ЗАЗЗЯЛА НАМ СВЯТАЯ НОЧ
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
на Божае Нараджэнне 2010
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы,
вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!
1. Ад усяго сэрца вітаю ўсіх вас і віншую з радасным і збаўчым святам Божага Нараджэння. На працягу ўжо больш за 2000 год хрысціяне з радасцю і надзеяй скіроўваюць свой позірк да падзеі, якая стала пераломнай у гісторыі чалавецтва.
Адзначаючы свята Нараджэння Пана, мы разважаем над словамі Евангелля, што сёння нарадзіўся нам Збаўца (пар. Лк 2, 11). Яны нам добра вядомы, і мы іх паўтараем кожны год ва ўрачыстасць Божага Нараджэння. Аднак ці задумваемся мы над іх сэнсам?
Бог, не перастаючы быць Богам, стаў чалавекам, стаў адным з нас, стаў ва ўсім, акрамя граху, падобным да нас (пар. Філ 2, 7). Як Бог - Ён вечны, бясконцы, паўсюдна прысутны і ўсемагутны. Як чалавек - абмежаваны часам, прасторай і моцай. Як Бог - Ён з'яўляецца Валадаром смерці. Як чалавек - ёй падуладны. Аднак у святую ноч уцелаўлення Бога час адкрыўся на вечнасць, і святасць Хрыста асвяціла яго.
2. Сёння мы не толькі ўспамінаем гістарычную падзею Нараджэння Збаўцы. Сэнс гэтага свята пераходзіць у мінулае. Таму сёння мы праслаўляем Хрыста, які, нарадзіўшыся ў Бэтлееме больш за дваццаць стагоддзяў таму, сваёю ласкай нараджаецца ў сучасным свеце.
Узрушаныя веліччу і таямніцай бэтлеемскай ночы, мы становімся перад яслямі, каб разам з Марыяй і Юзафам схіляцца над Збаўцам свету. Яны разважаюць над сэнсам знакаў, якія спадарожнічаюць таямніцы Уцелаўлення. Мы разам з імі разважаем над вобразам загорнутага ў пялёнкі Немаўляці, якое ляжыць у яслях, у якім сам Бог набліжаецца да нас, каб адарыць сваім шчасцем і спакоем.
3. Штодзённае жыццё пацвярджае, што нашыя сэрцы ўстрывожаны, яны шукаюць спакою і не ведаюць, дзе яго знайсці. Псальміст усклікае: Шукаю аблічча Твайго, о Пане (пар. Пс 27 (26), 8). І вось, дзякуючы таямніцы Уцелаўлення, Бог прымае чалавечы вобраз і прамаўляе да нас чалавечай мовай.
Таму святая ноч Божага Нараджэння завяршыла гістарычны перыяд чакання прыйсця на зямлю Бога з чалавечым абліччам і сэрцам, завяршыла духоўную цемру, у якой жыў чалавек падчас Старога Запавету. Яна напоўніла сваім ззяннем не толькі бэтлеемскія яслі, але і ўсё стварэнне, бо, дзякуючы прыйсцю ў свет Божага Сына, чалавек прасвятліўся святлом праўды (пар. Ян 1, 9), - як вучыць св. апостал Ян.
4. Аднак той жа апостал Ян нагадвае, што Бог прыйшоў да сваіх і свае Яго не прынялі (пар. Ян 1, 11). Гэта азначае, што, нягледзячы на духоўнае святло, якое выпраменьвае Езус Хрыстус, чалавек выбірае грахоўную цемру і любіць яе больш за святло ласкі.
Гістарычны досвед паказвае, што калі чалавек сваё жыццё не будуе на падмурку праўды, то на самой справе яно не рэалізуецца. Знешне яно можа выглядаць нармальным, нават, можа, вельмі добрым. Аднак раней ці пазней памылка праявіць сябе ў трагедыі лёсу чалавека і нават цэлых грамадстваў.
Адрачэнне ад Бога і непаслухмянасць Яго запаведзям вядзе да Божай кары. Так было з нашымі першымі бацькамі Адамам і Евай. Так было, калі выбраны народ не слухаў Бога, выракаўся Яго і замест праслаўлення свайго Стварыцеля праслаўляў залатога цяльца. Непрыняцце Божага закону праяўляецца ў неадпаведным стылі жыцця чалавека, які пагражае яго годнасці, што мы вельмі часта бачым у сучасным свеце.
