Тутбай зарабляе грошы ў Беларусі, дапасоўваючыся да мясцовых рэаліяў.
«Зісер і Золатава заслугоўваюць званьня Героя Беларусі», — заявіў рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч у «Клюбе рэдактараў». «Мы павінны ганарыцца тым, што інфармацыйны парадак дня вызначае ня Яндэкс, а свае беларускія СМІ», — сказаў Марціновіч.
Спачуваю працаўнікам Тут.баю ў сувязі з крымінальнай справай за «крадзеж» інфармацыі. Дзеяньні ўлады, а менавіта паліцэйскі «наезд», былі непрапарцыянальныя, не адэкватныя сытуацыі. Але цяпер, калі справа выявілася не такой страшнай, можна выказаць і крытыку.
Дазволю сабе не пагадзіцца са сп. Марціновічам і вылучыць альтэрнатыўную, але падобную катэгарычнасьцю і спрэчнасьцю заяву: «Лукашэнка і Тут.бай — аднаго поля ягады!»
Тутбай зарабляе грошы ў Беларусі, дапасоўваючыся да мясцовых рэаліяў — нармальны рынкавы падыход. Але інфармацыйны рынак — ня проста пляцоўка і спосаб заробку. Гэта магутная адукацыйная, выхаваўчая і ідэалягічная плятформа, можна сказаць, грамадзкая інстытуцыя.
Наколькі я разумею, у тым ліку з выказваньняў яго заснавальніка сп. Зісера, Тут.баю ў беларускай сытуацыі хочацца толькі адной важнай зьмены — дэмакратызацыі краіны. Тут зноў жа цьвярозы эканамічны разьлік — пры дэмакратыі Тутбаю латвей і бясьпечней будзе зарабляць грошы. Пры аўтарытарызьме даводзіцца прадаваць навіны асьцярожна, узважана, каб не раззлаваць уладу і тым самым нарвацца на рэпрэсіі (грашовыя страты). Такая палітыка ўсё роўна не гарантуе спакойнага бізнэсу, бо аўтарытарызм апрыёры прэтэндуе на манаполію ці прынамсі дамінацыю ў СМІ.
Ідэалёгія Тут.баю мне не падабаецца як беларусу і як гісторыку. Менавіта ягонае дапасаваньне да рэаліяў і тым самым іх падтрымка і ўзмацненьне. Як беларусу, бо яна аб’ектыўна працуе супраць Беларусі, у якой я нарадзіўся, у якой мае продкі жывуць спрадвеку і на якую я працую. Не падабаецца як гісторыку, які разумее, што дзейнасьць Тут.баю цягне нас пад Расею мацней за Лукашэнку, бо цягне ў нябыт культуру майго народу. І ведаю, што ніводная суседняя краіна, у тым ліку больш пасьпяховыя за Беларусь сябры Эўразьвязу, гэтым шляхам не пайшлі. Там усюды дэмакратыя зьвязаная, пераплеценая з нацыянальным будаўніцтвам, якое вядзецца праз нацыянальную мову.
Спэцыяльна зайшоў на сайт Тут.баю, знайшоў унізе кнопку «па-беларуску», націснуў і... нічога, усё тое самае, па-беларуску толькі назвы некаторых рубрык. Чым жа Тут.бай розьніцца ад выданьня «Комсомольская правда — Беларусь»? Хіба толькі геаграфічна, месцам «зачатия», ды на сайце «Камсамолкі» беларускае мовы трохі больш.
Рэжым Лукашэнкі вядзе нас у Расею ня толькі праз эканоміку, але праз русіфікацыю, найперш сыстэмы адукацыі, якая прадукуе расейскамоўнае насельніцтва. А Тут.баі яго абслугоўваюць інфармацыйна і тым самым умацоўваюць мэнтальна, ды забіраюць ад нас мільёны расейскамоўных беларусаў, якія спачуваць беларушчыне і лічаць беларускую мову роднай. І ў тым, што такіх людзей з году на год становіцца менш, несумненна ёсьць «заслуга» Тут.баю.
Са мной заўсёды і ўсюды, дзе б ні быў, што б ні рабіў, у сьвядомасьці і падсьвядомасьці незьлічоныя шэрагі продкаў і землякоў — творцаў беларускай традыцыі. І тых, хто ствараў Літоўскі статут, і аднавяскоўцаў-сялян — рахманых і працавітых, якія праз стагодзьдзі пранесьлі традыцыю таго Статуту. І я не хачу, каб мая краіна Беларусь стала як краіна Прусія, у якой не засталося народу, а толькі ягоная назва.
Алесь Краўцэвіч, «Радыё Свабода»