Сяргей Ляховіч - пакуль што адзіны беларускі баксэр, які стаў чэмпіёнам сьвету ў супэрцяжкай вазе сярод прафэсіяналаў.
Сяргей Ляховіч — першы і пакуль што адзіны беларускі баксэр, які стаў чэмпіёнам сьвету ў супэрцяжкай вазе сярод прафэсіяналаў. У 2006 годзе ён перамог тагачаснага чэмпіёна па вэрсіі WBO Лэймана Брустэра.
Цяпер Ляховічу 42 гады, але ён кажа, што не зьбіраецца завяршаць прафэсійную кар’еру, і рыхтуецца да новых баёў. У папярэднім баі ў лістападзе 2017 году ён перамог мэксыканца Рамона Аліваса.
Зорным момантам на прафэсійным рынгу для Ляховіча стала чэмпіёнская перамога ў 2006 годзе над амэрыканцам Лэйманам Брустэрам. На відэа таго бою чуваць, як паміж раўндамі трэнэр Кені Ўэлдан кажа Сяргею баксаваць на далёкай дыстанцыі: «Калі ты думаеш, што можаш мерыцца сілай з гэтым хлопцам і так выграць гэты бой, ты памыляесься».
Але цягам бою Ляховіч ня раз ішоў на абмен ударамі і ўпэўнена перамог, хоць у 7-м раўндзе яму давялося стаць на калена пасьля накдаўну. Вось што ён кажа («Радыё Свабода» https://www.svaboda.org/a/29641418.html) пра той дзень:
— Выдатна, калі ў цябе «добры кут» і табе там даюць добрыя парады. Але рашэньні прымаеш толькі ты. Калі мы біліся з Лэйманам, нас паставілі ў вельмі маленькі рынг — недзе 18 на 18 футаў (прыблізна 5.5 на 5.5 мэтраў — РС). Тут гэта называюць «бой у тэлефоннай будцы». Я не аспрэчваю тое, што казаў Кені — што трэба больш рухацца, «расстрэльваць» суперніка левай. Такое можна было б рабіць, калі б рынг быў крыху большы. Але мне здаецца, што ў тым баі і ў тых абставінах я прыняў добрае рашэньне.
— Асабліва гэта было важна пасьля таго, як я апусьціўся на калена. Баксэры кажуць, што ў цябе адкрываецца другое дыханьне, калі ты бачыш, што супернік моцна пацярпеў. Зьяўляецца такі жывёльны інстынкт — ты хочаш проста дагнаць і «зьесьці». Калі б я ў той момант адступіў і стаў, папросту кажучы, зьбягаць, дык ў яго б адкрылася другое дыханьне. Але калі я пачаў сустрэчныя атакі, усё памянялася і пайшло ў іншы бок.
— Вы сказалі пра дагнаць і «зьесьці». А адкуль пайшло імя «Белы Воўк» і як зьявілася татуіроўка ваўка?
— Мне ўвогуле падабаецца воўк як жывёліна. А імя «Белы Воўк» прыляпілася, калі я пераехаў у ЗША, а там некаторыя людзі перакладаюць «Беларусь», «Белая Русь». Неяк яно прыжылося. Татуіроўку я зрабіў у хуткім часе — здаецца, пераехаў у 1999-м, а зрабіў у 2000-м.
— Як бы вы параўналі свой бронзавы мэдаль на чэмпіянаце сьвету 1997 году з пазьнейшымі перамогамі на прафэсійным рынгу?
— Вядома ж гэты мэдаль быў для мяне важны. Гэта адно з дасягненьняў у маёй аматарскай кар’еры. Мы тады пра гэта размаўлялі з маім трэнэрам Анатолем Кірылавічам Колчыным, царства яму нябеснае. Наколькі я памятаю, у нас былі чэмпіёны Эўропы і пазьней мэдалісты Алімпійскіх гульняў, але гэта быў першы мэдаль на чэмпіянаце сьвету па боксе ў гісторыі Беларусі.
— А наколькі для вас важна ў прафэсійных баях, калі перад выхадам на рынг абвяшчаюць, што вы зь Беларусі?
— Прыемна, што гавораць ня толькі пра мяне, але і пра маю краіну. Людзі больш даведваюцца пра яе. Паколькі я сам беларус і вялікую частку жыцьця пражыў у Беларусі, дык гэта вельмі прыемна.
Мой бацька быў адным з ініцыятараў таго, каб я займаўся боксам. Мне было 12 гадоў, і ён завёў мяне ў баксэрскую залю. Некалі вельмі даўно, калі ён быў юнаком, ён сам займаўся ў гэтай залі на вуліцы Савецкай ў Віцебску. Ён сказаў «хадзем паглядзім», я пагадзіўся, і ўсё атрымалася.
