Баявы афіцэр нарадзіўся ў сям’і беларускага шляхціца.
7 лютага 1892 г. у Пінскім павеце нарадзіўся Антон Сокал-Кутылоўскі – адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну, беларускі вайсковец, праваслаўны сьвятар, вязень ГУЛАГ, піша radabnr.org.
Нарадзіўся ў сям’і беларускага шляхціца. У 1910 скончыў Панявескую настаўніцкую сэмінарыю, працаваў настаўнікам на землях сучаснай Летувы. З 1913 па 1915 год у Петраградзе навучыўся на політэхнічных курсах, дзе атрымаў спэцыяльнасьць «тэхнік сельскага вогнестойкага будаўніцтва». Скончыў геаграфічны факультэт Пэтэрбурскага ўнівэрсытэту ў 1914.
У 1915 годзе прызваны ў расейскую армію. У 1916 годзе пасьля Казанскай вайсковай вучэльні накіраваны на фронт Першай сусьветнай вайны.
Удзельнічаў у баях пад Вільняй і ў Галіцыі. Унтэр-афіцэр, прапаршчык, капітан. Узнагароджаны Георгеўскім крыжам.
Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 жыў на сваім хутары. У жніўні 1918 паехаў да войскаў генэрала Денікіна ў Растоў-на-Доне. Ваяваў у яго частках са жніўня 1918 да студзеня 1919. Пасьля ізноў вярнуўся дахаты. Прызваны ў Чырвоную армію напачатку 1919. Прызначаны на працу ў Слуцку пры Ваенным камісарыяце, адкуль праз 2 месяцы дэзэртаваў.
Прабраўся ў Прыбалтыку да войска ген. Юденіча. Камандаваў ротай пад Петраградам. Пасьля паразы Юденіча да лета 1920 жыў у Эстоніі, бяз працы і грошай. Улетку 1920 здолеў прыехаць у Гарадзею, дзе на той час жыла жонка.
Прыняў ўдзел у Слуцкім паўстаньні 1920. У сьнежні 1920 прызначаны камандзірам Слуцкай брыгады. Пасьля паразы паўстаньня перайшоў разам з жаўнерамі савецка-польскую мяжу і да траўня 1921 знаходзіўся ў лягеры інтэрнаваных.
Захоўваў у сябе да 1921 году архіў Слуцкай брыгады. Пасьля перавёз яго ў Вільню і перадаў Браніславу Тарашкевічу.
Таксама ён зьберагаў Сьцяг Першага Слуцкага Палка. Улетку 1921 году хацеў перадаць сьцяг на захаваньне ў царкву япіскапу Пінскаму Панцеляйману (Ражноўскаму), які, будучы адхілены ад кіраваньня япархіяй, служыў на той час у Наваградку. Але апошні адмовіўся браць. Сьцяг у Сокал-Кутылоўскага сканфіскавала польская паліцыя ў 1931 падчас ператрусу.
24 чэрвеня 1921 высьвячаны біскупам Панцялейманам (Ражноўскім) на праваслаўнага сьвятара. У міжваенны пэрыяд працаваў у парафіях Наваградзкага і Слонімскага паветаў (в. Вострава) і настаўнічаў у школе. Быў прызначаны Дзятлаўскім благачынным. Выказваўся за ўжываньне беларускай мовы ў богаслужэньнях Праваслаўнай Царквы, спрычыніўся да пабудовы храму ў м. Лыскава.
Супрацоўнічаў з Часовай беларускай Радай, якая трымалася антыкамуністычных пазыцыяў. На зьезьдзе, які Рада склікала ў Вільні 26-28 чэрвеня 1926 выступаў з дакладам па рэлігійных пытаньнях. Быў абраны ў склад сябраў Беларускай нацыянальнай рады.
Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР спыніў сьвятарскае служэньне і працаваў тэхнікам на будоўлі ў Баранавічах.
Арыштаваны НКВД БССР 19 чэрвеня 1941, за тры дні да нападу Нямеччыны на СССР. Быў зьмешчаны ў камэру сьмяротнікаў баранавіцкай турмы Крывое кола. Дзякуючы нападу немцаў на СССР вызваліўся зь вязьніцы — здолеў ўцячы з падпаленай турмы. Жонка і дзеці былі высланыя ў гэты час зь Беларусі.
Да кастрычніка працаваў у Баранавічах у гарадзкой управе памочнікам начальніка аддзела сацыяльнага забесьпячэньня. З кастрычніка 1941 да лета 1944 інспэктар беларускіх школаў у Ганцавічах. Зьяўляўся кіраўніком камітэту Беларускай самапомачы ў Ганцавічах. Па сьведчаньнях — сябар падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. У 1944 г. — намесьнік прэзыдэнта БЦР па Ганцавіцкай акрузе. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэса.
Летам 1944 зьехаў у Прагу, пасьля ў Нямеччыну. Выкладаў у школе афіцэраў БКА, падпалкоўнік. 18 красавіка 1945 — камандзір 1-га беларускага палка. Разам з дывізіяй «Беларусь» на заходнім фронце здаўся амэрыканцам.
30 красавіка 1945 арыштаваны савецкаю контарвыведкаю «СМЕРШ» у лягеры для рэпатрыянтаў, вывезены ў СССР.
З 1945 да лістападу 1947 — у Паўночнапячэрскім лягеры. 27 кастрычніка 1947 яго справу запатрабавала УНКГБ па Пінскай вобласьці.
20 красавіка 1948 Ваенным трыбуналам войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Беларускае вайсковае акругі асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня на падставе арт.63-1 УК БССР і ар.64, а таксама паразы ў правох на 5 год без канфіскацыі маёмасьці з-за яе адсутнасьці.
Амніставаны ў лістападзе 1957. Нейкі час жыў у стрыечнай сястры ў Ганцавічах пад наглядам спэцслужбаў. Выехаў на сталае жыхарства ў Шчэцін (Польшча), дзе жыла дачка. Тамака памёр і пахаваны на Цэнтральных могілках г. Шчэцін (Cmentarz Centralny, nr. kwatery 72b, rzad 13, nr. grobu 6).
Пакінуў ўспаміны.