У Слуцку мітынгавалі ў гонар абаронцаў радзімы ад бальшавікоў.
Больш за 50 актывістаў зь Менску, а таксама каля дзесяці мясцовых жыхароў правялі ў Слуцку мітынг з нагоды 98-ых угодкаў Слуцкага збройнага чына — узброенай абароны слуцкіх земляў у 1920 годзе, паведамляе «Радыё Свабода».
Тады некалькі тысяч жыхароў цяперашніх Слуцкага, Капыльскага і Салігорскага раёнаў са зброяй у руках выйшлі бараніць Беларускую Народную Рэспубліку ад войскаў Чырвонай арміі, дасланых з Масквы.
Ідэя абароны незалежнасьці сёньняшняй Беларусі стала галоўным матывам ў прамовах на мітынгу ў Слуцку.
Кіраўнік руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык таксама не спадзяецца на тое, што за Беларусь будуць змагацца тыя, хто сёньня кіруе краінай:
«Бо яны ня любыць Беларусь і беларусаў».
Паводле Вячаслава Сіўчыка, самаахвярнасьць удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну выявілася ня толькі ў барацьбе з бальшавіцкім Чырвоным войскам, але і ў польскіх лягерах для інтэрнаваных, куды патрапілі пасьля баёў на Случчыне адступіўшыя змагары за беларускую незалежнасьць.
«Без гераічных дзеяньняў ня можы быць будучыні. Слава героям Случчыны!», — зьвярнуўся да мітынгоўцаў Вячаслаў Сіўчык.
У памяць пра загінулых слуцкіх ваяроў прачыталі малітву сьвятары Аўтакефальнай беларускай праваслаўнай царквы.
А закончыўся мітынг прысягай актывістаў «Маладога фронту», якія толькі ўступілі ў арганізацыю. Гэта адбылося пад вялікім бел-чырвона-белым сьцягам, расьцягнутым над мітынгоўцамі.
«Усяго падалі заявы на ўступленьне ў „Малады фронт“ 17 чалавек, але ня ўсе яшчэ могуць адважыцца на пубілічнае прыняцьце прысягі», — прызнаў пасьля мітынгу Дзяніс Урбарановіч, вядомы па ўдзелу ў пікетаваньні рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах.
Маладафронтавец Мікалай зь Менску пацьвердзіў словы Дзяніса Ўрбановіча.
«Так, вось я не хацеў бы называць сваё прозьвішча і паказваць твар, таму закрыў яго шалікам. Не выключаю ціску. На вучобе, дома», — сказаў хлопец.
Акцыя ў Слуцку была дазволеная мясцовымі ўладамі. Мітынг прайшоў у мясцовым парку каля стадыёна. Міліцыянты ахоўвалі месца правядзеньня акцыі, але не заміналі ўдзельнікам. Перад мітынгам актывісты прайшлі па вуліцы Віленскай зь бел-чырвона-белымі сьцягамі пад воклічы «Жыве Беларусь!» і «Слава героям Случчыны!».
Пасьля мітынгу ў гарадзкім Доме культуры пачаўся канцэрт, прысьвечаны Дню герояў Случчыны. Выступіць на ім пагадзіліся Лявон Вольскі, Андрэй Хадановіч, гурты «Харачакра» і Zanzibar.
Каб паслухаць выступ музыкаў у Доме культуры Слуцку сабраліся каля двухсот случчакоў і гасьцей горада.