У мяне былі два першыя трэнэры — Анатоль Кірылавіч Колчын і Эдуард Антонавіч Янушкоўскі. Я шмат чым моцна абавязаны Анатолю Кірылавічу. У мяне не атрымалася зьезьдзіць разьвітацца зь ім, і я пра гэта шкадую. Але гэта жыцьцё — тут нічога не паробіш. Мы часта стэлефаноўваліся, размаўлялі, жартавалі, сьмяяліся. Цяпер яго не хапае. З Эдуардам Антонавічам мы асабліва сувязі не падтрымліваем, хоць я сустракаўся зь ім, калі апошні раз прыяжджаў у Віцебск.
— Некаторыя людзі кажуць, што бокс, асабліва прафэсійны, варта забараніць, як занадта гвалтоўны і небясьпечны спорт. Што б вы на гэта адказалі?
— Гэтыя людзі проста ня ведаюць і не разумеюць у гэтай справе. Прывяду асабісты прыклад — калі я пазнаёміўся з жонкай, яна была вельмі далёкая ад боксу, і не хацела ня тое, што глядзець, але нават размаўляць на гэтую тэму. Але калі потым чалавеку тлумачыш і паказваеш, і калі ён пачынае разумець, што гэта такое... Гэта ж ня проста два чалавекі выходзяць на рынг і пачынаюць біць адзін аднаго. Сама тэхніка, тактыка, як пабудаваць бой. Паводле адной вэрсіі, Пітагор, які прыдумаў табліцу множаньня ў Старажытнай Грэцыі, займаўся боксам. Так што людзі такое кажуць, бо ня ведаюць, што гэта за спорт.
— Але ж вам нос ламалі так, што даводзілася біцца з поўным ротам крыві, і вы супернікаў часта валілі ў накаўт, і вас таксама валілі. Як вашая жонка гэта пераносіць? Бо яна ж бывае на вашых баях.
— Скажам так, прызвычаілася. Гэта адна з рэчаў, якія проста здараюцца. Бо гэта тое, чым я займаюся, і з гэтым даводзіцца зьмірыцца. Трэніруесься ня толькі ты, але і твой супернік, зь якім ты выходзіш на рынг, трэніруецца і хоча забраць тое, што ты маеш. Гэтаксама, як ты хочаш забраць тое, што мае ён.
Жонка цяпер, калі у нас ужо двое дзяцей, радзей ходзіць на мае баі. У яе шмат хатніх клопатаў, таму не заўсёды атрымоўваецца.
— Ці хацелі б вы зь сям’ёй у будучыні вярнуцца ў Беларусь?
— Я люблю сваю краіну, у мяне ў Віцебску жывуць бацькі, стрыечны брат і ўвогуле ў Беларусі засталося шмат сваякоў, але вяртацца жыць у Беларусь я б не хацеў. Мае дзеці нарадзіліся ў Амэрыцы — сыну цяпер 8, дачцэ 6, ужо ходзяць тут ў школу.
— Нядаўна з Беларусі зьявілася новая рэдакцыя дэкрэту аб дармаедах. Беларусы, якія жывуць у замежжы, павінны даць пераклад працоўнага кантракту, каб ня трапіць у «базу дармаедаў». Вы будзеце нечым такім займацца?
— Я ўвогуле не разумею пра што гаворка. Нешта я чуў пра гэты ўказ, але ў мяне такіх пытаньняў не ўзьнікала. Так, я маю беларускі пашпарт, але я ўжо надта далёка, і надта шмат часу ўжо прайшло — амаль 20 гадоў жыву ў ЗША.
Сам гэты ўказ я не чытаў і пра яго толкам ня ведаю. Таму гэта няўдзячная справа — разважаць пра тое, чаго ты ня ведаеш.
Сяргей Ляховіч нарадзіўся 29 траўня 1976 году. У аматарскім боксе правёў 160 баёў: 145 перамог — 15 паразаў. Здабыў бронзавы мэдаль на чэмпіянаце сьвету па боксе 1997, у Будапэшце. На чэмпіянаце Эўропы 1998 году перамог будучага алімпійскага чэмпіёна, брытанца, Одлі Гарысана. На прафэсійным рынгу Сяргей Ляховіч правёў 34 баі: атрымаў 27 перамог, зь іх 17 накаўтамі, і 7 паразаў. У 2006 годзе стаў чэмпіёнам сьвету па вэрсіі WBO, перамогшы Лэймана Брустэра. Аднак ня здолеў ўтрымаць чэмпіёнскі пояс, прайграўшы ў наступным баі Шэнану Брыгсу. Жыве і трэніруецца ў ЗША ў штаце Арызона.