Незалежны журналіст паставіў на месца лукашэнкаўскага суддзю.
Суддзя Віктар Казачок, які разглядаў адміністрацыйную справу, пагадзіўся з высновамі міліцэйскага пратакола і прызнаў Канстанцінa Жукоўскага вінаватым у парушэнні часткі 2, артыкула 22.9 КаАП за нібыта выраб для польскага спадарожнікавага тэлеканала «Белза» відэасюжэта «Народ устаў на абарону справядлівага кіраўніка перад чыноўнікамі. І перамог!». Сюжэт гэты з’явіўся на сайце тэлеканала 10 кастрычніка. У ім распавядалася пра бунт працаўнікоў аграпрадпрыемства «Някрашынскі» Акцябрскага раёна ў адказ на рашэнне раённага начальства звольніць дырэктара гаспадаркі, перадае «Гомельская вясна».
На самым пачатку судовага пасяджэння Віктар Казачок запытаўся ў адказчыка, ці давярае ён суду? «Беларускі рэжым стварыў такую сістэму, што незалежнага, справядлівага суду ў нас няма. Як давяраць таму, чаго няма», — заявіў у адказ Жукоўскі.
Кастусь Жукоўскі патлумачыў суду, што не рабіў відэаздымкаў у Валосавічах падчас страйку вяскоўцаў, а толькі «навучаў фрылансера Толчына як гэта рабіць». Ніякіх дамоваў з польскім тэлеканалам «Белза!» ці нейкімі іншымі агенствамі не мае. Далей прапанаваў суддзі не марнаваць час, а выносіць хутчэй пастанову.
Судовае пасяджэнне па справе Жукоўскага доўжылася каля 14 хвілін.
«Уладным чыноўнікам хочацца смачна есці, таму я заўсёды буду вінаватым», — пракаментаваў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” чарговае судовае рашэнне Кастусь Жукоўскі.
Сёлета гэта ўжо адзінадцаты штраф журналісту-фрылансеру за працу без акрэдытацыі пры беларускім МЗС.