рэпрэсаваных, створаны адмысловы батальён і толькі яму дазволена займацца раскопкамі. Можна прывесьці ў прыклад Шапатоўскі лес пад Гомелем, Хайсы пад Віцебскам — таксама месцы масавых расстрэлаў сталінскіх часоў. Але цяпер пра Шапатоўскі лес ўлады кажуць, што гэта фашысты там расстрэльвалі, хаця ад пачатку археолягі адназначна указвалі на расстрэлы канца 1930-х гадоў».
Маскоўскі сьлед Курапатаў
Абаронца Курапатаў Валер Буйвал лічыць, што сталінскія карнікі маглі зьнішчыць там да 200 тысяч грамадзян Беларусі і называе гэта урочышча «самым масавае месцам згубы беларусаў». Ён мяркуе, што Курапаты сталі працягам палітыкі імпэрскай Расеі супроць Беларусі.
Паводле Валера Буйвала расстрэлы ў Курапатах адбываліся да часу нямецкай акупацыі. «Да Менску набліжаліся гітлераўцы, а у Курапатах працягваліся расстрэлы».
Другой пасьля беларусаў нацыянальнай групай, каго масава закранула трагедыя, была габрэйская беларуская абшчына, указвае дасьледчык.
«Для ўсіх іншага шляху не было — альбо на расстрэл у Курапаты ці іншыя такія месцы, альбо ў лягеры Гулагу на тэрыторыі Расеі, куды дэпартавалі тысячы арыштаваных і потым зьнішчалі там», — кажа дасьледчык.
Паводле намесьніка старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага, улады Беларусі праводзяць палітыку рэпрэсій супраць абаронцаў Курапат і працягваюць замоўчваць маштабы сталінскіх рэпрэсій. Чаму? «Бо цяперашняе кіраўніцтва краіны ёсьць марыянэткай расейскага рэжыму», — мяркуе палітык.
Юрась Беленькі паведаміў пра папярэджваньне з боку чыноўнікаў Менаблвыканаму прыцягнуць да адказнасьці актывістаў, якія ставіць новыя крыжы ў Курапатах і прывёў у прыклад завядзеньне адной такой справы 19 кастрычніка.
«Гэтая ўлада, якая прыдумала "лінію Сталіна" і хавае прозьвішчы ахвяр і іх катаў, ня ёсьць ўладай, якая пакаялася за злачынствы і з чыстым сэрцам усталёўвае мэмарыяльны знак у Курапатах. Уварваньне ў Курапаты ёсьць пагрозай народнаму мэмарыялу», — заявіў на канфэрэнцыі Юрась Беленькі.
Высновы літоўскага гісторыка Нарбертаса Чарняўскаса.
— Курапаты маюць выключнае значэньне як сьведчаньне масавых рэпрэсій камуністычнага рэжыму для ўсёй Эўропы.
— Гэта прыклад таталітарнага рэжыму, які ставіць мэту зрабіць з людзей паслухмяных вінцікаў сыстэмы незалежна ад ідэалёгіі.
— Ахвяр рэжыму трэба згадваць, бо гэта й была мэта таталітарнага рэжыму — забыцьцё ахвяр.
— Таталітарныя савецкая і нацысцкая ўлады мусяць панесьці адказнасьць за рэпрэсіі.
— Таталітарызм увогуле немагчымы без тэрору. Памяць пра тэрор захаваецца, калі у ахвяр тэрору будуць захаваныя імёны.
Місія Сібір — досьвед літоўскі
Як захаваць прамяць пра ахвяр сталінскі рэпрэсій? Як захапіць гэтай тэмай моладзь, якая ў час інтэрнэту не вельмі ахвотна чытае кнігі і не асабліва любіць корпацца ў гісторыі? Пра літоўскі досьвед распавёў Арнольдас Фокас, кіраўнік экспэдыцыі «Місія Сібір».
