Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Замкнёнае кола лукашэнкаўскай Беларусі

30.11.2018 культура
Замкнёнае кола лукашэнкаўскай Беларусі

Па коле рухаецца ня толькі вытворчасьць лёну, але і ўся краіна.

Эпапэя з мадэрнізацыяй ільнаводзтва — такі самы надмагільны помнік беларускай сацыяльнай мадэлі, як і прыкра знакамітая мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі.

Калі ўжо справа правальваецца, то ўсякая спроба яе ўратаваць зробіць толькі горш.

Чацьвёрты закон Фінэйгла

Як у знакамітым рамане Ільфа і Пятрова пры слове «Бабруйск» сход сыноў лейтэнанта Шміта хваравіта застагнаў, так вышэйшае беларускае чынавенства нэрвова рэагуе на слова «Ворша». Летам найвышэйшы разнос за неадрамантаваны дах на адным з аршанскіх заводаў скончыўся адстаўкай ураду. 30 кастрычніка Лукашэнка зноў прыехаў у гэты горад, каб чарговым разам учыніць разбор палётаў. Цяпер тэмай нарады стала кепская сытуацыя ў ільнаводзтве.

«Чаго ў мяне такі паганы настрой?» — спытаў сам сябе кіраўнік Беларусі, пазнаёміўшыся з станам спраў на Аршанскім ільнокамбінаце.

Здавалася б, нічога новага, усё як звычайна. Аднак справа ў тым, што эпапэя з мадэрнізацыяй ільнаводзтва — такі самы надмагільны помнік беларускай сацыяльнай мадэлі, як і прыкра знакамітая мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі.

Зробім невялікі гістарычны экскурс. 5 сакавіка 2010 году Аляксандар Лукашэнка таксама наведаў Аршанскі льнокамбінат. І шчыра абурыўся, убачыўшы там, па ягоных словах, «каменны век». Аказалася, што дзяржава за пяць папярэдніх гадоў выдзеліла арганізацыям ільняной галіны толькі ў выглядзе субсыдый амаль 560 млрд рублёў. Але ў выніку 33 з 49 айчынных ільнозаводаў аказаліся стратнымі. «Ільнаводчай галіне Беларусі быць!» — патасна заявіў тады Лукашэнка. І даў каштоўныя ўказаньні: «Трэба ўсё прайсьці, усё пралічыць, перш чым укласьці некалькі мільярдаў рублёў». Зьвяртаючыся да тагачаснага міністра сельскай гаспадаркі Сямёна Шапіры, кіраўнік дзяржавы грозна папярэдзіў: «Калі ня вырасьціш і не паставіш нармальную сыравіну для прадпрыемстваў — са мной працаваць ня будзеш». Тады думалася, што хай і са спазьненьнем, але прынятыя рашучыя меры, і цяпер галіна запрацуе.

Праз два гады, 15 сьнежня 2012 году, Лукашэнка зноў наведаў Аршанскі льнокамбінат. І застаўся вельмі незадаволены станам спраў на прадпрыемстве і ўсёй галіне. Пасыпаліся чарговыя жорсткія патрабаваньні, указаньні і пагрозы: «Ня дай бог, сарвяце мадэрнізацыю гэтага льнокамбінату. Праз год вы павінны цалкам скончыць, як дамаўляліся... На працягу 2013-га — першай паловы 2014 году льнокамбінат павінен быць як цацка... Кожнаму губэрнатару ў будучым годзе пэрсанальнае заданьне... вырасьціць добры лён... У адваротным выпадку навошта мы ладзілі ўсю гэтую мадэрнізацыю?»

І вось 19 верасьня 2014 году Лукашэнка прыехаў на Аршанскі льнокамбінат прымаць працу. І што ж ён там убачыў? Адгадалі. Вы будзеце сьмяяцца, але амаль тое самае, што і чатыры з паловай гады таму. Кіраўнік дзяржавы вызначыў сытуацыю ў ільнаводзтве як «правал».

«Асноўная маса праблем, пра якія гаварылася на папярэдняй нарадзе, існуе да гэтага часу... Тэрміны комплекснай мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбінату сарваныя, — адзначыў дыктатар. — У выніку заканамерны вынік — галіна застаецца стратнай».

Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржкантролю і сваёй адміністрацыі ўнесьці прапановы аб прыцягненьні да адказнасьці вінаватых за правалы ў ільняной галіне. І даў заданьне наладзіць вытворчасьць лёну «на самым высокім усясьветным узроўні».

Прайшло яшчэ чатыры гады. Напярэдадні візыту БелТА паведамляла, што дзяржаўная падтрымка, аказаная Аршанскаму камбінату на правядзеньне мадэрнізацыі і фінансаваньне бягучай дзейнасьці, за 2007–2018 гады склала 212 млн даляраў. Аднак дапамагло гэта слаба. Высьветлілася, што на мадэрнізаваным Аршанскім ільнокамбінаце застаюцца незагружанымі каля траціны магутнасьцяў, а частку льновалакна для перапрацоўкі даводзіцца закупляць за мяжой. Лукашэнка зноў канстатаваў: «Праца да гэтага часу наладжаная неэфэктыўна... Сытуацыя ў ільногаліне нярадасная».

«Што перашкаджае поўнай загрузцы вытворчых магутнасьцяў нашых ільнозаводаў? Чаму яны працуюць неэфэктыўна, а іх мадэрнізацыя зьвялася да банальнай замены зношаных вузлоў і агрэгатаў? У чым прычына адсутнасьці якаснага льновалакна ў неабходным аб’ёме і невыкананьня дзяржзаказу?» — падняў цэлы шэраг праблемных пытаньняў Аляксандар Лукашэнка.

Адказы на іх рытарычныя. Ільнаводзтва — гэта прыватны выпадак, у якім, як у кроплі вады, адлюстраваная сытуацыя ва ўсім дзяржаўным сэктары эканомікі. Нягледзячы на тытанічныя намаганьні Лукашэнкі, спробы мадэрнізацыі галіны выліліся ў пустое марнаваньне бюджэтных грошай. Пагрозы на адрас міністраў і старшынь аблвыканкамаў, як і пэрыядычныя наведваньні льнозаводаў кіраўніком дзяржавы, ні да чога не прыводзяць. Мы бачым замкнёнае заганнае кола, па якім рухаецца ня толькі вытворчасьць лёну, але і ўся краіна. Гэта якраз той выпадак, калі нічога выправіць ужо нельга, але канчаткова сапсаваць яшчэ можна.

Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]