Беларусы змагаюцца за права шанаваць памяць герояў Слуцкага паўстання.
На пятнаццаць базавых велічынь аштрафаваны суддзёй Свіслацкага раённага суда Жанай Салагубік публіцыст і грамадскі актывіст Уладзімір Хільмановіч, перадае racyja.com.
Пакаранне штрафам за «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» выглядае здзекам і ёсць пераследам за праяву нацыянальнай памяці, лічыць Уладзімір Хільмановіч:
– На разглядзе сваёй адміністрацыйнай справы я не прысутнічаў. Па-першае, у мяне не было магчымасці сёння паехаць у Свіслач, а па-другое, не было асаблівага сэнсу. Бо ўсе гэтыя справы загадзя вызначаныя пастановай. Яны маюць выразна абсурдны характар з юрыдычнага гледзішча і выразна палітычны карны характар. І тое, што перада мною ўжо пяць чалавек старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандар Шылін аштрафаваў на буйныя сумы, не давала нейкай надзеі, што ёсць шанец абараніцца.
Яшчэ два гарадзенцы: Сяргей Верамеенка і Мікола Салянік прыцягнуты да падобнай адміністрацыйнай справы ў Свіслачы. Раней старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін аштрафаваў на буйныя сумы 5 грамадскіх актывістаў: свіслацкіх Юрыя Глебіка (25 базавых велічынь) і Віктара Пяцельчыца (10 базавых), і гарадзенцаў Віктара Сазонава, Ігара Банцара на 15 базавых кожнага, Ежы Грыгенчу на 20 базавых.