Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларускае рыцарства: вытокі слаўнай традыцыі

11.11.2018 общество
Беларускае рыцарства: вытокі слаўнай традыцыі

Нашыя продкі кіраваліся дэвізам «Жыццё – Айчыне, гонар – нікому».

Паспалітае рушанне

Асноваю войска Вялікага Княства Літоўскага на працягу некалькіх стагоддзяў заставалася ўсеагульнае апалчэнне, якое называлася паспалітым рушаннем. Паводле закону вайскова-абавязанымі былі ўсе мужчыны, што валодалі зямлёй. Апрача таго, кожны шляхціч выстаўляў добра ўзброеных і навучаных ваяроў. Іх колькасць вызначалася велічынёй зямельных уладанняў. Бараніць краіну выпраўляўся адзін ваяр ад васьмі гэтак званых службаў (служба была роўная дзвюм сялянскім гаспадаркам). Дробны шляхціч, які не меў сялянаў, ішоў у войска толькі сам. Ад княжання Вітаўта адметную частку нашага войска складалі беларускія татары. Часам узброеныя сілы дзяржавы папаўняліся аддзеламі прафесійных наймітаў-іншаземцаў, піша belhistory.com.

Пастанову пра пачатак ваенных дзеянняў і скліканне паспалітага рушання прымаў вальны Сойм. Па ўсіх наветах рассылаліся вялікакняскія ганцы з загадамі-ўніверсаламі, дзе паведамлялася пра месца і час вайсковага збору.

Гістарычныя дакументы сведчаць, што ў 1528 г. Віленскае ваяводства давала ў шляхоцкае войска 3605 коннікаў, Троцкае – 2861, Падляшша -1747, Полацак – 709, Пінск -111… Тады сама князь Юрый Алелькавіч Слуцкі выстаўляў 433 кавалерыстаў, Канстанцін Астрожскі – 426, князі Сангушкі -170. Населеная продкамі сучасных летувісаў Жамойць пасылала на вайну 1855 коннікаў. У татарскім войску Вялікага Княства тады налічваліся 673 конныя ваяры.

Кожны павет выстаўляў сваю харугву. Злучаныя харугвы ваяводства ўзначальваў кашталян. Пасля адыходу шляхты з рушаннем на вайну за парадак у паветах адказвалі адмысловыя службовыя асобы – войскія.

Як і арміі большасці краінаў тагачаснай Еўропы, паспалітае рушанне складалася з дзвюх асноўных частак – капійнікаў і стральцоў. Баявая адзінка з аднаго цяжкаўзброенага рыцара, які спецыялізаваўся выключна ў рукапашным баі, а таксама некалькіх стральцоў з лёгкім узбраеннем называлася кап’ём. Колькасць ваяроў у кап’і залежала ад фінансавых магчымасцяў землеўладальнікаў. Часам сустракаліся коп’і з адных капійнікаў або з адных стральцоў. Капійнікі і стральцы маглі быць коннымі або пешымі, але галоўная роля ў войску належала кавалерыі.

Адналязовы меч – корд быў у XVI ст. зброяй конных рыцараў ВКЛ

Пра падрыхтоўку нашых продкаў-ліцьвіноў да вайсковай службы ў паэме «Песня пра зубра» піша выдатны беларускі паэт XVI ст. Мікола Гусоўскі. У мірны час баявым станам рабіліся «бязмежныя пушчы і кожнае поле», дзе ваяры практыкаваліся ў коннай яздзе, валоданні мячамі, шаблямі і дзідамі, стральбе з лукаў і арбалетаў.

Князь наш загадваў ствараць у сваіх уладаннях

Лагер ваенны пры кожным паселішчы ў пушчах…

Выган пры вёсцы, і там ад відна да сутоння

Носяцца коннікі з гіканнем цугам па кругу,

Шабляй і стрэламі цэляць у вешкі…

Звычай у коннікаў быў свае лукі ды стрэлы

Ўкручваць у клунак з адзежай і гэтак сухімі

Потым выносіць на бераг… Вось рынулі коні,

Пырханне чуеш адно, бачыш вушы ды храпы,

А на стырне, упіліўшыся ў грывы, мільгаюць

Конных галовы. Свабоднаю левай рукою

Кожны грабе, памагае каню выбірацца…

Каманду над сабраным агульнадзяржаўным войскам прымаў гетман. Існавалі пасады найвышэйшага (вялікага) і палявога гетмана. Іх маглі займаць толькі падданыя Вялікага Княства. У сярэдзіне XVI ст. пасада найвышэйшага гетмана стала пажыццёвай і ён ператварыўся фактычна у вайсковага міністра: не толькі камплектаваў войска, але і распараджауся яго фінансамі, адказваў за стан памежных замкаў, меў права суда і смяротнага пакарання падначаленых.

Арбалеты пачатку XVII ст

Узбраенне

Да зброі блізкага бою належала клінковая, дрэўкавая і і абуховая. Сярод клінковай найбольш пашыраныя былі адна-, паўтара- і дзвюхручныя мячы. Разам з імі выкарыстоўваліся карацейшыя і адналязовыя цесакі і корды. 3 часоў Вітаўта ў Вялікім Княстве вядомыя шаблі, якім спачатку належала галоўнае месца ў арсенале беларускіх татараў. Дакументы XVI ст. паведамляюць, што шаблі па распаўсюджанасці ўжо займалі другое месца пасля корда ва ўсёй кавалерыі. Ваяры добра валодалі кінжаламі, шпагамі і канчарамі – мячамі з доўгім кантовым клінком-джалам, прызначаным для прабівання панцыраў.

