Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Случчакі адстойваюць права на шэсці пад нацыянаьнымі сцягамі

01.12.2018 общество
Случчакі адстойваюць права на шэсці пад нацыянаьнымі сцягамі

Мірны сход у Слуцку прайшоў па-людску?

Набліжаецца 70-я гадавіна прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Сёння мы пагаворым аб адным з асноўных правоў чалавека, абвешчаных Дэкларацыяй, — свабодзе мірных сходаў, піша spring96.org.

Свабода мірных сходаў абвяшчаецца і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь у артыкуле 35. Яна рэгламентуецца шматлікімі іншымі міжнароднымі і нацыянальнымі актамі. Здавалася б, пры такім вялікім прававым рэгуляванні не павінна ўзнікаць розначытанняў гэтай свабоды, аднак гэта далёка не так. У мэтах аднастайнага разумення гэтай свабоды Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) прыняла ў 2011 годзе ўжо 2-е выданне кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў, дзе вызначаны міжнародныя стандарты ў гэтай галіне. Аднак, прааналізаваўшы падканстытуцыйны Закон Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах" і існуючую практыку па рэалізацыі гэтай свабоды ў нашай краіне, узнікае шмат пытанняў аб правільнасці разумення гэтага фундаментальнага права беларускімі органамі ўлады.

З 26 студзеня 2019 года ўступаюць у сілу змены ў Закон, аднак, як адзначаюць праваабаронцы, яны не набліжаюць яго да міжнародных стандартаў у галіне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў, паколькі ў ім застаюцца істотныя абмежаванні правоў грамадзян Беларусі.

24 лістапада ў Слуцку група грамадзян сабралася, каб правесці шэсце і мітынг, прымеркаваныя 98-годдзю "Слуцкаму збройнаму чыну". Гэта ёсць прыклад класічнага мірнага сходу (у беларускім заканадаўстве гэта называецца масавае мерапрыемства). Як рэалізуецца мірны сход у Беларусі, якія "падводныя камяні" ўзнікаюць пры яго правядзенні, паспрабуем разабрацца на прыкладзе гэтых мірных сходаў у Слуцку.

Арганізатарамі ў дадзеным мірным сходзе выступілі актывісты руху салідарнасці «Разам», руху «За Свабоду» і Партыі БНФ.

У кіруючых прынцыпах АБСЕ па свабодзе мірных сходаў не ўстаноўлена ніякіх патрабаванняў для арганізатара. Толькі адзначаецца, што "гэта асоба або асобы, якія нясуць асноўную адказнасць за правядзенне сходу" (п.185). Беларускі Закон "Аб масавых мерапрыемствах" даволі жорстка падышоў да пытання патрабаванняў да арганізатараў. Так, не могуць выступаць арганізатарамі масавага мерапрыемства асобы, якія дапусцілі парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства, на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое парушэнне. То бок, калі тыя, хто прыцягваўся хоць аднойчы па знакамітым у Беларусі адміністрацыйным артыкуле 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), пададуць заяўку ў мясцовы орган улады на правядзенне масавага мерапрыемства — ім адмовяць. Так, напрыклад, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец ужо гадоў восем не можа быць арганізатарам масавых мерапрыемстваў у Беларусі.

Па беларускім заканадаўстве арганізатарам масавых мерапрыемстваў можа з'яўляцца толькі грамадзянін Рэспублікі Беларусь і зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку прафсаюзы і іншыя арганізацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта значыць замежныя грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, не могуць рэалізаваць сваё фундаментальнае права на свабоду мірных сходаў у нашай краіне. Дарэчы, арганізатарамі масавага мерапрыемства з удзелам больш за 1000 чалавек, могуць выступаць толькі зарэгістраваныя палітычныя партыі, прафсаюзы і іншыя арганізацыі Беларусі.

Дарэчы, з формай заяўкі на правядзенне масавых мерапрыемстваў у Беларусі таксама не ўсё адназначна.

Міжнароднае права ў галіне правоў чалавека не патрабуе, каб у нацыянальным заканадаўстве змяшчалася патрабаванне падачы папярэдняга паведамлення аб сходзе, не кажучы ўжо аб атрыманні дазволу ад мясцовых органаў улады, як гэта прадугледжана ў беларускім законе. У нашай краіне рашэнне аб дазволе або забароне правядзення масавага мерапрыемства прымаецца нават з улікам умоў надвор'я, месцы правядзення і аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку. Дарэчы, у кіруючых прынцыпах пазначана, што нацыянальнае заканадаўства павінна патрабаваць ад арганізатара сходу падачы паведамлення аб намерах, а не просьбы аб дазволе. Тым не менш, у беларускім заканадаўстве пакуль існуе дазвольны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў.

Аднак з 26 студзеня ў Закон уносяцца змены, якія ўжо прадугледжваюць паведамляльны парадак, але не ўсіх відаў масавых мерапрыемстваў. У паведамляльным парадку можна будзе праводзіць толькі некаторыя віды масавых мерапрыемстваў (сходы, мітынгі, пікеты) і зноў жа толькі ў вызначаных мясцовымі органамі ўлады месцах. Такія нестатычныя віды масавых мерапрыемстваў, як дэманстрацыі, шэсця будуць праводзіцца ў старым дазвольным парадку.

