Партал «Тузін Гітоў» абвясьціў лонг-ліст з 25 намінантаў конкурсу «Засьпявай-5».
Удзельнікам конкурсу прапанавалі напісаць песьню на верш аднаго зь ляўрэатаў літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.
Ніжэй — дэма-вэрсіі песень, пазьней удзельнікі адбору прэзэнтуюць студыйныя вэрсіі сваіх песень.
Цяпер выканаўцаў з лонг-ліста чакае жывое праслухоўваньне журы, па выніку якога будуць адабраныя 3 фіналісты. Зь фіналістамі правядуць індывідуальную працу.
Пераможца конкурсу атрымае 1500 рублёў на рэалізацыю «сваіх творчых задумаў», паведаміў «Радыё Свабода» заснавальнік TuzinFM.by Сяргей Будкін.
Конкурс «Засьпявай» праводзіцца з 2014 году. Ягоная мэта — адкрыць для маладых музыкаў сьвет беларускай сучаснай паэзіі. Пераможцамі ў намінацыі «Сьпяваная паэзія» конкурсу станавіліся Віталь Варанко, Naviband, Paulinn, Helious.