Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Не начальства, а «хлам и старье»

14.11.2018 политика
Не начальства, а «хлам и старье»

Вось і Леанід Ільліч любіў Кікабідзэ слухаць: «Мои года — мое богатство».

Як жа час бяжыць хутка, дарагая рэспубліка! Дваццаць пяць гадоў амаль прамінула ўжо, і твой малады прэзыдэнт ужо далёка не малады.

Нічога не магу з сабой зрабіць: у галаве дагэтуль з тэлевізара гэты паўтор — «я малады прэзыдэнт». Значыць, яшчэ нявопытны, але затое — сьвежы, з рукамі на месцы, з галавой, поўнай «громадья планов».

І што цяпер? Чалавек — пэнсійнага веку. Дзе думкі сьвежыя? Дзе грамадзьдзё плянаў? АЭС накшталт чамадану бяз ручкі? І ў выглядзе, перш за ўсё, «косьці ў горле ў Эўропы», як нам сказалі. Такое таксама не забываецца. Ну і ўсе гэтыя прамовы пра сто год камсамолу на думкі сьвежыя яўна ня цягнуць. Але што ў стылі дакладаў Палітбюро — то не паспрачаесься.

Чытаем сёньня, што адміністрацыя на Карла Маркса вырашыла амаладзіць кадравыя рэзэрвы краіны.. А можа варта сем разоў перш адмераць? Ці ўсё прадумалі, ці ўзважылі як мае быць?

Нядаўна Лукашэнка прамаўляў у гарадзенскім унівэрсытэце, да студэнтаў зьвяртаўся. Усякага нагаварыў, як звычайна. Хацеў нечаму навучыць. Як у арміі служыць, яшчэ нечаму. І быў настальгічны ўспамін. Я, кажа, добра памятаю, што сваю прэзыдэнцкую кампанію пачынаў з Горадні.

Некаторыя расцанілі: вырашыў чалавек «тряхнуть стариной», закласьці эмацыйны пачатак на наступны свой раз. Бо калі ж гэта было? Першы той раз? Чвэрць стагодзьдзя хутка будзе сапраўды. Лета 1994-га. Агітуючы гарадзенцаў галасаваць за сябе, дэпутат Лукашэнка назваў тады беларускае кіраўніцтва «хламом и шестидесятилетним старьем», выклікаўшы бурныя воплескі (цытую газэту «Свабода»).

Вось так, дарагія беларусы, калі шэсьцьдзесят гадоў, значыць, «хлам и старье». Хочаце верце, хочаце не. Ну і як тады будзе выглядаць немалады ўжо Лукашэнка сярод амалоджаных кадраў?

І як жа з фундамэнтальным прынцыпам Палітбюро, якое ў галаве начальства напэўна ж працягвае прысутнічаць. Маладзейшых за сябе пры сабе не трымаць. У ніякім разе. Калі ўспомніць «Правду» з адпаведнымі здымкамі: на пярэднім пляне сам Леанід Ільліч, навокал, за сьпінай — яшчэ большы «хлам и старье».

Ведаў дзед жалезна: «старый конь борозды не испортит». Пасьля яго прыйшлі бяскрыўдныя старыканы, ідэалаў марксісцка-ленінскіх не парушылі. А вось калі маладзейшы паявіўся, жэўжык Міхал Сяргеіч, то ўсё пайшло наперакасяк. Так што ці сапраўды варта амалоджваць? Колькі разоў адмералі на дадзены момант?

І апошні, рэтра-момант. У прыватнай кнігарні ў Горадні быў куток зь беларускімі кніжкамі, прычым ад прыватных выдавецтваў толькі, і добры выбар астатняй літаратуры. Нядаўна ў гэтым месцы раптоўна замест якасных кніг паявіліся школьныя дзёньнікі і партрэты Лукашэнкі. Так-так, менавіта таго, 1994 году ўзору. На самым, зразумела, бачным месцы. Усе хадзілі і глядзелі, трымаючы ў галаве, што чалавек цяпер выглядае іначай, бадай што, 64 як-ніяк.

Вось Леанід Ільліч любіў Кікабідзэ слухаць: «Мои года — мое богатство», напачатку 1980-х у «Цэнтральнай» сталічнай кнігарні паявіліся партрэты Брэжнева: сьвежы белы мундзір з маршальскі пагонамі, россып зорак на грудзях. Але твар быў сучасны, не дваццаціпяцігадовай даўнасьці. Прыгожы быў партрэт.

Сяргей Астраўцоў, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]