Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Зянон Пазьняк: Патрыятычныя дзеяньні продкаў няхай стануць нам прыкладам

25.11.2018 политика
Зянон Пазьняк: Патрыятычныя дзеяньні продкаў няхай стануць нам прыкладам

Каля 70 актывістаў наведалі мясьціны Слуцкага збройнага чыну.

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ 25 лістапада правяла акцыю з нагоды 98-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну. У мітынгу ў Слуцку ўдзельнічала не менш за 70 чалавек, перадае «Радыё Свабода».

Спачатку ўдзельнікі акцыі наведалі месцы, зьвязаныя са Слуцкім паўстаньнем (вёскі Грозава, Семежава і Чырвоная Слабада (былая Вызна)).

Прысутным быў зачытаны зварот Зянона Пазьняка.

«Патрыятычныя дзеяньні продкаў няхай стануць нам прыкладам. І гэта не рыторыка. Над нашай дарагой Бацькаўшчынай даўно навісла небясьпека і навісае кожны дзень. Мы гэта бачым. Але іншыя думаюць, што нічога ня станецца, і шчасьліва выплыве наш карабель. Так думалі ва Ўкраіне, пакуль ні напала на іх навала з усходу. Але ўкраінцы мелі грунт. У іх была ўкраінская школа, са сьцен якой выходзілі адукаваныя ўкраінцы з пашанай да Ўкраіны, быў украінскі кінематограф, там не было татальнай здрады і лукашызма. Нам будзе цяжэй. Але мужаймася, і найперш шануем нашу Беларускую Мову, Незалежнасьць і Свабоду», - гаворыцца ў звароце старшыні партыі.

Выканаўца абавязкаў старшыні партыі ў Беларусі Юрась Беленькі ў камэнтары адзначыў, што мясцовыя жыхары, якіх улады заклікалі не прыходзіць на акцыю, хоць непасрэдна і не ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, стаялі воддаль і слухалі выступоўцаў.

Мітынг у Слуцку прайшоў у гарадзкім парку. Выступаючы на ім, Беленькі зьвярнуў увагу прысутных, што, «верагодна, матывацыя ва ўдзельнікаў паўстаньня была моцная».

«Людзі разумелі, што іх чакае, калі ўлада расейскіх бальшавікоў замацуецца. Гісторыя пацьвердзіла іх правату: далей былі Курапаты, Галадамор ва Ўкраіне і гэтак далей», — сказаў ён.

Палітык зьвярнуўся да міліцыянэраў і ваенных, адзначыўшы, што яны фактычна служаць прамаскоўскаму рэжыму, які праводзіць антыбеларускую палітыку. Так, заявіў ён, за гады кіраваньня Лукашэнкі насельніцтва Беларусі зьменшылася прыкладна на 800 тыс. чалавек.

Слуцкі збройны чын 1920 года быў спробай абароны незалежнасьці Беларусі. На працягу месяца, у лістападзе-сьнежні, ваенныя атрады, сфарміраваныя на Случчыне пераважна зь мясцовых вяскоўцаў, аказвалі супраціў войскам Саветаў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]