Рашэнне выканкама аб дазволе правядзення масавага мерапрыемства, як ужо адзначылі, прымаецца з улікам месца правядзення.

У Беларусі нельга правесці масавае мерапрыемства "дзе ўздумаецца". Для гэтага існуюць, як называюць іх актывісты, "правільныя месцы", якія вызначаюць мясцовыя органы ўлады. Як правіла, гэта не цэнтральныя плошчы і стадыёны. Так, згодна з рашэнням Слуцкага райвыканкама ад 12 чэрвеня 2015 года №2039 "Аб вызначэнні месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў у Слуцкім раёне" масавыя мерапрыемствы ў Слуцку можна праводзіць толькі ў двух месцах: гарадскім стадыёне, размешчаным па вул. Леніна і гарадскім парку культуры і адпачынку, размешчаным па вул. Віленскай.

Таму мітынг, прымеркаваны "Слуцкаму збройнаму чыну" праводзіўся ў парку. Што тычыцца шэсця, то ў рашэннi Слуцкага райвыканкама адзначаецца, што яно не распаўсюджваецца на гэты від масавага мерапрыемства, таму яно ў кожным выпадку агаворваецца асобна. Мабыць, па гэтай прычыне шэсце ў Слуцку 24 лістапада прайшло не на галоўнай вуліцы горада.

Сам збор удзельнікаў прайшоў на аўтамабільнай стаянцы стадыёна. Цікава, што на гэтым стадыёне 24 лістапада таксама планаваўся традыцыйны футбольны матч, аднак яго перанеслі са Слуцка ў Бабруйск, звязваючы гэта з «магчымымі неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я». Аднак слуцкая актывістка Аліна Нагорная дзеліцца з "Радыё Свабода", што "сапраўдная прычына ў іншым - раённыя ўлады вырашылі "развесці" футбол і палітыку. Каб людзі пад нацыянальнай сімволікай не перашкаджалі спартыўнай падзеі".

Дарэчы, рашэнне выканкама аб дазволе правядзення масавага мерапрыемства можа залежыць ад аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку (арт. 6 Закона "Аб масавых мерапрыемствах").

Сам парадак аплаты такіх паслуг вызначаецца рашэннямі мясцовых органаў улады. Аднак зноў жа, у кіруючых прынцыпах адзначаецца, што дзяржава не павінна спаганяць ніякай дадатковай платы за забеспячэнне дастатковага і належнага парадку (п. 32). Там жа адзначаецца, што прад'яўленне патрабаванняў да арганізатараў сходаў аб аплаце такіх выдаткаў можа апынуцца сур'ёзным стрымліваючым фактарам для тых, хто жадае скарыстацца сваім правам на свабоду сходаў, а для многіх арганізатараў можа стаць сур'ёзнай перашкодай для правядзення сходу. Само па сабе накладанне цяжкіх фінансавых патрабаванняў на арганізатараў можна кваліфікаваць, хутчэй за ўсё, як непрапарцыйнае папярэдняе абмежаванне.

Характэрна, што слуцкая практыка ў гэтым плане адпавядае міжнародным стандартам. Мясцовыя ўлады не патрабуюць аплаты такіх паслуг па правядзенні шэсця і мітынгу, прымеркаванага гадавіне "Слуцкага збройнага чына" на працягу гадоў пяці, паведамляюць яго арганізатары. Як адзначае адзін з арганізатараў Віталь Амяльковіч, у дамове яны прапісваюць, што "усю адказнасць за грамадзянскі парадак бяруць на сябе арганізатары". Гэтага для іх дастаткова.

Хаця, як адзначае праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч, функцыя аховы грамадскага парадку адносіцца да кампетэнцыі дзяржаўных (праваахоўных) органаў і не можа быць дэлегавана арганізатарам сходаў. Ахова парадку і бяспекі ўдзельнікаў сходу ўтварае так званыя пазітыўныя абавязацельствы дзяржавы па забеспячэнню мірных сходаў. Арганізатары сходаў могуць толькі належным чынам узаемадзейнічаць з прадстаўнікамі праваахоўных органаў у мэтах аховы парадку падчас яго правядзення.

Але не ўсё так адназначна ў некаторых іншых рэгіёнах. Часам неаплата, або незаключэнне дамоваў на аказанне такіх паслуг з'яўляецца наогул падставай для забароны правядзення масавага мерапрыемства. Як, напрыклад, нядаўна ў Віцебску мясцовыя ўлады забаранілі мясцовым праваабаронцам праводзіць пікет супраць смяротнага пакарання на аснове таго, што да заяўкі не былі далучаныя заключаныя дамовы з медыкамі і камунальнікамі.

Што тычыцца супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія працуюць на масавых мерапрыемствах, то існуе таксама мноства нюансаў.

У кіруючых прынцыпах АБСЕ пазначана, што на мірных сходах яны павінны быць пазначаныя асабістымі апазнавальнымі знакамі (п.153). Аднак беларуская практыка ў гэтым пытанні ідзе насуперак міжнародным стандартам. У Слуцку 24 лістапада на мітынгу і шэсці прысутнічала шмат супрацоўнікаў праваахоўных органаў, аднак ніводнага у форме.

Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", патруляваць мітынг, прымеркаванага гадавіне "Слуцкага збройнага чына" было адпраўлена каля 20 супрацоўнікаў слуцкіх праваахоўных органаў, з іх два - з відэакамерамі. Хоць яны не былі пазначаныя ніякімі апазнавальнымі знакамі, усё роўна яны лічыліся, што знаходзяцца "пры выкананні службовых абавязкаў".

Дарэчы, з 26 студзеня па беларускім заканадаўстве павінны быць лёгкаадметнымі на масавых мерапрыемствах і журналісты.

Яны абавязаныя будуць мець пры сабе дакумент, які сведчыць асобу, ясна бачны адметны знак прадстаўніка сродкі масавай інфармацыі, а таксама службовае пасведчанне журналіста СМІ, зарэгістраванага на тэрыторыі Беларусі, альбо дакумент, які пацвярджае акрэдытацыю журналіста замежнага СМІ ў Беларусі. Аднак, што маецца на ўвазе пад "ясна бачным адметным знакам" у законе не тлумачыцца. Думаецца, што да такіх адносяцца камізэлькі, нарукаўныя павязкі, бэйджы.

Супрацоўнік слуцкіх праваахоўных органаў у цывільным адзенні без адметных знакаў ажыццяўляе аператыўную відэаздымку

Што тычыцца відэаздымкі, то кіруючыя прынцыпы па свабодзе мірных сходаў агаворваюць, што супрацоўнікам праваахоўных органаў дазваляецца правядзенне фота- і відэаздымкі ўдзельнікаў у ходзе публічнага сходу (п. 169).

Пры гэтым агаворваецца, што "правядзенне фота- або відэаздымкі сходаў з мэтай збору інфармацыі можа стаць перашкодай на шляху рэалізацыі асобнымі асобамі іх права на свабоду сходаў, а таму на пастаяннай аснове такую здымку праводзіць нельга". І наогул праваахоўныя органы павінны распрацаваць і апублікаваць правілы выкарыстання імі адкрытай фота- або відэаздымкі падчас публічных сходаў. Аднак, як мы ўжо зразумелі, беларуская практыка ідзе сваім шляхам, дзе правядзенне пастаяннай відэаздымкі не з'яўляецца парушэннем закона.

Акрамя таго, такія аператыўныя здымкі ў суме з паказаннямі супрацоўнікаў міліцыі часцяком з'яўляюцца адзінымі доказамі па справах аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Як гэта было ў нядаўнім кейсе гродзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава. Свіслацкі суд аштрафаваў яго па арт. 23.34 КаАП на 15 базавых велічыняў на падставе чатырох паказанняў міліцыянтаў і трох аператыўных відэаздымак.

Дарэчы, у Беларусі актыўна абмяркоўваюць пытанне аб забароне здымак людзей на вуліцы без іх згоды. Дарэчы, унясенне змяненняў у заканадаўства па гэтым пытанні з'яўляецца ініцыятывай Міністэрства ўнутраных справаў. Прадстаўнікі структуры звярнуліся ў Канстытуцыйны суд, бо яны не згодныя з тым, каб іх супрацоўнікаў пры выкананні службовых абавязкаў здымалі.

Супрацоўнік слуцкіх праваахоўных органаў у цывільным адзенні без адметных знакаў ажыццяўляе аператыўную відэаздымку

І напрыканцы скажам пра закрыццё твараў удзельнікаў на масавым мерапрыемстве.

У артыкуле 11 Закона "Аб масавых мерапрыемствах" забараняецца падчас правядзення масавых мерапрыемстваў арганізатарам і ўдзельнікам хаваць свае твары, у тым ліку з выкарыстаннем масак, іншых прадметаў і (або) сродкаў для цяжкасці ўстанаўлення іх асобы. Варта сказаць, што такі падыход адпавядае міжнародным стандартам. У кіруючых прынцыпах АБСЕ таксама гаворыцца пра гэта. Аднак у адрозненне ад беларускага закона яны прадугледжваюць магчымасць выкарыстання масак у мэтах узмацнення выразы паслання мірнага сходу. Падчас правядзення мітынгу і шэсця ў Слуцку па назіраннях праваабаронцаў "Вясны" нікому з удзельнікаў мірнага сходу з боку праваахоўных органаў не было зроблена заўваг.

Аднак, як паведамляе kurjer.info, ужо пасля масавых мерапрыемстваў на святочным канцэрце падчас выступу музычнага гурта Zanzibar арганізатарам патэлефанаваў адзін з супрацоўнікаў Слуцкага РАУС і паведаміў, што ў масках выступаць забаронена. І каб было зразумела, закрытыя твары ў гэтага гурта з'яўляюцца часткай іх сцэнічнага вобразу. Але патрабаванні Закона "Аб масавым мерапрыемстве" не распаўсюджваюцца на дадзены выпадак, таму пазіцыя супрацоўніка праваахоўных органаў з'яўляецца незаконнай.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]