З выпадкова падслуханага і падгледжанага.
Па дарожцы пад аблыселымі на лістападаўскім ветры дрэвамі ідзе пара. Сталага веку мужчыны — адзін, з застылым позіркам, тонкім кіёчкам пастуквае перад сабой па асфальце, другі прытрымлівае спадарожніка пад локаць і расказвае, нібы ў фільме «Амелі», пра ўсё, што адбываецца навокал:
— Віно нехта разбіў. Крыварукі… Якое? Ды не ведаю, чарніла нейкае. А вунь там, пад плотам, двое ляжаць у гурбе лісця і грэюцца, нахабнікі. У сэнсе — ці голыя ляжаць? Натуральна, што голыя. Гэта ж каты. А ты пра каго падумаў?
***
На ходніках каля гарадскога рынка ляжыць пабіты дзясятак яек, які ніхто не спяшаецца прыбіраць. Такую карціну апошнім часам бачу ўсё часцей. Найбольш нечакана выглядаў растоўчаны трохлітровік з квашанай капустай, расол з якога сцякаў па прыступках станцыі метро.
І штораз у такіх выпадках прыгадваю словы заслаўскай дворнічыхі, якая тлумачыла жыхару аднаго з шматкватэрных дамоў, чаму так доўга не прыбіраецца раскіданае ветрам смецце:
— Дворнікаў паскарачалі, я адна працую цяпер на тры дамы. Ну, а людзі ж нашы прывыклі, што за імі ўсё прыбяруць да раніцы. А самі лішні раз за сваёй жа паперкай з кішэні не нагнуцца.
***
У супермаркеце маладая пара схілілася над яблыкамі:
— Глядзі ты — беларускія. А назва якая — «Ветэран». Дадумаліся ж.
Я ўяўляю сабе дыялог у простай краме, дзе тавар накладае і ўзважвае прадавец:
— Узважце мне, калі ласка, два кілаграма «Ветэрана». Толькі моцныя кладзіце, свяжэйшыя.
***
У цягніку жанчына гучна размаўляе па тэлефоне, тлумачачы свайму суразмоўцу, чаму вырашыла ехаць у адпачынак за мяжу:
— Так, я згодная — у нас добра лечаць. Але ўмовы ў нашых санаторыях якія? Я летась аддала 500 даляраў, а ў выніку прамучылася два тыдні на старым крывым ложку. Што хадзіла на масаж, што не хадзіла. А кормяць як? Сёння 2018-ы на двары, а не васьмідзясятыя.
***
З пачутага ў глыбінцы:
— У нашай бальніцы маладыя не затрымліваюцца. У лепшым выпадку адпрацоўваюць свой прыгон і едуць, хто куды. А каторы і не дапрацоўвае, уцякае дамоў. Наш хірург… Я да яго на стол не лёг бы. Яго з пенсіі назад узялі, бо няма каму аперыраваць. А ён жа і раней піў, і на пенсіі не забываў чарку браць.
Сямён Печанко, gazetaby.com