Вельмі пашыранай наступальнай дрэўкавай зброяй і ў конных, і ў пешых ваяроў былі дзіды (коп’і) розных тыпаў: рагаціны, вошчапы, суліцы. У баі з цяжкай варожай конніцай найбольшы эфект давалі алебарды. Гэта было ўдалае спалучэнне дзіды, сякеры і крука, прызначанага для сцягвання кавалерыста з каня. Побач з алебардамі на ўзбраенні знаходзіліся бердышы і «партызаны» (пратазаны) – своеасаблівыя дзіды з доўгім і шырокім двухлязовым зрэзнем.

Абуховая зброя складалася з сякераў, чаканаў, кляўцоў (баявых молатаў для прабівання панцыраў), кісцянёў (баявых цапоў), булаваў, перначоў (булаваў з сталёвымі пёрамі). Важнай часткаю баявога арсенала традыцыйна заставаліся лукі і арбалеты (самастрэлы).

Ад варожых куляў і ўдараў ваяра абаранялі разнастайныя панцыры, шаломы і шчыты-тарчы.

Апрача кавалерыі і пяхоты нашае войска славілася артылерыяй. У сярэдзіне XVI ст. у Вільні дзейнічала вядомая ў Еўропе людвісарня (гарматня), дзе за дзень маглі вырабіць 18 гарматаў, што стралялі чыгуннымі ядрамі. Іншая славутая людвісарня знаходзілася ў Нясвіжы. Шмат якія з нясвіжскіх гарматаў, што вылучаліся сваімі баявымі характарыстыкамі, мелі нават свае назовы («Гідра», «Сава»).

Войска нашай дзяржавы было ўзброенае нароўні з арміямі іншых еўрапейскіх краінаў. Жаўнеры мелі агняпальную зброю – ручніцы і аркебузы, а таксама ручную халодную, якая падзялялася на некалькі відаў.

Партрэт выдатнага вайсковага дзеяча ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага, Тыцыян 1550 г.

Рыцарства

Правы і абавязкі рыцараў, якія не складалі асобнага стану, а былі заможнейшай часткаю шляхты, рэгламентаваліся законам. Найперш ваяры мусілі клапаціца пра ўзбраенне. Рыцар меў права выехаць у іншую дзяржаву (апрача непрыяцельскай) «дзеля прымнажэння славы». Побач з ідэаламі роўнасці і ўзаемадапамогі рыцарскі кодэкс патрабаваў падтрымліваць царкву, бараніць слабых, шанаваць жанчыну, дэманстраваць асабістую мужнасць, а таксама дбаць пра адукацыю і навуку. Правілы не дазвалялі забіваць праціўніка ззаду. Пячатка ганьбы клалася на таго, хто ў двубоі конны забіў пешага або узброены – бяззбройнага. Найгалоўнейшымі з рытуалаў былі цырымонія рыцарскага пасвячэння і турніры. Асабліва часта турніры, ладжаныя паводле класічных еўрапейскіх правілаў адбываліся ў Вільні за гаспадаром Жыгімонтам Аўгустам. У 1547 г. на вялікія рыцарскія спаборніцтвы ў сталіцу Вялікага Княства з’ехаліся арыстакраты з дзесяці краінаў. У турнірных міжбоях выступаў сам вялікі князь.

Вандроўных ваяроў з берагоў Дзвіны, Дняпра і Нёмана можна было бачыць пры дварах манархаў розных дзяржаваў. Шмат хто з нашых рыцараў браў удзел у заходнееўрапейскіх турнірах. Турнірныя гербоўнікі мелі асобныя раздзелы, прысвечаныя рыцарству Вялікага Княства Літоўскага.

Тырольскі герцаг Фердынанд у 1581 г. намерыўся стварыць у фамільным замку музей «еўрапейскай славы». Ён звярнуўся да самых знакамітых рыцараў з просьбаю прыслаць сваю зброю. У іх лік трапілі нашы суайчыннікі Радзівілы – Мікалай Руды і Мікалай Чорны. Цяпер іх парадныя панцыры экспануюцца ў Венскім гістарычным музеі.

Шляхта нашай дзяржавы лічыла сябе нашчадкамі ваяўнічых, вольных і ўдачлівых сарматаў якія за тысячу гадоў да гэтага былі ўладарамі велізарных еўрапейскіх абшараў і кідалі выклік самому Рыму. Новыя сарматы кіраваліся дэвізам «Жыццё – Айчыне, гонар – нікому». Сёння ўяўленне пра рыцараў Вялікага Княства Літоўскага дае асобны гістарычны жанр жывапісу – так званы сармацкі партрэт.

Традыцыі беларускага рыцарства належаць не толькі гісторыі. Цяпер у адным Менску дзейнічае блізу пятнаццаці рыцарскіх клубаў а ў краіне іх болей за трыццаць. Яны рэгулярна бяруць удзел у святкаванні гадавінаў Грунвальдскай і Аршанскай перамог. У Менску, Наваградку, Нясвіжы адбываюцца міжнародныя рыцарскія фэсты. Разам з турнірамі ў іх праграму ўваходзяць бугурты (штурмы абарончага ўмацавання), спаборніцтвы лучнікаў і арбалетнікаў конкурсы старадаўніх строяў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]