Некаторыя прапануюць увесці абавязковую ідэнтыфікацыю для бабулек на лавах каля пад’ездаў.
Усяго два дні засталося да ўвядзення абавязковай ідэнтыфікацыі для каментатараў на сайтах. З 1 снежня, калі вы захочаце падзяліцца сваімі думкамі з іншымі інтэрнэт-карыстальнікамі, давядзецца пакінуць пра сябе звесткі.
А менавіта імя, прозвішча, дату нараджэння, нумар тэлефона і нават пол. І толькі пасля гэтага вам дашлюць смс-код для таго, каб вы змаглі каментаваць на інтэрнэт-рэсурсе. Зразумела, гаворка ідзе пра беларускія сайты.
Падобная ідэнтыфікацыя на сайтах BBC ці ў фэйсбуку не патрэбная. Так што, спяшайцеся пакідаць свае ананімныя каментары, пакуль гэта магчыма. З 1 снежня здзейсніць гэта ў даменнай зоне by будзе немагчыма.
Перафразуючы вядомы выраз: не падабаецца – на замежныя сайты. А інтэрнэт-карыстальнікі, пакуль магчыма было пакідаць каментары, пачалі троліць Міністэрства інфармацыі. Напрыклад, некаторыя прапанавалі ўвесці абавязковую ідэнтыфікацыю для бабулек на лавах каля пад’ездаў.
Сапраўды, тыя, калі разыдуцца, дык форумы розных папулярных беларускіх сайтаў проста адпачываюць. Некаторыя беларускія інтэрнэт-сайты адмовіліся ад форумаў. Бо, па-першае, не ўсе могуць дазволіць сабе перарабіць софт пад новыя патрабаванні. А па-другое, некаторыя інтэрнэт-рэсурсы з асцярогай чакаюць практыку прымянення новых нормаў.
У любым разе, нават калі сайты і не закрыюць форуму, каментароў стане меней: не ўсе захочуць дзяліцца прыватнай інфарацыяй. У свеце апошніх падзеяў чарговы раз думаеш, што як пашанцавала ўсё-такі якому Цукербергу, што ён нарадзіўся не ў Беларусі. Вось не змог ён запусціць свой рэсурс пры беларускім заканадаўстве.
Юлія Сівец, «Радыё Рацыя»