Такія экспэдыцыі ладзяцца валянтэрамі ўжо шмат гадоў. Маладыя літоўцы выяжджаюць на месцы могілак рэпрэсаваных літоўцаў, аднаўляюць крыжы і помнікі, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю могілак, якая за дзесяцігодзьдзі зарасла дрэвамі і кустоўем. Вось некаторыя цікавыя моманты расповеду Арнольдаса Фокаса пра экспэдыцыі праекту «Місія Сібір».
— У Сібіры каля 800 могілак, дзе пахаваныя рэпрэсаваныя літоўцы. «Палова школьнікаў падымаць рукі, калі мы ў школах пытаемся, у каго рэпрэсаваныя сваякі».
— Ужо ў 6-х клясах літоўскіх школ ідуць урокі пра рэпрэсіі.
— У 2006 годзе адбылася першая экспэдыцыя праекту. Ад таго часу ў экспэдыцыях бралі ўдзел каля 13 тысяч маладых людзей. Штогод едзе каля 20 экспэдыцый.
— Пасьля экспэдыцый удзельнікі робяць прэзэнтацыі па ўсёй краіне, больш за 100 за год.
— Грошы на экспэдыцыі зьбіраюць ад звычайных людзей, у тым ліку ад нашчадкаў рэпрэсаваных. Таксама грошы часта ахвяруюць папулярныя артысты.
— Выпрацавана правіла для аднаўленьня крыжоў — «нельга усталёўваць горшыя крыжы, чым ужо былі на могілках». Заўсёды ахвотна дапамагаюць мясцовыя ўлады. «Літоўцы пакінулі па сабе добры сьлед, мясцовыя жыхары іх памятаюць і ўдзячныя нам за клопат пра магілы. Адна расейская бабуля прачытала нам малітву па-літоўску, якую вывучыла ад літоўцаў у юнацтве».
— Ці натыкаліся ўдзельнікі экспэдыцый па Сібіры на беларускі сьлед? «Так, у Краснаярскі краі знайшлі у пасёлак, і першая бабуля, якую сустрэлі, была ссыльнай з Беларусі. Шмат бачылі на могілках каталіцкіх крыжоў з надпісамі на кірыліцы. Верагодна, гэтыя рэпрэсаваныя былі з Беларусі ці з Украіны.
— Валянтэры адпраўляюцца ў экспэдыцыю з вакзалу ў Вільні, ад мэмарыяльнага знаку. Такіх знакаў шмат ўсталявана па ўсёй Літве.
Яшчэ адно выпрацаванае правіла экспэдыцыі: ня браць з сабой мабільных тэлефонаў. Гэта дапамагае лепш камунікаваць паміж сабой, дзеліцца уражаньнямі і заставацца адзінай камандай.
— Сёлета ў Расею экспэдыцыя не ўдалася, бо ня выдалі візаў. Таму валянтэры зь Літвы езьдзілі ў Казахстан, але спадзяюцца паехаць у Сібір будучым годзе.
— Штогод 14 чэрвеня па ўсёй Літве чытаюць прозьвішчы дэпартаваных. Сёлета прагучала больш за 100 тысяч прозьвішчаў. У чытаньні бяруць удзел больш за тысячу чалавек, гэта праходзіць адначасова у розных месцах краіны.
— Гісторыі рэпрэсаваных расказваюць у тым ліку ў дзіцячых садках. «Вядома ж, гэта трэба рабіць праз гульню. Дзецям трэба распавядаць ня толькі пра трагедыю, але і пра прыроду Сібіры, пра яе зьвяроў, прыкладам мядзьведзяў. Альбо прапанаваць зрабіць малюнак, прыкладам паравозу, на якім везьлі ў Сібір дэпартаваных. Дзеці ўцягваюцца ў гульню і лепш успрымаюць і сур’ёзныя рэчы», — падзяліўся досьведам Арнольдас Фокас зь «Місіі Сібір».