Сёння аднаму з лепшых беларускіх настаўнікаў Алесю Белакозу споўнілася б 90 гадоў
90 гадоў таму, 11 лістапада 1928 года нарадзіўся грамадскі дзеяч, музеязнаўца, настаўнік і краязнаўца Алесь Белакоз. Пра яго жыццё і жыццёвую філасофію расказвае фільм «Роспач і надзея», які захоўваецца ў фондах архіва кінафотафонадакументаў. Tut.by распавядае аб жыцці і дзейнасці выбітнага беларуса.
Алесь Белакоз нарадзіўся на Гродзеншчыне, у вёсцы Ляткі Ваўкавыскага павета (цяпер Мастоўскі раён), якая з часам злілася з вёскай Гудзевічы. Ён пражыў там амаль усё жыццё, працуючы настаўнікам роднай мовы і літаратуры (атрымаў завочную адукацыю ў Гродзенскім педуніверсітэце).
У 1948 годзе малады Алесь Белакоз пачаў дысідэнцкую дзейнасць. Ён напісаў на лістках заклік «Змагайцеся за незалежную Беларусь!» ды раскідаў іх з цягніка па дарозе ў Мінск. Пазней ён раздабыў шрыфт і надрукаваў антысавецкія ўлёткі, якія з сябрамі распаўсюджваў у Гродне. Белакоз цудам пазбег арышту. Але з-за яго было затрымана шмат невінаватых людзей, таму настаўнік адмовіўся ад сваёй дзейнасці.
Справай жыцця Алеся Белакоза стала стварэнне ўнікальнага Гудзевіцкага літаратурна-гістарычнага музея — спачатку школьнага, а з 1990 года — дзяржаўнага. Нават у савецкія часы ў яго экспазіцыі можна было ўбачыць экспанаты, наяўнасць якіх не віталася.
Як расказваў сам Белакоз, аднойчы загадчык раённага аддзела адукацыі загадаў яму замяніць стэнд, прысвечаны «недобранадзейнай» паэтэсе Ларысе Геніюш. Маўляў, «не знімеце — зачынім музей».
— А тады якраз беларус Клімук пабываў у космасе. Жонка мая выткала для яго гальштук, вучні напісалі ліст, а я даслаў зборнік вершаў Ларысы Геніюш «Невадам з Нёмана» і папрасіў, каб касманаўт падпісаў яго нашаму музею. Ён прыгожа па-беларуску падпісаў: «Гудзевіцкай сярэдняй школе ад Пятра Клімука. Пётр Клімук. 06.08.1975 года». Яшчэ даслаў ліст і свой фотаздымак з надпісам. І мы ўсё гэта прыклалі да стэнда Ларысы Геніюш: і ліст, і здымак, і кнігу з подпісам, і канверт «Пошта касманаўта». Хто пасля такога загадае стэнд здымаць?
Алесь Белакоз не шкадаваў уласных грошай на папаўненне экспазіцыі.
— За першую скульптуру — мясцовага паэта Міхася Явара — у нашым тады яшчэ школьным музеі я аддаў 76 рублёў, — згадваў ён у інтэрв'ю. — Тады я атрымліваў зарплату 64 рублі, жонка — 57. З гэтай нагоды склікалі Савет раённага аддзела адукацыі. «Как это Белакоз за свои собственные деньги приобрел бюст какого-то Михася Явара и установил в школьном помещении?! Кто ему дал право?!» — лямантавалі чыноўнікі.
У пратаколе запісалі: «Белакозу указать на самовольные действия». Дырэктару далі строгую вымову за тое, што пусціў у школьнае памяшканне «бюст какого-то Михася Явара», бюст загадалі прыбраць…
Па маёй персоне за пяць год, з 1970-га па 1975-ы, было праведзена чатыры пасяджэннi Савета раённага аддзела адукацыі. Нарэшце была вынесена вымова з апошнім папярэджаннем: за тое, што замест таго, каб згодна з савецкай школьнай праграмай прайсці тры тэмы, я цэлы ўрок расказваў вучням пра Францыска Скарыну. Загадчык района сказаў, што трэба мяняць альбо савецкія праграмы, альбо Белакоза.
Час пацвердзіў слушнасць ідэй і перакананняў Белакоза, які атрымаў ганаровыя званні заслужанага настаўніка Беларусі і заслужанага дзеяча культуры, адным з першых быў ушанаваны медалём імя Францыска Скарыны. Паводле ўласнага прызнання, ён усё жыццё размаўляў па-беларуску.
Алесь Белакоз памёр 1 снежня 2016 года. Гудзевіцкі музей, які налічвае больш за 13 тысяч экспанатаў, працягвае сваю працу.