Cябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл спадзяюцца, што чыноўнікі звернуць увагу на сённяшні стан палаца Пуслоўскіх.
За тыдзень сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл сабралі 324 подпісы пад калектыўным зваротам “Выратуем палац Пуслоўскіх у Альбярціне”.
Намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Мінолс” Віктар Марчык адаслаў звароты ў Слонімскі райвыканкам, Гарадзенскі аблвыканкам і Міністэрства культуры Беларусі. У звароце паведамляецца, што мы, жыхары Слоніма і Слонімскага раёна, звяртаемся да вас з просьбай прыняць неабходныя меры дзеля ўратавання архітэктурнага помніка першай паловы XIX стагоддзя – палаца Пуслоўскіх у мікрараёне Альбярцін горада Слоніма, паведамляе “Радыё Рацыя”.
Дзякуючы Войцеху Пуслоўскаму ў першай палове XIX стагоддзя ў маёнтку Альбярцін былі пабудаваны палац, флігель, стайня, закладзены парк, адкрыта шмат прадпрыемстваў. Асаблівую каштоўнасць сёння маюць сам палац Пуслоўскіх і флігель. Галоўны ўваход палаца аформлены скульптурамі ляжачых львоў — дэкаратыўны элемент архітэктуры класіцызму першай паловы XIX стагоддзя. Аўтарам гэтых львоў быў вялікі італьянскі скульптар Антоніо Канова (1757-1822). Той скульптар, імя якога Папа Пій VII загадаў упісаць у Залатую кнігу Капітолія і надаў яму тытул маркіза д’Іскіа. Самыя вялікія яго працы цяпер знаходзяцца ў парыжскім Луўры і ў пецярбургскім Эрмітажы. Відаць, Антоніо Канова быў добра знаёмы яшчэ з Войцехам Пуслоўскім, па просьбе якога былі зроблены гэтыя шыкоўныя скульптуры. Яшчэ два венецыянскіх львы стаялі каля ўваходу на тэрасу. Але яны да сённяшніх дзён у Альбярціне не зберагліся. А гэтыя два львы, якія захаваліся да сённяшніх дзён у Альбярціне, тэрмінова патрабуюць дапамогі. Яны моцна пашкоджаны і іх трэба рэстаўраваць, бо калі гэта не будзе зроблена – славутыя помнікі-львы проста рассыплюцца, як пясок.
Тэрміновай дапамогі патрабуе і сам палац Пуслоўскіх, як фасад будынку, так і інтэр’ер памяшкання. Тое самае можна сказаць і пра флігель Пуслоўскіх, які знаходзіцца побач з палацам.
“Просім вас знайсці і выдаткаваць сродкі на тое, каб захаваць гэтыя прыгожыя помнікі ў старажытным Слоніме. Тым больш, што ў 2019 годзе ў горадзе над Шчарай адбудзецца рэспубліканскае свята беларускага пісьменства і друку”, — паведамляецца ў звароце жыхароў Слоніма.
Цяпер слонімцы чакаюць афіцыйных адказаў і спадзяюцца, што чыноўнікі звернуць увагу на сённяшні стан палаца Пуслоўскіх у Слоніме.