5. Да цемры сучаснага свету найперш належыць небывалае дагэтуль усемагуцце матэрыяльных каштоўнасцяў і нават іх абагаўленне. Грошы заўсёды адыгрывалі вялікую ролю ў жыцці людзей. Аднак у апошні час бурнага развіцця працэсаў глабалізацыі яны перавысілі амаль што ўсе міжчалавечыя адносіны. А тым часам "корань усялякага зла - гэта любоў да грошай" (пар. 1 Цім 6, 10), - як вучыць св. апостал Павел.
Нездаровае імкненне любым коштам да матэрыяльных каштоўнасцяў дапаўняецца залежнасцю спажывальніцтва, так што чалавек у сваім жыцці кіруецца правілам: зарабляць і траціць. Усё часцей можна ўбачыць рэкламны лозунг: "I love shopping" - "Я люблю рабіць пакупкі".
Цёмнай ноччу сучаснага свету ў ззянні святла рэкламы і неонаў з'яўляецца крызіс сям'і: законы, якія, з аднаго боку, дазваляюць забіваць як народжанае, так і ненароджанае жыццё, а з іншага - дазваляюць штучнае апладненне; імкненне да абсалютнай свабоды без адказнасці; імкненне лібералізацыі Божага закону, які па сваёй сутнасці нязменны; выкарыстанне дасягненняў генетыкі ў амаральных мэтах як, напрыклад, імкненне да кланавання чалавечага арганізму ці выкарыстоўванне эмбрыёнаў у касметычнай прадукцыі; нязгоднае з Божай воляй сексуальнае жыццё і імкненне да так званага бяспечнага сексу, што ўжо прывяло да пандэміі СНІДу; алкагалізм, наркаманія, карупцыя, насілле і многае іншае.
Вялікім выклікам з'яўляецца таксама тэрарызм, які, імкнучыся да валодання зброяй масавага паражэння, пагражае свету.
Сёння дзякуючы мас-медыя можна даведацца практычна пра ўсё. Аднак ці ўсе гэтыя веды спрыяюць нашаму чалавечаму і духоўнаму развіццю? Ці ўзбагачаюць яны маральна чалавека і яго індывідуальнасць? У наш час відавочная тэндэнцыя СМІ нават да замены выхаваўчых функцый сям'і выхаваўчымі ўстановамі. Заклапочаныя шматлікімі жыццёвымі праблемамі бацькі не маюць часу нават паразмаўляць са сваімі дзецьмі. Тыя ж у такой сітуцыі чэрпаюць веды аб жыцці з вуліцы і мас-медыя, якія вельмі часта прадстаўляюць рэчаіснасць вельмі павярхоўна або дэфармуюць яе.
6. Імклівае развіццё сучаснага свету з яго выклікамі моцна ўплывае на стан грамадства. У ім, як грыбы пасля дажджу, растуць высокія будынкі, але адначасова паніжаецца маральнасць. Будуюцца ўсё шырэйшыя аўтастрады і адначасова звужаюцца гарызонты духоўнага жыцця. Купляецца ўсё больш і адначасова ўсяго мала. Усё большыя памяшканні і адначасова ўсё меншыя сем'і. Усё больш адукаваных людзей і адначасова ўсё менш добрай волі. Усё больш экспертаў і адначасова ўсё больш праблем. Усё больш лекаў і адначасова ўсё больш хваробаў. Больш працяглым становіцца фізічнае жыццё і адначасова абмяжоўваецца духоўнае. Вядзецца пошук жыцця ў космасе і адначасова праводзіцца генацыд пачатага і ненароджанага жыцця. Усё больш абагаўляецца тэлебачанне, Інтэрнэт, багацце, прыемнасці, а нават сам грэх і адначасова занядбоўваецца Бог.
