Апошні твор, напісаны Уладзіславам Ахроменкам.
Апошні твор, напісаны Уладзіславам Ахроменкам, які быў зачытаны перад супрацоўнікамі «Радыё Рацыя» 27 кастрычніка ў Беластоку.
За савецкім часам транзістарныя радыёпрыймачы з наборам кароткахвалёвых дыяпазонаў замянялі людзям кампутар, планшэт і Smart-тэлебачанне, разам узятыя. Па транзістары, за спрыяльнымі ўмовамі, можна было злавіць “Голас Амерыкі”, “ВВС”, “Нямецкую хвалю” і “Радыё Свабоду”. Праграмы замежных радыёстанцый, непадцэнзурных Савецкай уладзе, успрымаліся сігналамі з іншасвету. Дзякуючы ім можна было скласці ўяўленне пра тое, што адбываецца ў сусветнай палітыцы, мастацтве і нават модзе.
Транзістарный прыймач “VEF-206” напачатку васьмідзесятых каштаваў 118 рублёў 02 капейкі – тры чвэрці зарплаты майго бацькі. Слухаць “Голас Амерыкі” проста ў нашым гомельскім двары пасёлка “Красный Акцябр” было непажадана: сусед, ветэран савецкіх “органаў”, напэўна настучаў бы “куды трэба”. Дый і глушылі тыя варожыя хвалі бязлітасна.
Па тэлевізары ад рана да позна палохалі жахамі капіталізму і праслаўлялі дасягненні гвардзейцаў пяцігодкі. Па радыё распавядалі пра выплаўку чыгуна і пракладанне рэяк на Байкала-Амурскай магістралі. Тата неяк заўважыў: маўляў, калі ён патрапіць у пекла, то папросіць, каб яму хаця б раз на тыдзень транслявалі “варожыя галасы”, а савецкае радыё хай слухаюць ветэраны савецкіх “органаў”.
Цяпер усе існыя радыёхвалі можна бяскарна слухаць проста ў смартфоне: дастаткова загрузіць з Google Play Market адпаведны дататак і вынесці на працоўны стол патрэбныю іконку. Youtube дае мажлівасць узбагаціць душу і розум усімі культурнымі здабыткамі чалавецтва – ад архіўных запісаў аркестра Артура Тасканіні да серыялу “Шлюб па залёце”. А то і самому стаць уладаром душаў і розумаў у якасці відэа-блогера.
Тым часам у Беларусі па-ранейшаму душаць “варожыя галасы” і блакуюць непажаданыя для ўлады сайты. Праца журналіста-фрылансера ўваскрашае ў памяці шыльду часоў блакаднага Ленінграда: “Гэты бок вуліцы пры артабстрэле найбольш небяспечны, а той – увогуле капец!”: “У Берасці затрымалі блогераў Пятрухіна і Кабанава”, “Журналістка-фрылансерка Тамара Шчапёткіна атрымала 4-ы пратакол”, “Журналіст Яўген Скрабец распавёў, як яго вербаваў КГБ”.
Відавочна: людзі, якія выпісваюць журналістам позвы, складаюць на іх пратаколы і вярбуюць у розныя маласімпатычныя арганізацыі, пагэтуль жывуць у СССР, калі радыёпрыймач “VEF” каштаваў сярэднясавецкую зарплату, калі непажаданую для ўлады інфармацыю было дастаткова прыпыніць, націснуўшы кнопку на “радыёглушылцы”, а нязгодных прымусіць глядзець “Программу Время”, а то і выклікаць “куды трэба”. Такі сабе таталітарызм пекла, дзе ўсё насельніцтва забавязанае глядзець на свет вачыма Галоўнага Чорта.
Свет незваротна змяніўся. І ў гэтым свеце больш няма манаполіі на інфармацыю: ідэалогія прамывання мазгоў праз дзяржаўныя медыя вымірае, бы ветэраны савецкіх “органаў”.
Інтэрнэт-цэнзуру намайстрачыліся абыходзіць нават школьнікі і пенсіянеркі: VPN, TOR, проксі-серверы і ананімайзеры. Сацыяльныя сеткі і незалежныя медыя разносяць інфармацыі куды хутчэй за Беларускае Тэлебачанне; народу нецікава, што сказаў “прэзідэнт” пры наведванні чарговага кароўніка. Затое пра магчымыя наступствы таго ж адкрыцця акумулятарнага завода „АйПаўэр” у Берасці не ведаюць хіба што сляпыя. Ды і яны маюць магчымасць дазнацца непадцэнзурныя інфармацыі хаця б з перадач “Радыё Рацыя” у інтэрнэце.
Дастаткова толькі націснуць адпаведную кнопку ў смартфоне.
Уладзіслаў Ахроменка, «Радыё Рацыя»