Гісторыя аднаго ліста ад Васіля Быкава.
У лістападзе 1991-га Васіль Уладзімеравіч Быкаў перадаў мне ліст, якім, паводле ягоных словаў, я мог распарадзіцца па ўласным меркаваньні.
Але адзін асобнік (усяго іх было тры, аддрукаваныя на машынцы), ён папрасіў занесьці Іосіфу Сярэдзічу ў «Народную газету», рэдакцыя якой мясьцілася тады ў Доме ўраду. Прачытаўшы, я сказаў, што перадам ліст таксама афіцыйна, з рэгістрацыяй, у сакратарыят Вярхоўнага Савету.
Ліст падпісалі Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў. Адзін асобнік я занёс у сакратарыят, другі аддаў Сярэдзічу, а трэці пакінуў сабе.
Гэты аркуш цяпер перада мной.
Прозьвішча Быкава ў подпісах на апошнім месцы, паводле альфабэту. Але я зразумеў ужо тады, што пісаў яго Васіль Уладзімеравіч — нават у гэтых некалькіх радках адчуваўся стыль быкаўскай публіцыстыкі.
Гаворка ішла пра гімн новаўтворанай Беларускай дзяржавы:
«Агульнавядома, што без нацыянальнай сымболікі немагчыма пасьпяховае ажыцьцяўленьне высакароднай ідэі самавызначэньня народу. Выдатна, што Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь нарэшце зразумеў важнасьць у гэтай справе нацыянальна-гістарычнага падыходу, і народу вернуты ягоны гістарычны сьцяг і старажытны герб. Застаецца гімн. Цяпер аб’яўлены конкурс на тэкст гімну і ягоную музыку. Але ці трэба нам новы, сьвежаствораны, не ахрышчаны часам і гісторыяй каньюнктурны гімн? Ці хутка ён стане адной з найважнейшых сьвятыняў нацыі? Асабліва калі ў гістарычнай народнай памяці яшчэ велічна гучыць колішні, ахрышчаны нешчасьлівым лёсам (дарэчы, тым, які хрысьціў беларускі народ і саму Рэспубліку Беларусь) гімн на словы Макара Краўцова. А між тым, гэта велічная мэлёдыя і выдатны тэкст. І ня так важна, што некаторыя моманты яго не адэкватныя сучаснай палітыцы Беларусі, што яны, можа, палітычна састарэлыя. Гэта зусім ня той выпадак, калі патрэбная злабадзённасьць. Тэксты гімнаў цывілізаваных краінаў звычайна архаічныя, але яны нязьменна кананічныя, ахрышчаныя крывавай гісторыяй, і ў гэтым іх мастацкая і духоўная сіла.
Мы прапануем узаконіць гімн на словы М. Краўцова, ажыцьцявіўшы тым надзвычай важны дзяржаўны акт на шляху да сапраўднай сувэрэннасьці Рэспублікі Беларусь.
Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, 13 лістапада 1991 г.»
Заява Алеся Адамовіча, Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава пра дзяржаўны гімн. 13 лістапада 1991 г.Гаворка ішла пра надрукаваны ў 1919 годзе ў газэце «Беларусь» верш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які хутка стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі, які сьпявалі слуцкія паўстанцы, што ўзьняліся на абарону БНР.
Аўтарам тэксту быў Макар Краўцоў (1891-1939), дэлегат Першага Ўсебеларускага зьезду, аўтар кнігі «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі». Музыку напісаў Уладзімер Тэраўскі (1871-1938), кіраўнік хору, які ў сьнежні 1917 году ўдзельнічаў ва ўрачыстым адкрыцьці Першага Ўсебеларускага зьезду, пазьней — галоўны хормайстар БДТ-1 (Купалаўскага тэатру). У 1921-м арыштаваны чэкістамі за антысавецкую дзейнасьць і асуджаны да расстрэлу, які замянілі зьняволеньнем. Абодва арыштоўваліся польскімі акупацыйнымі ўладамі за беларускую нацыянальную дзейнасьць. За тое самае былі схопленыя НКВД. Месца іх расстрэлу і пахаваньня невядомае, але Тэраўскі, верагодна, ляжыць у Курапатах.
Калі Быкаў перадаў мне ліст, у Беларускім Народным Фронце «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ужо ведалі як гімн БНР. Яшчэ гады тры перад тым мала хто мог сказаць нешта пра яго, як і пра «Пагоню» ды нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг: савецкая прапаганда дзесяцігодзьдзямі вынішчала гістарычную памяць. Тады нацыянальную ідэю (як і нацыянальныя сымбалі) перахоўвала дыяспара, і гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» гучаў на кожнай імпрэзе ў замежных беларускіх асяродках.
Зрэшты, традыцыя не спынілася, ім адкрываюцца многія імпрэзы, у тым ліку і ў Беларусі. А завяршаюцца выкананьнем гімну «Магутны Божа» Міколы Равенскага на словы Натальлі Арсеньневай. На пачатку 1990-х гэты твор таксама называўся як магчымы дзяржаўны гімн Беларусі.