А чым жа па сваёй сутнасці з'яўляюцца выказванні пра адноснасць маральных нормаў? Зусім нядаўна на гэта звярнуў увагу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Ён падкрэсліў, што хоць некаторым такая тэндэнцыя здаецца дапаўненнем свабоды, на самой жа справе пагражае яе знішчэнню, бо навязваецца як сапраўдная дыктатура (пар. http://www.zenit.org/article-24611?l=italian).
7. Такія цёмныя з маральнага пункту гледжання бакі сучаснага жыцця, якія абагаўляе свет і якім пакланяецца, падтрымліваючы гарызантальнае і аднабаковае бачанне чалавека, пагражаюць перш за ўсё годнасці чалавечай асобы. Чалавек, шукаючы сэнс свайго існавання, свабоды і любові, крыніцай якіх з'яўляецца Бог, звяртаецца не да Яго, але да свету. У ім пачынае панаваць свецкі, а не Божы дух. Вечныя Божыя праўды, адзіныя, якія могуць перамяніць нашае жыццё, сёння перастаюць быць ідэаламі. Яны, аднак, настойліва выцясняюцца з нашага жыцця прапагандай маральнай безадказнасці, эгаізму, імкнення да багацця і спажывальніцтва, страты пачуцця граху і г.д. Усё гэта нагадвае пра дэфіцыт маральных каштоўнасцяў у сучасным свеце. Аднак эканамічныя дасягненні без падтрымкі іх духоўнымі каштоўнасцямі з'яўляюцца нічым іншым, як калосам на гліняных нагах, аб чым вельмі добра нагадвае эканамічны крызіс, які паразіў увесь свет. Таму трэба заўсёды памятаць, што замена сапраўдных каштоўнасцяў фальшывымі вядзе да крызісу як у жыцці канкрэтнага чалавека, так і цэлых грамадстваў і свету.
Трэба таксама памятаць і пра тое, што абагаўленне граху чыніць чалавека няздольным прыняць Божую праўду і прынесці духоўны плён. Тады чалавек становіцца падобным да пустога коласу жыта. Ён можа быць прыгожым і вялікім, але не дасць зерня, з якога выпякаецца патрэбны для жыцця хлеб.
8. У такіх абставінах духоўнай цемры нам свеціць святло Хрыста, якое заззяла больш за 2000 гадоў таму ў Бэтлееме. Божае святло прыйшло на зямлю, несучы з сабой Божую праўду і невычарпальны зарад духоўнага аднаўлення, каб развеяць цемру чалавечага сэрца.
Простыя бэтлеемскія пастухі ўбачылі гэтае святло і, асветленыя верай, распазналі ў Немаўляці ўцелаўлёнага Бога. Такім чынам яны далі пачатак Яго праслаўленню, якое трывае праз пакаленні. Мы таксама павінны праслаўляць Збаўцу. Падчас вызнання веры на словы "ўцелавіўся ад Духа Святога і стаў чалавекам" сёння мы схіляем свае калені і ўшаноўваем уцелаўлёнага Бога, бо становімся сведкамі любові, якая адкрывае час святла, радасці і надзеі.
9. Абвяшчаю вам вялікую радасць: нарадзіўся сёння Збаўца (пар. Лк 2, 10-11). Падчас гэтай святой ночы гучыць у нашых касцёлах гэты голас анёла, які таксама з'яўляецца запрашэннем прыняць Збаўцу. Нам нельга заставацца пасіўнымі і толькі чакаць. Нам трэба прыняць Хрыста ў свае сэрцы, у нашыя дамы, вёскі, гарады і ў наш народ.
Урачыстасць Божага Нараджэння павінна ажывіць у нашых сэрцах агонь веры, каб мы маглі жыць у яго бляску і цяпле, маглі асвятляць ім і саграваць іншых. Як многа дабра мы можам учыніць з Хрыстом, нягледзячы на розныя супярэчнасці, з якімі сустракаемся штодзённа. Толькі Хрыстус надае сэнс усяму таму, што мы робім.
10. Сучасны, поўны рэкламы, свет прапануе нам свае парады, як дасягнуць улады ці жыццёвага поспеху і як забяспечыць сваю будучыню. Нават калі некаторыя з іх і годныя ўвагі, аднак усе яны адносяцца толькі да невялікага фрагменту нашага жыцця, і пры тым другаснага значэння. Для Бога ж не з'яўляюцца важнымі нашыя становішчы і дасягненні. Яму важна, якімі мы на самой справе з'яўляемся, ці любім мы Бога і бліжняга так, як навучае Езус Хрыстус, які не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць сваё жыццё дзеля збаўлення свету (пар. Мц 20, 28).
