Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Фаны зборнай, безумоўна, патрыёты»

22.11.2018 общество
«Фаны зборнай, безумоўна, патрыёты»

Як рабілі вялізны БЧБ-сцяг, які мы бачылі на матчы з Сан-Марына.

У нядзелю зборная Беларусі ўпэўнена перамагла ў гасцях Сан-Марына, заняла першае месца ў сваёй групе Лігі нацый і выйшла ў плэй-оф кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2020.

У Серавале «белакрылых» падтрымлівала шмат заўзятараў. Беларусы паводзілі сябе актыўна і былі значна гучнейшыя за гаспадароў. Скандавалі, спявалі «Тры чарапахі» NRM і народную «Купалінку». А напрыканцы матчу расцягнулі над сваім сектарам вялізарны бел-чырвона-белы сцяг шырынёй 10 метраў і вышынёй 4,5. Яшчэ адзін сцяг, трошкі меншы, ляжаў на крэслах.

«Трыбуна» пагутарыла з фанатам зборнай, які стаў адным з ініцыятараў з’яўлення вялікага палотнішча на стадыёне. Сваё імя прыхільнік папрасіў не друкаваць, але ахвотна распавёў пра тое, як з’явілася ідэя і як яна была рэалізавана.

– Упершыню гэты сцяг расцягнулі на выязной гульні з Малдовай у верасні. Тады двума мікрааўтобусамі [беларускія фаны] прыехалі ў Затоку, каб адпачыць некалькі дзён на моры перад гульнёй. А ўжо адтуль сваёй невялічкай тусоўкай у пяць чалавек паехалі на экскурсію ў Адэсу. Гуляючы па Дэрыбасаўскай, вырашылі зрабіць вялікі сцяг.

Праз інтэрнэт знайшлі фірму, якая прадавала патрэбную тканіну, дамовіліся і ледзь не патрапілі на грошы. Ужо рыхтаваліся зрабіць папярэднюю аплату, калі заўважылі, што фірма кіеўская. Тады прыйшлося шукаць іншы варыянт. Былі настойлівыя, і зусім побач з Дэрыбасаўскай знайші краму, дзе прадавалася неабходная тканіна – наша родная магатэксаўская падкладка («Магатэкс» – найбуйнейшы вытворца прадукцыі з тэкстылю ў Беларусі – Tribuna.com), якую для сваіх банераў выкарыстоўваюць многія фанаты краіны. А ў суседнім з крамай падвальчыку дзяўчынка за некалькі гадзін пашыла нам сцяг. Усё каштавала не вельмі вялікіх грошаў: атрымалася недзе даляраў па 20 з чалавека. Магчыма, калі б было даражэй, то і пашкадавалі б грошай. А так зрабілі прыгажосць. Карацей, замест таго, каб піць піва ў барах, знайшлі сабе занятак :)

На стадыён «Зімбру» ў Кішынёве прайшлі без праблем. Звычайна за мяжой мы не клапоцімся на дагляд. Усё заўжды вельмі проста. Сцяг звешвалі з балкона другога яруса некалькі разоў. Надоўга звешваць не маглі, бо ён закрываў «брыгадныя» банэры нашых выездзюкоў. Таму знайшлі кампраміс.

У Люксембург я не ездзіў, таму і сцяга там не было. А у Сан-Марына збіраўся і сцяг узяў. Гэта няцяжка. Нягледзячы на памеры, ён займае невялічкі легкі пакет. Усе межы па дарозе прайшлі спакойна. Аніякіх праблем. Цікава, што на сэктары ў Сан-Марына такі вялікі сцяг быў не адзін. Хтосьці прынёс крыху меншы і шмат невялічкіх. Пранесці іх на трыбуны было не складана – гэта ж не Беларусь. Вялікія сцягі былі пакладзены на вольныя крэслы і праляжалі на іх усю гульню. А напрыканцы хлопцы вырашылі крыху пашызець і паднялі сцяг над галовамі.

Калі пачалі весяліцца, то ніхто з заўзятараў не абураўся. Хаця звычайна на выязных матчах на сэктары збіраюцца розныя людзі. Ёсць і аматары афіцыйнай сімволікі. Вось і гэтым разам непадалёк стаялі хлопцы з чырвона-зялёным сцяжком. Але абсалютная большасць шануюць бел-чырвона-белы. І гэта натуральна, бо быць патрыётам сваёй радзімы (а фанаты зборнай гэта, безумоўна, патрыёты), не ведаючы сваіх каранёў і не шануючы спадчыну, немагчыма. Але нейкіх спрэчак паміж аматарамі рознай сімволікі на гасцявых матчах ніколі не бачыў. Мяне больш хвалююць клубныя цёркі з асобнымі гульцамі на матчах зборнай. Непавага да гульца клуба, які ты не любіш, выглядае недарэчна.

Цікава, што на сектары ў Сан-Марына апынулася шмат «спевакоў». Таму акрамя стандартнага набору выконвалі шмат іншых нацыянальных песень. Спявалі і Вольскага, і Міхалка, і Кулінковіча, каб ушанаваць ягоную памяць. Былі нават «Песняры» з «Сябрамі». Ну а ў фінале наш саліст зацягнуў мулявінскую «Малітву», і самае галоўнае – не схібіў. На жаль, толькі словы памяталі не ўсе. Таму параю тым, хто плануе выезды на зборную, падвучыць нашу класіку.

На перфоманс каманда адрэагавала нармалёва. Думаю, гульцы – мужыкі адукаваныя, і пра гісторыю сваёй краіны кніжкі чыталі. Пасля фінальнага свістка хлопцы падышлі да сектара, але нармальна паразмаўляць замінала вельмі гучная музыка, высокае шкло паміж сектарам і палянай. Але некалькі маек ад гульцоў заўзятары ўсё ж такі атрымалі. Магчыма, хтосьці з фанаў лавіў каманду каля аўтобуса, але наша суполка рванула ў апошнюю працуючую ў Сан-Марына краму, якая неўзабаве зачынялася. Трэба ж было неяк адзначыць перамогу.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]