Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вацлаў Іваноўскі: Што мы ведаем пра міністра асветы ва ўрадзе БНР

07.12.2018 общество
Вацлаў Іваноўскі: Што мы ведаем пра міністра асветы ва ўрадзе БНР

Ён быў выдатным дзеячам нацыянальнага руху, змагаром за беларускасць.

Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся 7 чэрвеня 1880 году ў фальварку Лябёдка ля мясцовасці Галавічполе, што на Шчучыншчыне, піша harodniaspring.org. Ягоны бацька Леанард быў выбітным навукоўцам, сябрам расейскага хіміка Дзмітрыя Мендзялеева, а браты сталі дзеячамі іншых народаў: Юры Іваноўскі – польскага, а Тадэвуш Іваноўскі – літоўскага.

У 1904-ым Вацлаў скончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, займаўся ў горадзе на Няве да 1913-га навуковай і выкладчыцкай працай. Стаў адным з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай партыі, пасля яе расколу ўзначаліў Круг беларускай народнай прасветы і культуры.

Займаўся выдавецтвам, зрабіў апрацоўку першага беларускага буквара. Разам з сябрамі друкаваў у Лябёдцы першую беларускую газету “Свабода”, наклад якой быў знішчаны ні то бацькам, ні то самымі выдаўцамі з-за пагрозы арышту паліцыяй. У пачатку 1906-га ўзначаліў створанае у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва – суполку “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Супрацаваў з газетамі “Наша доля” і “Наша ніва”, пісаў пад псеўданімам Вацюк Тройца.

У 1913-15 гадах Іваноўскі жыў у Вільні, шмат працаваў у розных беларускіх арганізацыях і суполках. У канцы 1915-га адышоў ад палітычнай дзейнасці, нейкі час жыў у Расеі. У Беларускі нацыянальны камітэт пад старшынствам Рамана Скірмунта абраны завочна. Пасля кастрычніцкага перавароту 1917-га зноў вярнуўся ў палітыку, браў удзел ва Ўсебеларускім з’ездзе ў Менску. Стаў міністрам асветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі.

У снежні 1918-га, пасля адступлення нямецкіх войскаў, разам з некаторымі іншымі сябрамі Рады БНР застаўся ў Мінску. У траўні 1919-га арыштаваны бальшавікамі, інтэрнаваны ў Смаленск. Пасля вызвалення адмовіўся выязджаць у Польшчу, вярнуўся ў Мінск, дзе працягваў працаваць на карысць беларускай справы. Займаўся развіццём беларускіх школ на Міншчыне, арганізаваў выпуск літаратурнага штотыднёвіка “Рунь”.

У 1922-39 займаў пасаду прафесара Варшаўскага політэхнічнага інстытуту. Увосень 1939-га пасля наступу гітлераўцаў зноў апынуўся ў Вільні, выкладаў ва ўніверсітэце. У першыя дні нямецкай акупацыі Беларусі Іваноўскі кіраваў адноўленым Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні. У 1942-ім быў прызначаны нямецкімі ўладамі на пасаду бургамістра Мінску. З чэрвеня 1943-га ўзначальваў Беларускую народную самапомач. Ратаваў людзей ад саветаў і гітлераўцаў адначасна.

6 снежня 1943 году Іваноўскі быў цяжка паранены невядомымі на вуліцы, быў прывезены ў шпіталь, але там пакінуты без лекарскай дапамогі і назаўтра памёр. Забітага бургамістра Менску святары “старых традыцый” нават адпяваць не хацелі, бо ён быў “няправільнай” – кальвінісцкай канфесіі. Пахаваны на сталічных Кальварыйскіх могілках.

16 снежня 2006 году ў Менску на Кальварыйскіх могілках адбылося ўрачыстае адкрыццё надмагільнага помніка Вацлаву Іваноўскаму. У Лябёдцы ў гістарычным доме мясцовая адміністрацыя трымае ўстанову ледзь не закрытага рэжыму. Невялікі музейчык роду Іваноўскіх створаны ў школе Галавічполя.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]