Хрысціянства адухаўляе жыццё, калі становіцца новым уцелаўленнем і ўвасабленнем Божага духа. Яно не адмаўляецца ад часовых каштоўнасцяў, аднак трактуе іх як выкарыстаны належным чынам "інструмент", які спрыяе ўзросту дабра ў свеце. Аптымізм нашай веры нараджаецца з пошуку духоўных каштоўнасцяў і ўнутранага, а не вонкавага шчасця. Толькі тады ўсё тое, што часовае, можа быць абагаўлёна. Пра гэта нам нагадвае таямніца Уцелаўлення.
11. Сутнасць святкавання Нараджэння Хрыста ў тым, што яно набліжае нам Збаўцу і Яго нязменную праўду. Бог ізноў таямнічым чынам нараджаецца ў глыбіні нашых душ, каб мы мелі жыццё (пар. Ян 10, 10). Гісторыя бэтлеемскай ночы ўваходзіць у нашае жыццё, дапамагае ўбачыць яго з іншага боку і такім чынам, што тое, што яшчэ зусім нядаўна здавалася важным, цяпер паўстае малазначным, якое хутка мінае, саступаючы месца велічы Божай праўды.
Таму, зачараваны цудам бэтлеемскай ночы, абудзіся, чалавек! Абудзіся з граху, і табе заззяе святло Хрыста!
Для нас і дзеля нашага збаўлення Бог стаў чалавекам. Мы навекі засталіся б памерлымі духоўна, калі б Ён не нарадзіўся ў адпаведны час. Мы не былі б вызвалены з граху, калі б Ён не прыняў цела, падобнае да нашага грахоўнага цела. Мы былі б асуджаны на неміласэрную вечнасць, калі б Бог не праявіў сваю бязмежную міласэрнасць. Мы не атрымалі б жыцця вечнага, калі б Ён дабравольна не пайшоў на смерць. Мы па-ранейшаму блукалі б, калі б Ён не прыйшоў у гэты свет, каб знайсці нас.
О святая і такая доўгачаканая ноч! Ты назаўсёды злучыла Бога з чалавекам! Запалі зноў у нас надзею, абудзі здзіўленне, запэўні перамогу любові над нянавісцю і жыцця над смерцю!
12. Дарагія браты і сёстры!
Яшчэ раз віншую вас з радасным і збаўчым святам Божага Нараджэння! Віншую католікаў і іншых хрысціян, якія адзначаюць сёння гэтае свята! Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія ўжо зусім хутка будуць праслаўляць уцелаўленне Сына Божага!
Праблемы і выклікі сучаснага свету такія небяспечныя і нясуць такую вялікую пагрозу, што ўсім нам разам трэба ўчыніць усё магчымае, каб ззянне бэтлеемскай ночы асвяціла сваёй ласкай усіх людзей і яны вачыма душы ўбачылі таго, хто ёсць дарога, праўда і жыццё (пар. Ян 14, 6), таго, у якім чалавек можа пазнаць сябе, таго, хто заўсёды застанецца верным, і таго, хто адорвае сапраўдным спакоем, шчасцем і радасцю.
Віншую ўсіх людзей добрай волі! Сын Божы стаўся чалавекам з любові да ўсіх людзей і ўсіх збавіў. Усім вам жадаю шчаслівых святаў Божага Нараджэння. Святаў добрых, спакойных і поўных духоўнай радасці. Няхай Езус, які нараджаецца падчас Эўхарыстыі, знойдзе ў нашых сэрцах годнае памяшканне, у якім будзе прыняты з верай і любоўю, з адноўленым захапленнем і спакоем. А свет бэтлеемскай зоркі няхай стане ўказальнікам на нашым шляху да сапраўднага шчасця.
З гэтымі пажаданнямі дзялюся з вамі аплаткай - знакам еднасці ў Хрысце і, давяраючы вас Марыі - Маці Збаўцы, - ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.