Алесь Адамовіч, які ў юнацтве ваяваў у партызанскім атрадзе, і Рыгор Барадулін, які страціў на вайне бацьку, адказалі тады, у 1991-м усім тым, хто засьцерагаў ад гімну Краўцова-Тэраўскага на той падставе, што яго «сьпявалі калябаранты».
А празь нейкі час Быкаў, які прайшоў усю вайну з нацыстамі, выкажа стаўленьне і да гімну «Магутны Божа». У сакавіку 2003, у Празе, Васіль Уладзімеравіч на ўрачыстым пасяджэньні ў Люстраной залі праскага Клемэнтынуму, прысьвечаным гадавіне БНР, разам з усімі прасьпявае «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Магутны Божа» і выступіць з прамовай. Гэта была апошняя публічная прамова Быкава.
Верш Натальлі Арсеньевай "Магутны Божа", набраны і раздрукаваны Васілём Быкавым, зь ягонай карэктарскай праўкай. 2003 гМіж іншым, у сьвеце ёсьць прыклады суіснаваньня двух гімнаў — дзяржаўнага і духоўнага. Самы вядомы — у Злучаных Штатах Амэрыкі. Там дзяржаўным гімнам зьяўляецца The Star-Spangled Banner («Зорны сьцяг»), а «другім», неафіцыйным — God Bless America («Божа, блаславі Амэрыку». Музыку да яго, дарэчы, напісаў народжаны ў Магілёве Ірвінг Бэрлін).
У сваёй кнізе «Сем гадоў Адраджэньня...» я выказаў сумнеў, што наўрад ці тады, у лістападзе 1991, «Мы выйдзем шчыльнымі радамі...» мог быць зацьверджаны ў якасьці дзяржаўнага гімну Вярхоўным Саветам: былыя камуністы ўжо ачомаліся ад «пасьляпутчаўскага» шоку і блякавалі прапановы Апазыцыі БНФ. Але з другога боку, эталёны дзяржаўных сымбаляў — «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга — былі зацьверджаныя Вярхоўным Саветам яшчэ пазьней, у сьнежні.
Значыць, шанец усё ж быў.
Праўда, каб яго ўрэчаісьціць, прапанову, як мінімум, мусіла падтрымаць «профільная» парлямэнцкая камісія — па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны, кіраваў якой Ніл Гілевіч. Але яна гэтага не зрабіла, выказаўшыся за правядзеньне конкурсу.
Але ж і падчас галасаваньня па сьцягу і гербу 19 верасьня 1991 году некаторыя дэпутаты таксама прапаноўвалі не зацьвярджаць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг, а абвясьціць конкурс. Мы ўспрымалі гэта як дрэнна прыхаваную спробу пазбавіць беларускі народ ягоных нацыянальных сымбаляў, і нам удалося пераканаць большасьць дэпутацкага корпусу прагаласаваць за іх. Удалося ў значнай ступені таму, што ў падтрымку выступіла і згаданая вышэй парлямэнцкая камісія.
У выпадку з гімнам мы падтрымкі ад камісіі не дачакаліся.
Лёс дзяржаўнага гімну Беларусі склаўся зусім ня так, як прапаноўвалі тры выбітныя пісьменьнікі.
Конкурс цягнуўся некалькі гадоў — пакуль не прыйшоў да ўлады Лукашэнка, і зьнявага нацыянальных каштоўнасьцяў зрабілася часткай дзяржаўнай палітыкі. Пазьней адзін з членаў парлямэнцкай камісіі, Алег Трусаў, у эфіры «Свабоды» скажа, што прычынай валтузьні было жаданьне некаторых паэтаў самімі стаць аўтарамі гімну. Пры гэтым імёнаў Трусаў не назваў. А вось у пачатку 1990-ых дэпутаты ВС называлі толькі адно прозьвішча.
Старшынём камісіі Вярхоўнага Савету па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны быў Ніл Гілевіч.
Учытаемся ў тэкст Макара Краўцова.
«Гвалту мы дамо адпор», «магутны, сьмелы наш беларускі вольны дух», «на бой!», «браты, цярпелі мы даволі, на бой — усе да аднаго!», «сілу беларуса, няхай пачуе й ўбачыць той, хто сьмее нам чыніць прымусы», «хай гром грыміць яшчэ мацней!» — лексыка, якая выяўляе рашучасьць «народнага руху», які пакрыў «штандар наш бел-чырвона-белы». Рашучасьць абараніць сваю зямлю, свой гонар, сваю свабоду.
Не магу ўстрымацца ад паралеляў і параўнаньня з прынятым пры Лукашэнку дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь.
І ўсё ж, пагаджаючыся з трапным вызначэньнем Быкава пра архаічнасьць тэксту гімнаў як іх станоўчую адметнасьць, трэба прадбачыць, што два апошнія радкі гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ў постлукашэнкаўскай Беларусі набудуць актуальнае гучаньне, канстатуючы цяжкую працу стварэньня дэмакратычнай дзяржавы і — даючы веру ў посьпех.
У крывавых муках мы народзім
Жыцьцё рэспублікі сваёй!
Сяргей Навумчык, «Радыё Свабода»