Дзейнасць праваабаронцаў ніколі не заставалася па-за ўвагай дзяржавы.
10 снежня ў Міністэрстве юстыцыі ў Парыжы беларускаму праваабаронцу Леаніду Судаленка была ўручана прэмія Французскай рэспублікі «Свабода – Роўнасць – Братэрства» за 2018 год.
“Такая адзнака маёй праваабарончай дзейнасці цешыць і натхняе, – распавёў Леанід Судаленка сайту palitviazni.info. – Гэта такі своеасаблівы аванс усім беларускім праваабаронцам і пасланне, што мы не адны”.
Нагадаем, штогод 10 снежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека Нацыянальная кансультатыўная камісія па правах чалавека Францыі узнагароджвае 5 праваабарончых арганізацый з розных краін свету прэміяй Французскай рэспублікі «Свабода, роўнасць і братэрства» за іх уклад у справу абароны правоў чалавека. Менавіта гэты дзень Генеральнай Асамблеяй ААН была прынята Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.
Прэмія «Свабода-Роўнасць-Братэрства» штогод прысуджаецца Французскай Рэспублікай за ўклад у абарону правоў чалавека. Прэмія, заснаваная ў 1988 годзе, прысуджаецца асобным асобам або арганізацыям, па-за залежнасці ад іх нацыянальнай прыналежнасці або дзяржаўных межаў, за канкрэтны ўклад у абарону правоў чалавека ў Францыі і за мяжой.
– Безумоўна, прыемна, што патрапілі ў пяцёрку праваабарончых арганізацый свету, – кажа Леанід Судаленка. – Гэта значыць, што працавалі не дарэмна. І гэтая ацэнка маёй працы – стымул рабіць і далей тое, што раблю зараз. Некаторыя людзі выгараюць на працы, губляюць матывуючы сэнс. Асабліва ў беларускіх умовах, калі твае аргументы ўлады пераважным чынам не чуюць і не прымаюць.
Хаця мы ж не ворагі для нашай краіны. Мы проста хочам справядлівасці і рэфармавання пэўных нормаў. У тым ліку, і судовай сістэмы, заканадаўства, практыкі прымянення ў галіне правоў чалавека. У любой дэмакратычнай дзяржаве ўрад лічыцца з праваабаронцамі, а ў нас так сталася, што мы для ўрада – нейкія ворагі, бо падымаем тыя праблемы, пра якія дзяржава казаць не хоча.
Тэтая адзнака маёй праваабарончай дзейнасці цешыць і натхняе. Гэта такі своеасаблівы аванс усім беларускім праваабаронцам і пасланне, што мы не адны.
— Колькі вы ўжо займаецеся праваабарончай дзейнасцю?
— Дзесьці да 2000 году я працаваў юрыдычным кансультантам на розных прадпрыемствах. Але неяк лёс звёў мяне з Барысам Звоскім, чыім імем зараз называецца Беларускі дом правоў чалавека ў Вільнюсе. Гэтая сустрэча паўплывала на ўсю маю далейшую дзейнасць, я лічу яго не толькі сваім сябрам, але і настаўнікам.
У Гомелі я ўзначаліў аддзяленне РГА “Прававая ініцыятыва”, прайшоў пэўныя міжнародныя праваабарончыя стажыроўкі. Гэтыя інструменты і далі мне магчымасць абараняць правы людзей, як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні.
– Ці можаце падлічыць, колькім вы за сваю практыку дапамаглі?
– З тых часоў, калі беларусы атрымалі права скардзіцца ў Камітэт па правах чалавека ААН, у гэтай міжнароднай арганізацыі зарэгістравана каля 300 скаргаў грамадзян Беларусі. І трэць з іх падрыхтаваў я.
Калі ж казаць пра абарону правоў грамадзян унутры краіны, то аказваў дапамогу вельмі многім. Ганаруся, што дапамагаў сям’і Пачэні з Маладзечна, чыя дачка-школьніца загінула падчас уборкі бульбы. Бацькі атрымалі не толькі маральную кампенсацыю, але мы паставілі пытанне і пра тое, што дзяржава пры выкарыстанні дзіцячай працы парушыла права гэтай школьніцы на жыццё.
Таксама ў гэтым годзе абараняў жыхарку Лоева, у якой чыноўнікі без судовага рашэння забралі трохмесячнае дзіця. І мы дамагліся таго, што дзіця вярнулі ў сям’ю.
Калі ліцэй патрабаваў грошы за навучанне ў сіраты з Рэчыцы, таксама выйгралі судовы працэс.
Было і ёсць багата спраў, калі дзяржава парушае правы працоўных.
– Калі падчас праваабарончай дзейнасці вам даводзілася найбольш складана?
– Дзейнасць праваабаронцаў ніколі не заставалася па-за ўвагай дзяржавы. Напрыклад, калі я займаўся справай жыхара Гомеля Аляксандра Грунова, які быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання, і затым быў расстраляны, мне неаднаразова паступалі пагрозы.
Невядомыя запалохвалі мяне, тэлефанавалі і пыталі: “Леанід, ці будзеш ты звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН, калі твайго сына-школьніка знойдуць каля пад’езда з 120 нажавымі раненнямі?” А менавіта столькі раненняў нанёс Груноў сваёй ахвяры. Я звяртаўся з гэтай нагоды ў міліцыю, але, натуральна, ніхто нікога не знайшоў.
У 2015 годзе мне пагражала пазбаўленне волі быццам бы за распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў. Была ўзбуджана ў дачыненні да мяне крымінальная справа, праходзілі вобшукі на працы і ў кватэры, забіралі камп’ютары. Праўда, затым, мабыць, апомніліся і справу спынілі.
Зрэшты, такія правакацыі найбольш ярка сведчаць пра тое, што мая дзейнасць эфектыўная і, як ужо казаў, не застаецца па-за ўвагай дзяржавы.
— Акрамя таго вас, наколькі вядома, называюць “абаронцам дармаедаў”…
– Я і насамрэч актыўна працаваў у гэтым накірунку. Эфектыўна правёў у Гомелі першы і апошні “дармаедскі” судовы працэс, калі Аляксандра Сямёнава дзяржава працаўладкавала і зняла з яго ўсе прэтэнзіі. Гэта, дарэчы, быў адзін з цвікоў у труну старога Дэкрэта аб “дармаедах”.
Але, мяркую, і ў наступным годзе працы будзе не менш. Улады не адступаюцца ад “дармаедаў”, з 1 студзеня ён уступае ў сілу абноўлены дэкрэт, таму будзем працаваць і надалей.