Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як слуцкі князь удзельнічаў у Аршанскай бітве

11.11.2018 общество
Як слуцкі князь удзельнічаў у Аршанскай бітве

Сын знакамітай Анастасіі Слуцкай выставіў супраць маскавітаў моцнае коннае войска.

Гэты дзень, 8 верасня, з канца 80-х — пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя многімі ў Беларусі адзначаецца як неафіцыйнае свята — Дзень беларускай вайсковай славы.

Гэтая дата выдзелена сярод іншых, таму што перамога ў Аршанскай бітве з`яўляецца самай вялікай у беларускай ратнай гісторыі. Да гэтага іншыя буйныя перамогі беларусы, як правіла, атрымлівалі пры падтрымцы войскаў іншых дзяржаў.

Колькасць маскоўскіх войскаў у бітве пад Оршай больш чым у два разы перавышала колькасць войскаў ВКЛ: 80 000 супраць 30 000. Нягледзячы на гэта, літвінам удалося атрымаць тактычную перамогу, піша belhistory.com.

Мікалай Карамзін у шматтомніку «История государства Российского» апісвае гэтыя падзеі так: «Литовцы никогда не одерживали такой знаменитой победы над Россиянами… Мы лишились тридцати тысяч воинов: ночь и леса спасли остальных».

Страты ж войска ВКЛ склалі менш за тысячу ваяроў.

Сын знакамітай Анастасіі Слуцкай

Удзел у гэтай знакамітай бітве прыняў і слуцкі князь Юрый Сямёнавіч Алелькавіч, якому тады было прыкладна 22 гады. Нягледзячы на свой узрост, на гэты момант ён ужо меў вялікі воінскі досвед: упершыню ўдзельнічаў у бітве, калі яму было 15 гадоў. Тады разам з маці княгіняй Анастасіяй Іванаўнай Слуцкай ён абараняў горад ад набегу татараў.

У дзесяцігадовым узросце ён страціў бацьку Сямёна Міхайлавіча Слуцкага і быў абвешчаны новым князем. Фактычна кіраванне княствам узяла на сябе яго маці Анастасія Іванаўна Слуцкая, вядомая тым, што гераічна абараняла горад ад замахаў татараў і князя Міхаіла Львовіча Глінскага. Яна правіла княствам да самай смерці, бо большая частка жыцця Юрыя Міхайлавіча праходзіла ў ваенных паходах. Паўнапраўным уладальнікам Слуцкіх зямель Юрый Міхайлавіч стаў у 1524 годзе, калі княгіня Анастасія Іванаўна памерла.

Выставіў 250 коннікаў

«У бітве пад Оршай князь Юрый Сямёнавіч Слуцкі разам са сваім почтам знаходзіўся па правым флангу войска ВКЛ, які ўзначальваў Юрый Радзівіл», — піша Анастасія Скеп’ян, спасылаючыся на кнігу Аляксея Лобіна «Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. Да 500-годдзя бітвы».

Пад почтам у дадзеным выпадку можна разумець яго атрад. Складана сказаць, колькі менавіта чалавек у ім было. Аднак ёсць інфармацыя, якая дазваляе сцвярджаць, што не менш 250. Анастасія Скеп`ян у кнізе «Князі Слуцкія» згадвае, што ён павінен быў выставіць на Аршанскую бітву 250 коннікаў.

Трыумф беларускай зброі

Перамога пад Оршай стала самай яскравай перамогай нашага войска над ворагам. Таксама мела вялікае стратэгічнае і палітычнае значэнне на той час. Чуткі пра яе хутка абляцелі Прусію, Нямеччыну, Чэхію і іншыя краіны, а нашы гетманы здабылі сабе вялікую славу.

Развіваў ваенную справу

Князь Юрый Сямёнавіч старанна развіваў ваенную справу. Войска Слуцкага княства ў час яго праўлення было адным з самых буйных у ВКЛ сярод прыватных магнацкіх дружын. Акрамя гэтага, ёсць здагадка, што ў XVI стагоддзі ён наладзіў у Слуцку вытворчасць агнястрэльнай зброі. Юрый Слуцкі актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці ВКЛ і быў таленавітым ваеначальнікам. Ён уваходзіў у склад Рады Вялікага Княства Літоўскага — дзяржаўнага заканадаўчага органа пры Вялікім князі, вёў цеснае палітычнае супрацоўніцтва з Канстанцінам Іванавічам Астрожскім, які камандаваў войскамі ВКЛ у Аршанскай бітве. Неўзабаве яно перарасло ў роднасны саюз: у 1523 годзе Астрожскі ажаніўся на сястры князя Аляксандры.

У 1527 годзе князь Юрый Слуцкі прыняў удзел у разгроме крымска-татарскай арды ў бітве на рацэ Альшаніцы пад Кіевам.

У красавіку 1542 года князь Юрый Сямёнавіч Слуцкі памёр, яго спадчыннікам стаў старэйшы сын Сямён.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]